Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Перапіс: адкажам па-беларуску!

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

4 кастрычніка, ужо ў пятніцу, у Беларусі пачынаецца перапіс насельніцтва.

Падчас мінулых перапісаў 1989, 1999 і 2009 гадоў колькасць тых, хто пазначыў роднай мовай беларускую і тых, хто карыстаецца беларускай мовай дома, зніжалася ў сярэднім па 1% ў год, прыблізна на 10% за дзесяцігоддзе.

Ці гэта рэальна так (у выніку паўзучай русіфікацыі), ці гэта, як з “выбарамі”, “паліцічаскі вапрос”, і вынікі мяняюцца дзеля чарговага крэдыту альбо кошту на газ, стане вядома толькі пасля падзення гнілой сістэмы.

Але.

Чым больш беларусаў назаве беларускую роднай і прынцыпова адкажа пра мову дома “беларуская” — тым больш шанцаў у нашай незалежнасці. У любым разе.

Трэба звярнуць увагу на адну важную загагуліну. Хтосьці з высокапастаўленых русіфікатараў з мэтай абмежаваць адказ “родная — беларуская” у дужках унёс у бланк хітразачосаную расшыфроўку паняцця “родная”: “мова, засвоеная першай у раннім дзяцінстве”.

О як. Гэта не мова, на якой дзяды і прадзеды размаўлялі, але засвоеная, бач, першай у раннім дзяцінстве. У Савецкім саюзе, дзе быць беларускамоўным азначала быць падазраваным, ці за Лукашэнкам, які дагэтуль лічыць, што беларуская мова бедная і на ёй немагчыма выказаць нічога вялікага, ну а калі ты ўжо выказваешся дзесьці на людзях, то, паходу, пара выклікаць міліцыю: ты яўна “свядомы”, фашыст ці экстрэміст.

Намёк ясны, і перакладаецца з бюракратычнай на общепонятный так: “Начальство хочет, чтобы ответили «русская». Понятно?”

Для такіх выпадкаў ёсць добрае біблійнае правіла: “З лукавым па лукаўстве яго” (альбо, у іншым перакладзе, “з хітрым па хітрасці ягонай”) — з Другой кнігі Царстваў, 22:26-27. Родная мова беларусаў была, ёсць і будзе беларуская, як бы ні хацелася нашчадкам губернатара Мураўёва-вешальніка яе з Беларусі выкараніць.

Таму, сябры.

Адкажам перапісчыкам па-беларуску. Патрабуйце і адпаведную беларускамоўную анкету: калі ласка, запішыце па-беларуску, у вас у планшэтах такая опцыя ёсць.

Родная мова — беларуская. Дома — беларуская!

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.