Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Дзень Волі-2019

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Наконт сёлетняга Дня Волі. Піша і пытаецца шмат сябраў. Людзі разгубленыя і расчараваныя. Што рабіць, куды ісьці? Выкажу, што думаю на гэты конт.

Адзіная праблема вакол 23-25 сакавіка сёлета — фатальны вынік нашай разьяднанасьці. Калі Масква заяўляе пра «глыбокую інтэграцыю» і рыхтуе паглынаньне — самы час выйсьці на Дзень Волі магутнай дэманстрацыяй. Разам. Адзіным фронтам. І паказаць пуціным, бабічам і лукашэнкам — МЫ, БЕЛАРУСЫ, ЗА ВОЛЮ!

У рэальнасьці пры такім раскладзе ўсім знойдзецца месца, усе выканаюць тое, што ўмеюць, як найлепей, і ўсім хопіць працы. Блогерам, партыйцам, рашучым, творчым, менчукам, гарадзенцам — усім. Калі ёсьць еднасьць і каардынацыя — усё астатняе вырашальныя пытаньні: кожны выконвае свае функцыі.

Але калі Менгарвыканкаму ці Адміністрацыі Лукашэнкі давяраць больш, чым сваім калегам па дэмакратычным і беларускім руху, падаваць заяўкі навыперадкі і ўразнабой без апавяшчэньня паплечнікаў і жадаць «пажаць лаўры паасобку», тады, канечне, гамон. Разьвядуць спецыяльна абучаныя людзі. І ніякіх, паверце, лаўраў.

Посьпех БНР-100 летась быў прадвызначаны тым, што на некалькі тыдняў у аргкамітэце зьядналіся ўсе. Каб нас раскалоць, улада пачала гандлявацца і прапанавала канцэрт. Грамадства, дзясяткі тысячаў, напоўніцу скарысталася, сотні пайшлі на затрыманьні і суткі.

Сёлета бачым тое, што бачым. Далей без еднасьці будзе толькі горш.

Што ж рабіць?

Зараз застаецца паўдзельнічаць паўсюль, дзе магчыма. 23-га на ўрачыстай імпрэзе ў «Вікторыі» (Менск) альбо на канцэрце ў Гародні ля Каложы. 24-га — у Кіеўскім скверы ці на імпрэзе КХП. 25-га — на народных гуляньнях, са сьцягамі ды фаерверкамі.

Але на наступны год катэгарычна ПАТРЭБНА АДЗІНСТВА, сябры. Без гэтага згубім ня толькі Дзень Волі, але і незалежнасьць. Сьціснуць зубы, сесьці за адзіны стол, дамовіцца, падаць адзіную заяўку — і выйсьці шчыльнымі радамі.

Жыве Беларусь!

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.