Павел Севярынец. НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ. Пратэст імя Каліноўскага

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Паводле апошняй інфармацыі, Лукашэнка і Пуцін збіраюцца дамовіцца пра паглынанне Беларусі 7 снежня ў Маскве. 6 снежня Румас будзе размаўляць з Мядзведзевым. Усе іх краплёныя дарожныя карты рыхтуюцца поўнай хадой.

Асноўных беларускіх вулічных завадатараў, у тым ліку і мяне, збіраюцца судзіць 5 снежня, якраз падчас гістарычнай і эпахальнай прамовы Лукашэнкі перад прызначаным ім «парламентам». Ясна, што будуць ізаляваць.

Мне зразумелыя меркаванні, маўляў, гэта чарговая частка мерлезонскага балету пра інтэграцыю, і што Лукашэнка ніколі ня пойдзе і т.д. Хацелася б, каб так было. Але. Калі вы думаеце, што гэта ўсё пустыя словы і пустыя паперкі — глыбока памыляецеся.

Масква паўтарае тое, што яна ўжо рабіла ў 1772, 1793 і 1795 годзе. Спярша эканамічным, юрыдычным, карупцыйным, інфармацыйным, вайсковым шляхам нас карпатліва прывязваюць да Расеі, а потым застаецца прыбраць з шахматнай дошкі пару фігураў, тыпу Панятоўскага альбо Лукашэнкі — і аншлюс.

Без зялёных чалавечкаў і заходніх санкцыяў.

У выпадку грубага ламання закону бачнасць закону павінна вытрымлівацца асабліва дбайна, як казаў класік.

Што ж рабіць нам?

А нам застаецца толькі малітва да Бога і адкрыты пратэст.

Вось ужо трэція суткі, як навіны пра агульны ўрад, парламент і дамовы гуляюць па Беларусі. Акрамя пратэсту я ня бачыў ніводнай канкрэтнай прапановы, ніякіх іншых ясных захадаў і заклікаў.

Хтосьці піша: 7-га позна. Хтосьці піша: 7-га рана.

Калі паглядзець цвяроза, 7 снежня, калі Лукашэнка і Пуцін будуць размаўляць пра дзяржаўную здраду, любы пратэст выбухне ў інфармацыйнай прасторы. Нават калі на вуліцы трыста спартанцаў на чале з Нінай Багінскай, пяцьдзясят журналістаў і сотня ціхароў.

Калі ніякага пратэсту ня будзе, таварыш Пяскоў зможа спакойна паўтарыць словы здрадніка Анквіча на Немым Сойме ў Гародні 1793-га:

Молчаніе есть знак согласія.

Пішуць, што трэба было рыхтаваць і яднаць апазіцыю.

Яшчэ з канца верасня я размаўляў з лідарамі беларускіх дэмакратычных сілаў пра масавыя акцыі ў падтрымку незалежнасці з асноўнай у снежні. Мікалай Статкевіч, «Еўрапейская Беларусь», Рух салідарнасці «Разам» такія акцыі рабілі, і я на іх быў. За два месяцы на сустрэчах у больш як дваццаці гарадах Беларусі я прасіў людзей рыхтавацца ехаць у Менск.

Магутная маніфестацыя прайшла ў Вільні ў дзень пахавання Каліноўскага і паўстанцаў. Гэта і была падрыхтоўка, на якую мы з вамі аказаліся здольныя.

Пасля Божага цуду на гары Гедзіміна, па-мойму, у Менску ёсць толькі адзінае месца для такога пратэсту.

Цяпер мы стаім перад яўным фактам здачы дзяржавы. У нас ужо няма трох месяцаў. У нас тры дні.

З'яднаць за гэты час апазіцыю, як і за папярэднія 25 гадоў, нам не ўдалося. Як памірыць Пазьняка, Статкевіча, партыйцаў і блогераў паміж сабой, не ўяўляю.

Справа за намі.

Хто здольны — маліцеся. Хто гатовы — стаўце перапосты, нясіце гарбату, збірайце грошы на падтрымку сем'ям затрыманых.

Калі мяне заграбуць да суботы (а гэта 99%) — дакладна ведаю, што на пратэстах будуць людзі, маральна гатовыя да хапуна, цёпла апранутыя, са сцягамі, здольныя прынамсі расказаць журналістам, Беларусі і ўсяму свету, чаму яны супраць аншлюсу.

Іх будзе больш, чым вы думаеце — не буду называць колькасць і прозвішчы са зразумелых прычынаў.

Чытаючы гісторыю здачы Рэчы Паспалітай у васемнаццатым стагоддзі, я ніяк ня мог даўмецца: ЯК можна было так бяздарна, моўчкі, седзячы па сваіх нішах, здаць дзяржаву.

Цяпер пачынаю разумець.

Але веру, што ў сённяшняй Беларусі знойдуцца тыя, хто верыць, можа і пераможа.

Жыве Беларусь!