Работнікаў найвялікшага прадпрыемства ў Магілёве адпраўляюць у адпачынак

Работнікаў найвялікшага ў Магілёве прадпрыемства «Хімвалакно» адпраўляюць на чатыры дні ў адпачынак за ўласны кошт. Вытворчасць на прадпрыемстве спыняцца ня будзе.

Фото 6tv.by

Работнікі сцвярджаюць, што «вымушаныя адпачынкі» ім патлумачылі змяншэннем датацыяў ад канцэрну «Белнафтахім» і недахопам сыравіны. Гэта звязана з пастаўкамі «бруднай нафты» з Расеі.

Паводле работнікаў «Хімвалакна», намер адправіць калектыў у «адпачынак» генеральны дырэктар Пётр Руднік агучыў на нарадзе да Дня хіміка.

Руднік адзначыў, што аб’ёмы падтрымкі скараціліся, бо канцэрн цяпер пераадольвае праблемы, выкліканыя пастаўкамі з Расеі «бруднай нафты».

«Ён назваў адпачынкі за ўласны кошт “палітычным рашэннем” і сказаў, што калектыву трэба засведчыць перад канцэрнам гатоўнасць ахвяраваць дзеля вырашэння агульных праблемаў», — кажа работнік прадпрыемства, які прысутнічаў на нарадзе.

Па словах работнікаў, загаду «адпачыць» кіраўніцтва не выдавала. Калектыву «неафіцыйна і ветліва» прапаноўваюць выбраць чатыры дні для адпачынку ў траўні ці чэрвені. Сам кіраўнік прадпрыемства нібыта збіраецца ўзяць два дні ў чэрвені.

«Вядома ж, людзі незадаволеныя, але смельчакоў, хто б адмовіўся ад “адпачынку”, ня знойдзецца. Лепей страціць чвэрць заробку, чым працу наагул», — кажа яшчэ адзін работнік, які назваўся Сяргеем.

Старшыня прафсаюзнага камітэту прадпрыемства Уладзімер Падабед кажа, што генеральны дырэктар агучыў просьбу пра адпачынкі на сходзе прафсаюзнага актыву. Ён сапраўды аргументаваў яе праблемамі з «бруднай нафтай», якія прывялі да недахопу сыравіны і не дазволілі прадпрыемству выканаць запланаванае.

Падабед прызнае: просьба Рудніка — «непапулярны крок». Але пераконвае, што ў адпачынак пойдуць толькі тыя, хто выкажа такое жаданне.

«Гэта вымушанае “палітычнае дзеянне”, на якое Пётр Міхайлавіч з цяжкасцю наважыўся, — кажа ён. — Я запытаўся ў яго, ці будуць кампенсаваныя страты таму, хто адгукнецца і пойдзе ў вымушаны адпачынак. Ён адказаў, што адміністрацыя не пакіне калектыў без кампенсацыі, але гэтага не адбудзецца заўтра».

Уладзімер Падабед цвердзіць, што словам Пятра Рудніка калектыў верыць, бо за час сваёй працы гендырэктар не пакараў ніводнага работніка капейчынай і прыкладае максімум намаганняў, каб павысіць узровень заработнай платы.

Паводле старшыні прафсаюзнага камітэту, ад праблемаў з нафтай пацярпела ня толькі «Магілёўхімвалакно», але і іншыя прадпрыемствы нафтахіміі. Па яго словах, кожнае з іх шукае свае рэсурсы, каб кампенсаваць страты.


«Хімвалакно» — буйны вытворца хімічных паўфабрыкатаў, поліэфірных валокнаў і нітак. Больш за 65% прадукцыі экспартуецца ў 30 краінаў.

Для Магілёва прадпрыемства градаўтваральнае. На ім працуе больш за 5 тысяч чалавек. У даўнейшыя часы разам з сацыяльнай сферай колькасць работнікаў сягала 25 тысяч.