Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Шэсць месяцаў у Курапатах

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Споўнілася паўгады штодзённай варце ў Курапатах, ля брамы рэстаранна-забаўляльнага комплексу «Поедем, поедим”. Падаю найважнейшыя вынікі шасцімесяцовай варты.

 

1.Народны байкот «Бульбашхола»

Людзі не едуць у «Поедем, поедим». Хтосьці лічыць амаральным ехаць у кабак, збудаваны ў ахоўнай зоне мемарыялу, хтосьці баіцца варты альбо «засветкі» у базе звестак, хтосьці завітаў першы і апошні раз, атрымаўшы буклет і вусную інфармацыю.

Супраць кабака ў Курапатах дасягнутая практычна поўная нацыянальная згода: гэта ганьба.

Сотні вядомых людзей выказаліся пра «Бульбашхол». 

У дзень, калі я пісаў гэтыя радкі, у рэстарацыю заехала ўсяго чатыры машыны.

Днямі стала вядома, што Менская абласная калегія адвакатаў збіраецца праводзіць 23 снежня ў «Бульбашхоле» карпаратыў. Праз дзень карпаратыў быў адменены.

Народнага байкоту не было б, калі б не было варты.

 

2. Розгалас і асвета

Наступны вынік паўгадовай варты ў Курапатах — інфармацыйны. Розгалас і асвета. За шэсць месяцаў колькасць публікацыяў пра Курапаты вымяраецца ў тысячах, а ахоп — у сотнях тысячаў чытачоў, гледачоў і слухачоў.

Думаю, Госпад дапусціў гэтую сітуацыю з «Бульбашхолам» якраз да 30-годдзя адкрыцця Курапатаў дзеля таго, каб беларусы яшчэ раз згадалі страшную праўду пра масавыя забойствы камуністычных часоў.

Зараз, калі еду 53-цім тралейбусам на варту, людзі ціснуць рукі і кажуць: «А вось я кніжку пра Курапаты прачытаў». «А вось я схадзіў». «А знаеце, мы былі чорнымі капацелямі і ў 1980-я ў Курапатах дзіцячыя боцікі адкапалі...»

І зноў падымаецца хваля праўды пра бясконцыя беларускія Галгофы: Хайсы, Шчакатоўскі лес, Кабыляцкую гару, Трасцянец, Парк Чалюскінцаў, Лошыцу...

Дзякуй журналістам, навукоўцам, аўтарам расследванняў!

Без памяці, без пакаяння — няма адраджэння.

Такога розгаласу не было б, калі не было б Курапацкай варты.

 

3. Крыжы і добраўпарадкаванне

Новая хваля абароны Курапатаў прывяла да чарговага рыўка ў справе стварэння і добраўпарадкавання нацыянальнага мемарыялу Курапаты.

Дзясяткі вялікіх крыжоў па перыметры, усталяваныя з ініцыятывы Змітра Дашкевіча, і ўсярэдзіне, дарожка скрозь лес, шматлікія талокі, кветкі... Нават памятны знак з шыльдай пра палітычныя рэпрэсіі 1930-40 гг , нягледзячы на няўдалае размяшчэнне — усё-такі прызнанне факту масавых савецкіх расстрэлаў з боку ўлады.

Усяго гэтага не было б, калі б не было варты.

Але застаюцца пагрозы крыжам.

Пакуль стаіць варта — зносу крыжоў ня будзе. 

 

4. Яднанне

На працягу шасці месяцаў варты ў адным шыхце за памяць забітых сталі сябры практычна ўсіх дэмакратычных партыяў, рухаў і арганізацыяў — і тыя, хто да іх не належыць.

КХП БНФ і БХД, АГП і БНФ, сацыял-дэмакраты розных кірункаў, Рух салідарнасці «Разам» і Рух «За свабоду», «Еўрапейская Беларусь» і «Альтэрнатыва», Малады Фронт і Моладзь БНФ, сябры прафсаюза РЭП, мноства актывістаў з рэгіёнаў — Віцебска, Магілёва, Гародні, Гомеля, Берасця, Бабруйска, Баранавічаў, Воршы, Барысава, Мазыра, Калінкавічаў, Слоніма, Кобрына, Лынтупаў, Лагойска, Лёзна, Мастоў, Маладзечна, Бараўлянаў, Слуцку, Салігорска, Бярозы, Карэлічаў, Заслаўя, Полацку, Мёраў, Ліды і дзясяткаў іншых гарадоў ды вёсак...

Паводле нашых падлікаў, гэта каля 500 чалавек за паўгады. 

Курапаты працягваюць яднаць.

 

5. Каманда

Яшчэ адзін вынік паўгадовай курапацкай варты — цэлая каманда байцоў, гатовых у любое надвор'е, пад прыцэламі камераў таптуноў, пад пратаколамі, з наездамі агрэсіўных наведнікаў стаяць за Беларусь.

Не буду пералічваць герояў, бо іх шмат — допіс ня ўмесціць усіх імёнаў. Многія з іх сталі вядомыя ўсёй Беларусі.

Але самае важнае: гэта каманда. Кожны дзень тыдня мужнасць, цярпенне, узаемная падтрымка і салідарнасць твораць цуды.

Паверце, за 25 гадоў я бачыў шмат беларускіх камандаў. Курапацкая варта 2018 года — адна з лепшых.

 

6. Сцяг

Курапаты — адно зь нямногіх месцаў Беларусі, дзе вы можаце спакойна разгарнуць бел-чырвона-белы сьцяг і стаяць з ім хоць цэлы дзень, хоць шэсць месяцаў запар.

І машыны на кальцавой будуць сігналіць вам на знак салідарнасці.

Бел-чырвона-белыя сцягі Хрыста — такая ж візітоўка варты абароны, як крыж, пластыкавая талерачка з мішэнню ці буклет пра Курапаты.

Хочаце вольна пастаяць пад бел-чырвона-белым сцягам — прыяжджайце ў Курапаты штодня і далучайцеся да варты.

 

Верым, можам, пераможам!

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.