Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Свінцовае беззаконне

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Пад Брэстам напалі на людзей, якія выступаюць за чыстае паветра для сваіх дзяцей.

Бандыт напаў на жанчыну, нанёс ёй сур'ёзную траўму і пашкодзіў машыны абаронцаў. Ён ідэнтыфікаваны. Але ён на волі, і міліцыя "не бачыць прычынаў затрымліваць яго".

Нават кіраўніцтва свінцовага заводу, праглядзеўшы відэа, афіцыйна выбачылася за яго паводзіны. Нават яны ў шоку. А ворганы, якія павінны ахоўваць парадак і абараняць грамадзянаў, ня бачаць відавочнага крыміналу.

Бандыт, які нападае на людзей, збівае іх і пагражае ім, мусіць сядзець у турме. Любога апазіцыянера і актывіста міліцыя ды камітэтчыкі імгненна заламаюць за ўлётку ці нават пост у сацсетках. А "героя", які б'е жанчыну, пакрывае.

Выснова відавочная: у Брэсце дзейнічае арганізаваная злачынная групоўка, мэта якой — запалохаць грамадзянаў, фізічна і псіхалагічна падавіць пратэст супраць свінцовага атручвання, і ў гэтую групоўку ўваходзяць прадстаўнікі ўлады. Інакш як патлумачыць ашаламляльны спакой спецыяльных службаў?

Спробы падкінуць абаронцам наркотыкі ды зброю ня далі эфекту. Цяпер банда перайшла да адкрытага беспакаранага гвалту.

Такую ж схему, з пастаяннымі правакацыямі і гвалтам, мы назіраем у Курапатах.

Спосаб змагання ў такім выпадку адзін: максімальны розгалас, заявы ва ўсе інстанцыі паводле закону і ўзмацненне кампаніі абароны. Банда павінна ведаць: кожны акт гвалту прывядзе да пашырэння пратэстаў.

Людзі, якія абараняюць насельніцтва 300-тысячнага гораду ад экалагічнай катастрофы — героі Беларусі, без перабольшвання. З рызыкай для свабоды і жыцця яны змагаюцца за чыстае паветра для маўклівай большасці.

Зараз самы час далучыцца і падтрымаць абаронцаў.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.