Галіна Каржанеўская. ВЫБАРЫ. Рэквіем па парламенту

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Нарадзілася на Случчыне ў сям’і аграномаў. З бацькамі пераехала ў Лагойскі раён, дзе некаторы час настаўнічала пасля заканчэння БДУ (філфак). З 1981 г. жыве ў Мінску. Працавала на рэспубліканскім тэлебачанні і ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Паэт, крытык, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Я не першы раз назіраю на выбарах, яўкі па Мінску не хапала ўжо з 2014 года. Але ніколі не было такой пустэчы, такой магільнай цішыні ў памяшканні са скрыняй, як у першы дзень парламенцкіх 2019-га.

Узнікла аналогія з з пахаваннем члена прафсаюза, на якое выправіў начальнік. Чалавека-то шкада, але ён малазнаёмы, не сябар і не крэўны, за грудзінай не баліць. Прысутныя на развітанні з нябожчыкам паныла схіляюць галовы, але кожны думае пра сваё. Ці трэба заўтра ўнучку весці на гурток, як узяць талон да ўчастковага тэрапеўта, калі прыйдзе па заяўцы электрык…

На адным участку Пушкінскай 103-й акругі г. Мінска за паўдня прайшло чацвёра выбарцаў. Кругленькі вясёлы мужычок павіншаваў камісію са святам. Старшыня без бэйджа, падобны на заўхоза, аддзякаваўся, камісія з двух хлапцоў (у школе!) зірнула недаўменна. Моладзь, адкуль ім ведаць, што ў СССР на ўчасткі ехалі з гармонікамі, а ў стужкі коней упляталі стужкі.

Распытваю іншых назіральнікаў з кампаніі “Права выбару”. У каго 3, у каго 5, у каго 8 прыйшло аддаць голас. Назаўтра паболела: 9, 12, 18 (там, дзе няма паблізу інтэрнатаў). Гэта нават не ручаёк. Гэта рэдкія кроплі ў суш, адзінкі тых, хто галасуе па старой звычцы або прыганяецца з працы ці вучобы.

Давайце паглядзім разыходжанні лічбаў нашага падліку з пратаколамі камісій на другі дзень галасавання. Участак № 420: 26 — 138, участак № 421: 18 — 175 (абое ў СШ № 138), участак № 400 (гімназія № 33): 65 —147, участак № 403 (СШ № 6): 75 — 301, участак № 433: 59 — 103.

Мудрацы з 6-й школы на сераду прызначылі бацькоўскія сходы, і там бацькі станавіліся ў чэргі, хаця б дагадзіць педагогам. І ЦВК пераможна дакладвае пра 11% прагаласаваўшых!

На ўчастку № 433 (СШ № 7) камісія адмовілася паведаміць мне прозвішча старшыні (па сумяшчальніцтву — дырэктар СШ № 7), так што мы не пазнаёмілася. У афіцыйным надрукаваным спісе членаў камісій чамусьці не пазначаны пасады старшыняў, намеснікаў, сакратароў. Каштоўныя кадры абачліва прыхаваны ў агульным складзе масоўкі.

Як сябе ў такіх умовах адчуваюць кандыдаты ў парламент? Адзін з іх ужо вылучаны і выдзелены асобнымі партрэтамі — дзе на дзвярах школ, дзе прама на ўчастках (каб мала не было). Таварыш паспяхова адзеседзеў тры тэрміны старшынёй ў Мінскім градскім Савеце і, па словах яго выбаршчыкаў, адно падпісваў віншавальныя паштоўкі для ветэранаў. Яму б на хатнюю канапу, а не на павышэнне. Дачныя грады — выдатная замена нудным паседжанням з загадзя вядомым вынікам.

Мы, простыя грамадзяне РБ, дажылі (ці дажыліся?) да калапсу, бясслаўнага фінішу кіруючай вертыкалі. Шасцерні зношваюцца, а руху наперад няма. Звар’яцелы механізм даўно працуе ўхаластую, на шкоду як грамадству, так і сабе самому.

Дапрацаваліся. Падтасоўваліся лічбы статыстыкі, прыхарошваліся справаздачы, займаліся службовымі падлогамі кожны на сваім службовым крэсле. Імітавалі народаўладдзе. Затыкалі раты нязгодным.

Камісіі зацвердзілі кандыдатаў, развесілі па горадзе партэты, прызначылі самых адданых для “лічэння” ў асноўны дзень. Па школьных калідорах тупаюць важныя міліцыянеры з пісталетамі на азадках, эмчээсаўцы правяраюць наяўнасць вогнетушыльнікаў (ажно па тры на ўчастку). Усе варушацца, нешта робяць, даюць і выконваюць указанні… А працэс не ідзе, бо пазбаўлены сэнсу, як кіношныя зомбі пазбаўлены душы.

Скінем шапкі. Пакладзем на вечка труны пластыкавы вянок з чорнай стужкай. На ёй напісана: “Спі спакойна, беларускі парламент. Вечная памяць.”

 

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.