Алесь Мікус. ПРАЕКЦЫІ. Карта ў рукаве: кадыфікаваць смалянскую мову

Алесь МІКУС

Алесь МІКУС

Нарадзіўся ў 1982 г. у Мінску. Адукацыя: аддзяленне псіхалогіі БДУ, аспірантура АПА. Музыка, перакладчык, публіцыст.

Хтось кажа пра “смаленскі дыялект”, а можна ж і задумацца пра “мову смалянаў”. Матэрыялаў хопіць.

1 студзеня 2019-га — сто гадоў ад абвяшчэння БССР. З гэтым усё не такоўскае — апроч аднаго моманту, значнасць якога цяжка пераацаніць. А менавіта, момант, што тое марыянеткавае ўтварэнне было абвешчанае ў Смаленску. І гэта — міна запаволенага дзеяння. Што першае, тое заўсёды знакавае.

Што Смаленск для маскоўцаў? Такі сабе высунуты наперад штрафбат з заградатрадамі за спінай, каб яго пастралялі першым, — ня больш за тое. Смаленску маскоўцы ня любяць, яму не давяраюць, ім грэбуюць.

А што Смаленск для нас? Горад, дзе было абвешчанае адно з нашых усё ж утварэнняў дзяржаўнага тыпу ў пачатку ХХ стагоддзя. А таксама першы буйны горад у накірунку да той вялікай прасторы на ўсходзе, дзе колісь, як і ў нас некалі, размаўлялі на балцкіх гаворках, а трохі пазней — на гаворках, блізкіх нашай мове.

Нават назву Смаленска маскоўцы, і мы следам за імі, не разумеюць — думаюць, што ад “смала”, а па праўдзе, відаць, ад балцкага kimal — “чмель” (калі ісці следам за думкай акадэміка Трубачова, выказанай яшчэ ў 1968-м).

Але мы, пагадзіцеся, усё ніяк ня можам узяцца за тую Смаленшчыну. Дый як за яе ўзяцца? На вуліцах горада ўсчынаць рандомныя гутаркі з гараджанамі? Акармляць інтэрнэт-пляцоўкі смаленчукоў? Вышукваць там актыўных “беларусаў” і тварыць іх суполкі? Праводзіць там мерапрыемствы, хоць гістарычна-культурныя, хоць музычныя?

Ёсць больш сканцэнтраваны крок. Яго можна акрэсліць, няўпэўненым пэндзлем юнага мастака. Мова смалянаў, смалянская мова, мова смаленчукоў, смалянчуцкая мова. Варыянты ёсць, усе покуль нязвыклыя нашаму вуху.

Матэрыялы для гэтага?

Ніхто ж з нашых дыялектолагаў ня ездзіў па Смаленшчыне. А вымаўленне і лексіка (каторая не ад немцаў і не ад палякаў, і не з лаціны) там бадай такія ж, як і ў нас. Яшчэ гадоў дзесяць старыя па аддаленых вёсках так гутарылі (сам, як сведка, магу казаць пра ваколіцы Сычоўкі, пра ваколіцы Андрэапаля), іх дзеці ўжо не. Як цяпер? Відаць, ужо амаль паўсюль не.

Але, на шчасце, маем пісаную крыніцу. У 1891-м выйшаў “Смаленскі этнаграфічны зборнік”, яго склаў Уладзімір Дабравольскі, сам з-над ракі Хмары на Смаленшчыне. (Дарэчы, смаленскія рэкі Хмара і Хмосць маюць прамыя адпаведнікі сярод літоўскіх гідронімаў — Kamara i Kamasta, і іх семантыка таксама “чмяліная”.) Ёсць, праўда, яшчэ ягоны ж Смаленскі слоўнік, выдадзены ў 1914-м, але у прадмове да яго аўтар сам жаліцца, што з часу выхаду яго ранейшага друку “мова моцна змянілася, як з боку зместу, так і ў сэнсе фанетыкі”, бо школы і чыгунка. Але і першай яго кнігі даволі.

У тым зборніку моўнага матэрыялу без малога на 700 старонак. Плюс у прадмове — досыць строгі дослед самога Дабравольскага пра асаблівасці вясковай мовы на Смаленшчыне. Абы хтось узяўся б кадыфікаваць.

Як там вымаўлялі? Там, хоць “ч” і зацвярдзелае, але не зацвярдзелае “р” — напрыклад, “чыріпаха” (“р” зацвярдзела, адышоўшы далей, дарэчы, ад тутэйшых балцкіх гаворак). Тады, што яшчэ. Вось толькі прыклады, без называння правілаў:

узбігаем, а не узбягаем;

церім, а не церам; згряблі, а не зграблі;

дзьмець, а не дзьме; плачыць, а не плача;

будзім, а не будзем; іграім, а не іграем;

ходзюць, а не ходзяць;

каторыму, а не катораму;

паехылі, а не паехалі; брешыш, а не брэшаш;

баісця, а не баішся;

плакыць, а не плакаць;

хувацца, а не хавацца; хуць, а не хоць;

замыж, а не замуж;

ідзіця, а не ідзіце;

пупадзеш, а не пападзеш;

біз міне, а не без мяне;

такей, такея, а не такі, такія;

крівэй, а не крывы;

піряскочыць, а не пераскочыць;

Шмат цікавага і з лексікі: забавы — вы́мудры, музыка — паíгры, штодзень — кажодна, паверх — на́валак (навалык), трэба — на́дабе (надыбі), колькасць — ём.

Чуем таксама шмат знаёмых слоў, але з ссунутым значэннем: туліцца (хіліцца) тут — хавацца, вініцца (прызнаваць віну) значыць падпарадкоўвацца, вызваліць — дапамагчы.

Адрознасць і самабытнасць відавочная. Пэўныя законы можна вывесці, трохі ўніфікаваць (бо ад мясціны да мясціны крыху адрозна казалі), укласці дый у свет пусціць. Такі сабе самавучыцель смалянскай мовы, з правіламі, граматыкай, табліцай канчаткаў, невялікімі тэкстамі са слоўнічкам. Хай перш невялікія інтэрнэт-суполкі зносіліся б на такой мове. Энтузіясты горы зварочваюць.

От няхай сабе і пражэкцёрства, а хай каму ў памяці і засядзе. Дастаткова толькі ўзяцца.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.