Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Новыя падыходы да горадабудаўнічай палітыкі Мінска

Рыгор КАСТУСЁЎ

Рыгор КАСТУСЁЎ

Старшыня Партыі БНФ і грамадскага аб'яднання БНФ "Адраджэнне", экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, канцэпцыі дзяржаўнай палітыкі лесакарыстання ды іншых праграмных дакументаў БНФ.

У апошня гады ў Мінску пастаянна адбываюцца сацыяльныя канфлікты, звязаныя з пераўшчыльненнем гарадской забудовы, зносам прыватнага сектара, скарачэннем тэрыторый паркаў і сквераў, пагаршэннем навакольнага асяроддзя.

Прычыны тут бываюць самыя розныя, але асноўная з іх — гэта недапрацоўкі Мінгарвыканкама ў фармаванні горадабудаўнічай палітыкі.

Нават умяшальніцтва Лукашэнкі пры карэктыроўцы ў 2010 годзе генеральнага плана сталіцы да 2030 года не паспрыяла ліквідацыі гэтых недахопаў, ня зменшыла сацыяльную напружанасць і незадавальненне сярод гараджан палітыкай уладаў у фармаванні горада.

Нягледзечы на незадавальненне гараджан, як і раней, распрацоўка праектаў гарадскіх тэрыторыяў адбываецца без удзелу грамадзян, без уліку грамадскага меркавання і патрэбаў мясцовых жыхароў.

Пры такім падыходзе, нярэдка, гарадскім уладам прыходзіцца нахаду ўносіць карэктыроўкі ва ўжо распрацаваныя планы развіцця тэрыторый горада, што прыводзіць да неабдуманага марнавання бюджэтных сродкаў.

Рэгулярна, з году ў год, з вуснаў Лукашэнкі ў адрас гарадскога кіраўніцтва гучаць патрабаванні “спыніць разбой з неабгрунтаваным ушчыльненнем жыллёвай забудовы”, з прыцэлам на павелічэнне будаўніцтва жылля і інфраструктуры за МКАД.

Гучаць і патрабаванні па навядзенні парадку на нескарыстоўваемых свабодных тэрыторыях горада ў межах кальцавой дарогі, дзе можна будаваць і жыллё, і паркоўкі, і зяленыя зоны.

Патрабаванні гучаць ужо колькі год, але сітуацыя да лепшага не мяняецца, бо праблема ўшчыльнення забудоў набыла ў апошнія гады сістэмны характар.

Складваецца ўражанне, што ўсё гэтае чынавенства, што прымае рашэнні па развіцці Мінска, не жыве ў гэтым горадзе, не ездзіць і не ходзіць па гэтых вуліцах, не дыхае гэтым паветрам, не клапоціцца аб здароўі сваіх дзяцей і ўнукаў.

Бо як можна жыць і не заўважаць з дня ў дзень шматлікія забруджаныя невыкарыстоўваемыя пустыры, шматлікія пустуючыя тэрыторыі прадпрыемстваў горада, якія не нясуць карыснай нагрузкі, або тэрыторыі з закінутымі аварыйнымі былымі цэхамі або карпусамі прадпрыемстваў, што нясуць і небяспеку людзям, амаль у цэнтры горада.

Як помнікам такой безгаспадарчасці ўжо больш двух дзесяткаў гадоў, напрыклад, з’яўляюцца закінутыя аварыйныя карпусы станкабудаўнічага завода імя Кірава па вул. Чырвонаармейскай, размешчаныя на некалі маляўнічых берагах ракі Свіслач.

За гэты час тэрыторыя вакол закінутых будынкаў зарасла хмызняком і дрэвамі, дзе працаўнікі завода ўлетку могуць збіраць грыбы.

А можа быць гэта і ёсць адзін з пунктаў хітрага плана мясцовых чыноўнікаў, дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, дэпутата Палаты прадстаўнікоў па Купалаўскай выбарчай акрузе № 95 Сайганавай Т.І. па стварэнні зялёных зонаў уздоўж берагоў Свіслачы???

А гараджане, заклапочаныя аварыйнай сітуацыяй гэтых цахоў, проста не разумеюць памкненняў чыноўнікаў і дэпутатаў па развіцці паркаў і сквераў на тэрыторыі горада???

Калі гэта і ёсць хітрым планам па развіцці зялёных зонаў горада, то праз дзесятак гадоў у Мінску на такіх пустуючых і аварыйных тэрыторыях з’явяцца не адзін дзесятак паркаў і сквераў.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.