Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Фантазіі новага міністра і беларускія рэаліі

Рыгор КАСТУСЁЎ

Рыгор КАСТУСЁЎ

Старшыня Партыі БНФ і грамадскага аб'яднання БНФ "Адраджэнне", экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, канцэпцыі дзяржаўнай палітыкі лесакарыстання ды іншых праграмных дакументаў БНФ.

Прызначэнне Аляксандра Чарвякова на пасаду міністра эканомікі чамусці выклікала ў шэрагах незалежных беларускіх экспертаў лёгкую “эйфарыю” і спадзяванні на перамены да лепшага ў эканоміцы краіны.

Але, аналізуючы ўсе выказванні кіраўніка краіны ў час прызначэння таго або іншага чыноўніка, трэба заўважыць, што на гэты раз, як і раней — на працягу 25 год, прагучалі чарговыя дзяжурныя фразы на тэлевізійную камеру з мэтай навешвання чарговай порцыі “лакшыны” на вушы грамадзян.

Цалкам верагодна, што новы міністр эканомікі, як яго ахарактарызаваў першы віцэ-прэм’ер Круты, і сапраўды прайшоў добрую працоўную школу і мае неабходны прафесійны патэнцыял для здзяйснення пераменаў да лепшага ў эканоміцы краіны.

Але ж наколькі ягоны прафесіяналізм адпавядае неабходным патрабаванням для паспяховага здзяйснення гэтых пераменаў, можна пабачыць па шэрагу яго тэарэтычных працаў, што выклікаюць пэўны песімізм у чаканні гэтых пераменаў. Бо там наскрозь праглядаюцца толькі спробы абгрунтавання “правільнага курса” развіцця эканомікі краіны, ўказанага вышэй стаячым кіраўніцтвам, а не рэальнай ацэнкі стану эканомікі.

Складваецца ўражанне, што Чарвякоў, нягледзячы на, як падаецца, вялікі працоўны досвед, доўгі час працаваў толькі ва ўстановах Беларусі, якую паказваюць на беларускім тэлебачанні. І хаця падчас працы ў якасці першага намесніка міністра ён курыраваў рэгіянальнае развіццё, падаецца, што ён зусім не ведае, як жывуць гэтыя рэгіёны, як жывуць грамадзяне краіны ў гэтых рэгіёнах.

Варта, напрыклад, звярнуць увагу на ягоны даклад “Даўгатэрміновая стратэгія ўстойлівага развіцця Беларусі: тэндэнцыі, вызавы і магчымасці”, з якім ён у якасці першага намесніка міністра эканомікі выступіў на ХХ Міжнароднай канферэнцыі “Праблемы прагназавання і дзяржаўнага рэгулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця”, што прайшла ў Мінску 17-18 кастрычніка 2019 года.

У сваім дакладзе спадар Чарвякоў агучыў тры варыянты развіцця эканомікі Беларусі да 2025 года.

Першы варыянт ён назваў інерцыйным. Згодна з гэтым варыянтам валавы ўнутраны прадукт (ВУП) краіны ў 2025 годзе складзе 85 млрд долараў ў эквіваленце (у мінулым годзе — каля 60 млрд). А сярэдні заробак дасягне памераў у 664 долары, што будзе адпавядаць 37% ад сярэдняга заробку ў Польшы (1792 долары).

Другі варыянт — мэтавы. Тут праглядаюцца планы па дасягненні ВУП 2025 г. у памеры 100 млрд долараў з сярэднім заробкам па краіне ў 41% ад сярэдняга заробку ў Польшы.

І трэці варыянт — аптымістычны. Плануецца ВУП у памеры 120 млрд долараў і сярэдні заробак — 84% ад сярэдняга заробку ў Польшы.

Мабыць, вось такія фантастычныя пражэкты, адарваныя ад рэальнага жыцця, і паўплывалі на рашэнне кіраўніцтва краіны па прызначэнні Чарвякова на пасаду міністра.

Нават у праекце Нацыянальнай стратэгіі устойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2035 года (НСУР-2035), падрыхтаванага згодна з пастановай Савета міністраў № 392 ад 25 мая 2018 года, не назіраецца аптымізму новапрызначанага міністра эканомікі, хоць ён і прымаў удзел у распрацоўцы гэтага праекта стратэгіі. Тут закладзены больш сціплыя лічбы ў якасці мэтавага арыенціра — выхад да 2025 года на ВУП у 100 млрд долараў, у што таксама вельмі слаба верыцца.

