Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Васіль Быкаў

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Той, хто калісьці пабачыў вочы ворага, хто хоць гадзіну жыў на мяжы смерці, хто ўжо аднойчы перамагаў інстынкт самазахавання — будзе чытаць прозу Быкава запоем, як уласны дзённік.

Класік сусветнай літаратуры. Франтавік і фронтавец. Чалавек, які напісаў усё пра вайну.

Малады Быкаў вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме. На скульптара — ляпіць людзей. І вось вайна, дзе людзей забіваюць.

18-гадовым трапіў на фронт. Камандзір стралковага ўзвода і батарэі легендарных “саракапятак”, быў паранены і нават пахаваны. Бацькам прыйшла пахаронка, а пад Кіраваградам дагэтуль імя на надмагіллі. Але ён выжыў, каб мы ведалі, як гэта — паміраць.

Разам з вайною Быкаў абышоў паў-Еўропы: Украіну, Румынію, Венгрыю, Аўстрыю. Гэта потым, у палітычнай эміграцыі, ён атрымае прытулак у Фінляндыі, Чэхіі і той самай Нямеччыне. Падарожжы апостальскага размаху. А ягоныя кнігі абыдуць увесь свет: больш за 3 мільёны асобнікаў на 72-х мовах.

Быкаў, які пісаў пра Беларусь і беларусаў, дазволіў чалавецтву ўбачыць вайну беларускімі вачыма.

Ваенная проза Быкава простая і стэнаграфічна дакладная. Да апошняй думкі, да імпульсу, да нервовага рэфлексу. Ува ўсіх перакладах. Проза, што жыве ў рытме рэальнага часу і б'ецца ў скронях, як пульс. Псіхалагічны злом вайны поўнасцю выварочвае нутро, раскрывае чалавечую асобу да астатняе клетачкі.

Адкрыццё чалавека з усім яго грэхам і страхам, з воляй і верай, з усім што ў ім. Рэдка каму даецца такі дар. Гэта ад Бога.

У Быкава ўражвае гранічная яснасць чалавечага выбару. Момант ісціны, да якога ідзеш след у след за ягонымі героямі. Момант як стрэл. Як выбух. Быкаўскую прозу складаюць не сюжэт, не мастацкія вобразы, а жыццё душы як яно ёсць. Абсалютна Усё Важна. “Так” у Быкава значыць так, “не” — не, бо ягоны стыль — гэта праўда.

Усё жыццё самога Быкава — вайна за праўду.

Калі ў 1959 г. у “Маладосьці” выйшаў “Жураўліны крык” — яго, сярод грукату, раскатаў і фанфараў афіцыёзнай паваеннай літаратуры, пачулі ўсе. Пранізлівы жураўліны крык, быццам з неба. Потым былі “Трэцяя ракета”, “Круглянскі мост”, “Альпійская баллада”, “Праклятая вышыня”, “Яго батальён”...

Быкава чакалі, друкавалі і чыталі згаладалыя па праўдзе франтавікі. А калі быкаўскія аповесці пачалі выходзіць у “Новом мире” яшчэ аднаго беларуса Аляксандра Твардоўскага — імі зачытваўся ўвесь Савецкі Саюз.

Камуністычная прапаганда заўжды была варожай да Быкава. Пасьля найвастрэйшага “Мёртвым не баліць” Быкаў жыў у стане вайны з сістэмай. “Правда” публікавала разгромныя артыкулы, ідэолагі-камуністы кляймілі з трыбунаў, у доме ў Горадні білі шкло. Быкаў змагаўся да апошняга: “Сотнікаў”, “Знак бяды”, “У тумане”… “Аблава”, “Сцяна”, “Доўгая дарога дадому”. І перамог.

Кнігі Быкава падрывалі галоўныя падмуркі імперыі зла — камуністычную ідэалогію, сістэму хлусні аб чалавеку, вялікі міф аб вайне. Быкаў дажыў да таго часу, калі праўду назвалі праўдай.

І таму на гістарычным Аргкамітэце Беларускага Народнага Фронту 19 кастрычніка 1989 г. менавіта выступ Быкава забяспечыў БНФ прарыў у вялікую палітыку. Наменклатура панічна адступала. Быкаў зрабіўся сцягам нацыянальнага руху.

Ён ваяваў за праўду і тады, калі рэжым Лукашэнкі здаваў здабытую незалежнасць, і тады, калі яго афіцыйна замоўчвалі, і тады, калі вымусілі з'ехаць з Беларусі.

Ён і загінуў, як жаўнер. За некалькі дзён да смерці вярнуўся на Радзіму, як на баявы пост. Дачакаўся даты пачатку вайны. І памёр, папрасіўшы пахаваць яго пад бел-чырвона-белым сцягам. Шматтысячнае шэсце на праспекце Скарыны з ягонай труной на руках ператварылася ў нацыянальную маніфестацыю.

Бітву працягваюць кнігі Быкава.

Бо Васіль Быкаў, геній нацыі, якой адно б не было вайны, пісаў праўду пра вайну вечную. Вайну ўнутры кожнага з нас. Вайну супраць страху, хлусні і смерці.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.