Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Чаму мы ў Курапатах

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

На сустрэчы ў адным мястэчку ў мяне запыталі: “Павел, а чаму вы дагэтуль стаіце ў Курапатах?”

Справа ў тым, што Курапаты — гэта зусім не шараговае месца, і абарона Курапатаў — ніяк не шараговая кампанія.

Курапаты — гэта месца, дзе кроў дзясяткаў тысячаў нявінных ахвяраў дагэтуль крычыць да неба. Станьце, заплюшчыце вочы, уявіце — і ў шуме курапацкіх хвояў вы пачуеце гул.

Сённяшні рэжым не адкрывае архіваў — і мы нават ня ведаем імёнаў расстраляных камуністамі. Сотні тысячаў беларусаў дагэтуль ня ведаюць, як і дзе былі забітыя іх продкі. У духоўным плане гэта аграмадная страшная рана, і яна не загоіцца без праўды і пакаяння. У Беларусі дзясяткі і сотні такіх ранаў, але Курапаты — найбольш жахлівая.

Таму Курапаты з часоў Зянона Пазьняка — месца, якое нараджае новыя і новыя хвалі беларускага руху. Так было ў 1988-89-м са стварэннем Беларускага Народнага Фронту, так было ў 2001-2002-х, калі маладафронтаўцы разам з “зубрамі” ды “свабодаўцамі” трымалі кругласуткавую варту, так было ўзімку 2017-га: выбухнуў пратэст у Курапатах, і рэхам адгукнуліся шматтысячныя пратэсты “недармаедаў”.

Курапацкі крыж — гэта сістэма каардынатаў беларускай нацыянальнай ідэі.

І абарона Курапатаў ужо зараз дае нам некалькі важных урокаў.

Урок першы. Беларусы паказалі сябе ў Курапатах народам: абсалютная бальшыня не прыняла рэстарацыі ў Курапатах і зладзіла маўклівы байкот “Бульбашхолу”.

Нягледзячы на вал публікацыяў (здавалася б, якая рэклама!), зніжкі, бясплатны плоў і замануху ў выглядзе папсовых “зорак”, мы бачым каля кабака па некалькі наведнікаў у дзень. Пераважна гэта людзі, якія едуць сюды наўмысна, з выклікам — “рускі мір”, сталіністы, цынікі, “гаспадары жыцця”.

Урок другі. Невялікая колькасць рашуча настроеных абаронцаў прымусіла грамадства вызначыцца, а ўладу публічна заняць пазіцыю “нейтралітэту”, паставіць у мемарыяле помнік ахвярам рэпрэсіяў 1930-40 гадоў, добраўпарадкаваць дарожкі, правесці чарговыя талокі. Гэтага не было б, калі б не варта. Арганізаваныя ды ідэйныя людзі здольныя стаяць за Беларусь — і мяняюць шмат што ўжо тут і цяпер.

Урок трэці. Разам з тым, рэжым ментальна застаецца савецкім. Начальства атаясамляе сябе не з тымі, каго расстрэльвалі, а з тымі, хто страляў. Адсюль штрафы і суткі абаронцам, адсюль перашкоды для ўсталявання крыжоў, адсюль маўчанне пра закрытыя архівы КГБ.

Урок чацвёрты. База звестак наведнікаў, якую мы з ініцыятывы Дзяніса Івашына сталі весці пасля абвяшчэння грамадскага байкоту, дала нам зрэз людзей і установаў, гатовых уключыцца ў гібрыдную вайну супраць Беларусі. Многія не едуць у кабак, бо баяцца, што прыстойныя людзі перастануць з імі вітацца.

Урок пяты. Яднанне прадстаўнікоў з розных партыяў і рухаў, а таксама беспартыйных людзей добрай волі адбудзецца вакол кропак кіпення — такіх, як Курапаты, пратэст супраць Брэсцкага акумулятарнага, дармаедскага дэкрэту ці ўшчыльнення ў Менску.

Героі Курапатаў — гэта абаронцы, якія восьмы месяц у спёку, дождж і маразы стаяць ва ўрочышчы, раздаюць буклеты, фіксуюць прынцыповых наведнікаў “расейскага міру” — і паказваюць Крамлю: калі сунецеся — тут ёсьць людзі, якія стануць на абарону краіны.

Героі — гэта Ганна Шапуцька і Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык і Алесь Чахольскі, Дзяніс Урбановіч і Зміцер Казакевіч, Вольга Мікалайчык і Лявон Кулакоў, Аляксей Туровіч і Ніна Багінская, Майя Навумава і Максім Вінярскі, Валер Рабцаў і Вінцук Пятроўскі, Дзяніс Івашын і Алена Талстая, Ігар Шчэмелеў і Васіль Бань, Наталля Саматыя і Наталля Гарачка, Віталь Паўлаў і Арсень Дзядок, Юрась Палейка і Сяржук Анянкоў, Надзея Батура і Анатоль Наўмовіч, Пётр Рабушка і Базыль Гушча, Піліп Шаўроў і Наталля Іллініч і многія, многія іншыя…

Праз курапацкую абарону за сем з паловай месяцаў прайшло больш як пяцьсот чалавек — а па Беларусі колькасць гатовых абараняць незалежнасць, свае гарады і сем’і вымяраецца, упэўнены, у дзясятках тысячаў.

Што рабіць з антыгероямі? Бог ім суддзя. Людзі, якія будуюць кабак, глумяцца з памяці і запускаюць феерверкі ў месцы масавых расстрэлаў, рыюць яму ў пекла проста ў сябе пад нагамі.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.