Гэта ўжо не першая стратэгія устойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь. Раней былі зацверджаны стратэгіі на перыяд да 2020 года і на перыяд да 2030-га, у распрацоўцы якіх Чарвякоў прымаў удзел у якасці дырэктара Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі.

 

Які ж эфект дала наяўнасць усіх гэтых стратэгій для грамадзян краіны?

Эфектыўнасць стратэгій устойлівага развіцця, у распрацоўцы якіх прымалі ўдзел дзесяткі супрацоўнікаў Міністэрства эканомікі, Навукова-даследчага эканамічнага інстытута, іншых дзяржаўных установаў, разгледзім на прыкладзе рэгіянальнага развіцця, якое курыраваў апошні час Чарвякоў.

Сусветная тэндэнцыя распрацовак і рэалізацыі стратэгій устойлівага развіцця ў рэгіянальным аспекце ў першую чаргу прадугледжвае забяспячэнне роўных магчымасцяў і высокіх стандартаў якасці жыцця для кожнага чалавека незалежна ад месца яго пражывання.

У тэкстах усіх трох Нацыянальных стратэгій устойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь таксама прадугледжваліся падобныя падыходы да развіцця рэгіёнаў — скарачэнне адрозненняў ва ўзроўні і якасці жыцця насельніцтва вялікіх і малых гарадоў, сельскай мясцовасці пры зніжэнні ўзроўня канцэнтрацыі вытворчасці ў Мінску, абласных цэнтрах і развіццё рэгіянальнай інфраструктуры.

Дзеля забеспячэння ўстойлівага развіцця рэгіёнаў планавалася, што першаснае значэнне ў гэтым плане будзе мець распрацоўка і рэалізацыя ва ўсіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках абласнога і базавага ўзроўня стратэгій устойлівага развіцця на прынцыпах партнёрства мясцовых органаў улады і грамадскасці.

Прадугледжваецца, што ў мясцовых стратэгіях будуць вызначаны асноўныя накірункі па забяспячэнні ўстойлівага развіцця рэгіёнаў, здзяйсненні неабходных пераўтварэнняў у гарадскіх і сельскіх населеных пунктах у мэтах забеспячэння паўнавартаснага асяроддзя для пражывання, па стварэнні ўмоваў, стымулюючых развіццё прадпрымальніцтва, мясцовага самакіравання.

 

Але што ж мы маем на практыцы?

А рэальнае жыццё на практыцы паказвае зусім адваротнае.

Адрозненні ва ўзроўні і якасці жыцця насельніцтва вялікіх і малых гарадоў, асабліва сельскай мясцовасці, толькі ўзрастаюць. Розніца ў заробках за аднолькавую працу для жыхароў розных населеных пунктаў павялічваецца. Беларусь працягвае ператварацца ў краіну аднаго горада ў межах мінскай кальцавой дарогі.

Пры наяўнасці падрыхтаванай ужо трэцяй Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця, да гэтай пары ні адна адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка розных узроўняў у краіне не мае распрацаванай стратэгіі ўстойлівага развіцця сваёй тэрыторыі.

Пра мясцовае самакіраванне і казаць няма чаго. Рэдкія, адзінкавыя спробы на ўзроўні грамадскасці па распрацоўцы стратэгій устойлівага развіцця тэрыторый не выклікаюць зацікаўленасці ў мясцовых органаў выканаўчай улады.

У выніку, кожны раз пры прызначэнні новага кіраўніка мясцовай вертыкалі кожны з іх пачынае кіраваць падпарадкаванай яму тэрыторыяй з пункту гледжання асабістых уражанняў, па ўказаннях і распараджэннях вышэй стаячага чынавенства, і ні ў якім разе — не згодна планаў развіцця гэтай тэрыторыі, патрэбаў і інтарэсаў грамадзян, пражываючых тут.

Часцей за ўсё, у такім выпадку лёсавызначальныя рашэнні для таго або іншага рэгіёна прымаюцца чыноўнікамі, якія пражываюць за сотні кіламетраў ад гэтых тэрыторый і ведаюць аб іх толькі са справаздачнай інфармацы.

