Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. З новым ілбом на старыя граблі

Рыгор КАСТУСЁЎ

Рыгор КАСТУСЁЎ

Старшыня Партыі БНФ і грамадскага аб'яднання БНФ "Адраджэнне", экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, канцэпцыі дзяржаўнай палітыкі лесакарыстання ды іншых праграмных дакументаў БНФ.

3 лютага міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў у праграме “Галоўны эфір” канала “Беларусь 1” распавёў тэлегледачам-грамадзянам Беларусі аб чарговых “поспехах” беларускіх камунальнікаў у эканоміі фінансавых сродкаў за кошт выкарыстання мясцовых відаў паліва.

Па словах Церахава, сабекошт 1 гігакалорыі цяпла, атрыманай ад спальвання прыроднага газу, складае 100 рублёў. Львіную долю ў кошце цеплазабеспячэння, адзначыў міністр, займае паліва. Таму беларускія камунальнікі шукаюць альтэрнатыўныя віды паліва, і ў першую чаргу стаўка зроблена на драўляную шчапу і фрэзераваны торф.

Шырокае выкарыстанне мясцовых відаў паліва, як было сказана ў эфіры, дазволіць атрымаць зніжэнне коштаў цеплазабеспячэння ў памерах ад 20% да 30%, а сабекошт 1 гігакалорыі ў перспектыве будзе складаць 70-80 рублёў.

Акрамя гэтага, міністр падкрэсліў, што ў бягучым годзе для насельніцтва не ўздымалісь тарыфы шмат на якія жыллёва-камунальныя паслугі (ЖКП), у тым ліку і на спажыванне цеплавой энэргіі, тарыф за якую для насельніцтва складае 20% ад сабекошта.

Праслухаўшы ўважліва “прыгожую песню” Церахава, разбіраючысь у “нотах” жыллёва-камунальнай гаспадаркі, нецяжка заўважыць чарговы “плагіят” у словах і нотах міністра.

Яшчэ ў снежні 2009 года ўрадам Беларусі для рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, аблвыканкамаў і Менскаго гарвыканкама былі зацверджаны заданні па долі мясцовых паліўна-энэргетычных рэсурсаў у балансе кацельна-пячнога паліва на 2009-2012 гады. Адпаведнае рашэнне змяшчалася ў пастанове Савету міністраў № 1593.

Дадзенай пастановай прадугледжваўся паступовы рост долі мясцовых відаў паліва (МВП) у балансе кацельна-пячнога паліва ва ўсіх галінах вытворчасці. Выкананне гэтых заданняў, згодна пастановы, павінна было павялічыць да 2012 году долю выкарыстання МВП да 25%.

Для Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі было заданне павялічыць долю МВП з 31,7% у 2009 годзе да 50% у 2012-м.

Пастановай № 1593 была скасаваная дзеючая да той пары праграма па выкарыстанні МВП. Да 7 снежня 2009 году ў краіне існавала “Мэтавая праграма забеспячэння ў рэспубліцы ня менш 25% аб’ёма вытворчасці электра- і цеплаэнэргіі за кошт выкарыстання мясцовых відаў паліва і альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі на пэрыяд да 2012 году”.

З мэтай выканання мерапрыемстваў па павышэнні энэргаэфэктыўнасці і павышэнні энэргабяспекі краіны Рэспубліканскай праграмай мадэрнізацыі было прадугледжана на 2006-2010 гады фінансаванне ў памеры 5,2-5,8 млрд даляраў.

Чаму раптам, не завяршыўшы прынятую праграму, урад прымае новую пастанову, скасаваўшы ранейшыя праграмныя дакумэнты і запланаваныя мерапрыемствы, выкананне якіх прадугледжвала павышэнне эфэктыўнасці выкарыстання і паніжэнне сабекошту энэргіі?

А галоўная прычына тут адна — нягледзечы на агромністыя сродкі, затрачаныя з 2006 па 2009 гады, дадзеныя праграмы ў выніку былі проста праваленыя.

Неэфэктыўна ўкладзеныя сродкі ў сферы камунальнай гаспадаркі прывялі да павышэння сабекошту цеплаэнэргіі на многіх аб’ектах ЖКГ, што пацягнула за сабой і павелічэнне аплаты насельніцтвам расходаў за ацяпленне жылля і гарачае водазабеспячэнне.

Вось, напрыклад, як выглядаў сабекошт рэалізаванай цеплавой энэргіі па ўсіх кацельнях Шклоўскага УКП “Жылкамгас”. У 2007 годзе сабекошт адной гігакалорыі на прыродным газе склаў 144 365 рублёў (недэнамінаваных), а на дравяным паліве — 192 704 рублі. За першы квартал 2008 года — на прыродным газе — 152 586 рублёў, на дравяным паліве — 179 078 рублёў.

Адной з прычынаў неэфэктыўнасці выкарыстання мясцовых відаў паліва (МВП) стала недасканаласць абсталявання для гэтых мэтаў. Так, напрыклад, катлы КВР-0,5-95 з ручной загрузкай вытворчасці НВП “Белкатламаш” г. Бешанковічы па пашпартных дадзеных павінны былі мець каэфіцыент карыснага дзеяння (КПД) у памеры каля 87% (ня меней 83%). Але пры правядзенні выпрабаванняў у кацельных № 2 і № 3 шклоўскага УКП “Жылкамгас” ад 20 мая 2008 году, яго велічыня склала ад 43,1% да 49,4%.

Выпрабаванні праводзіліся спецыялістамі Магілёўскага абласнога ўпраўлення па надзору за рацыянальным выкарыстаннем цепла-энэргетычных рэсурсаў і ўпраўлення ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама ў прысутнасці тагачаснага кіраўніцтва шклоўскага УКП “Жылкамгас”.

На пачатку 2000-х гадоў НВП “Белкатламаш” у межах Рэспубліканскай праграмы па энэргазберажэнні з дзяржаўнага бюджэту атрымала мільёны даляраў на канструяванне і наладжванне вытворчасці катлоў дадзенай серыі. У выніку фінансавыя сродкі былі выкарыстаныя неэфэктыўна, аб чым сведчаць вышэй прыведзеныя лічбы. За 2004-2009 гады на прадпрыемствы ЖКГ краіны былі пастаўлены сотні катлоў тыпу КВР-0,5-95.

У маі 2008 года дадзеная інфармацыя аб “неэфектыўным” выкарыстанні бюджэтных сродкаў была даведзена Камітэту дзяржкантролю па Магілёўскай вобласці (азнаёмлены першы намесьнік старшыні камітэту Тарасаў А.С.). У маі 2009 года — ва упраўленне КДБ па Магілёўскай вобласьці (начальнік упраўлення Маслакоў В.А). У кастрычніку 2009 года – у Генеральную пракуратуру (генеральны пракурор Васілевіч Р.А.).

Але ні Камітэт дзяржкантролю, ні КДБ, ні Генеральная пракуратура ніякім чынам не адрэагавалі на дадзеныя факты.

Зараз няцяжка здагадацца, чым скончацца чарговыя патугі беларускіх камунальнікаў праз “пошук альтэрнатыўных відаў паліва” — шчапы і торфа, з мэтай паніжэння сабекошту цеплаэнэргіі. Закончацца яны чарговым павышэннем тарыфаў для насельніцтва.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.