Падобныя падыходы ў кіраванні рэгіёнамі, якія ўжо прывялі да дэградацыі некаторых тэрыторый, можна пабачыць на прыкладзе Магілёўшчыны.

Каля 10 год таму назад па камандзе з Мінску ўсе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Краснапольскага раёна (гаспадаркі, аграснаб, сельгастэхніка, сельгасхімія) былі аб’яднаныя ў адно ААТ “Краснапольскі” з захаваннем да гэтай пары структуры раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі.

Як адбывалася тое аб’яднанне, і якія негатыўныя наступствы яно пацягнула за сабой, пакуль пакінем па-за ўвагай. Але ў выніку з Краснапольскага раёна былі вымушаны з’ехаць нават тыя працаўнікі, што заставаліся тут не збаяўшыся наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Яскравым прыкладам бязглуздзіцы ў кіраванні рэгіёнамі на карце Магілёўскай вобласці з’яўляецца і Круглянскі раён, у якім па рашэнні зверху, насуперак волі працаўнікоў і жыхароў горада, былі ліквідаваны шмат прадпрыемстваў, у тым ліку Круглянскі льнозавод. А тое, як зараз развальваецца асноўнае горадаствараючае прадпрыемства, зусім нядаўна — адна з найлепшых будаўнічых арганізацый у краіне — “Круглянскае ПМК № 266”, з цягам часу ўвойдзе ў падручнікі па эканоміцы як прыклад самага неэфектыўнага кіравання.

Прыкладам неэфектыўнага кіравання тэрыторыяй з’яўляецца і Шклоўскі раён, у эканоміку якога з дзяржаўнага і абласнога бюджэтаў рэгулярна паступаюць аграмадныя фінансавыя ўліванні.

У выніку Шклоўскі раён стаў асноўным расаднікам такой негатыўнай з’явы, як карупцыя сярод чынавенства. У некаторыя гады па гэтых паказніках раён займаў лідзіруючае месца ў Беларусі, даючы да 60% карупцыйных складнікаў у маштабах Магілёўскай вобласці.

Нягледзечы на рэгулярныя фінансавыя паступленні з бюджэту, будаўніцтва новых і рэканструкцыю дзеючых прадпрыемстваў, будаўніцтва жылля і сацыяльных аб’ектаў у раёне, адсутнасць Стратэгічнага плана ўстойлівага развіцця рэгіёна прыводзіць да пастаянных перакосаў у развіцці тэрыторый, што цягне за сабой штогадовае змяншэнне колькасці насельніцтва раёна амаль да 500 чалавек, і ў значнай ступені за кошт міграцыйных працэсаў.

І гэта не адзінкавыя прыклады неэфектыўнага кіравання як рэгіёнамі Магілёўскай вобласці, так і ў іншых абласцях. Нават жахары Бабруйска — буйнейшага прамысловага цэнтра вобласці — маюць праблемы з пошукам працы па месцы жыхарства і нярэдка вымушаны шукаць магчымасці працаўладкавання ў іншых месцах.

Нажаль, беларускае чынавенства, як у цэнтры, так і ў рэгіёнах, вельмі далёкія ў сваім разуменні ад тых праблемаў, з якімі штодня сутыкаюцца простыя грамадзяне, асабліва ў невялікіх гарадах і сельскай мясцовасці.

Таму любое прызначэнне якіхсьці чыноўнікаў на новыя пасады, як і прызначэнне новага міністра эканомікі, варта разглядаць як простае перамяшчэнне іх па вертыкалі або па гарызанталі ў рамках абмежаванага кола асоб, здольных разумець “правільнасць курса” развіцця краіны.

Без пераменаў масавай свядомасці беларускага чынавенства ўсіх узроўняў у мэтах прызнання жыццёвай важкасці новых канцэптуальных падыходаў да праблемаў развіцця грамадства, узятых на ўзбраенне перадавымі краінамі Еўропы і свету, без прыцягнення да іх рэалізацыі насельніцтва, з выкарыстаннем дэмакратычных працэдураў, зменаў да лепшага ў эканоміцы краіны, у развіцці рэгіёнаў у бліжэйшыя часы не намячаецца.

Таму, усе гэтыя планы міністра, Стратэгіі ўстойлівага развіцця, іншыя праграмныя дакументы так і будуць заставацца бессэнсоўнымі і не адпавядаючымі рэаліям беларускага жыцця.

 

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.