Павел Севярынец. ПРАТЭСТ. План «А» — адзіны, план «Б» — байкот

Павел СЕВЯРЫНЕЦ
Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.
Партыйная дэмакратычная апазіцыя нарэшце аб'ядналася — каб правесці народнае галасаванне і вылучыць адзінага лідэра. АГП, ПБНФ, БСДП, рух «За Свабоду», БХД ды іншыя — разам.
Аб'яднанне — гэта вельмі добра.
Упершыню за 25 гадоў у Беларусі пройдуць народныя свабодныя выбары, дзе лічыць галасы будзе не мадам Ярмошына, а вы самі.
Любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь зможа прагаласаваць.
Сіла дэмакратыі — у вольных выбарах. Каб набраць гэтую сілу, мы два з паловай месяцы будзем езьдзіць па Беларусі (пад 80 гарадоў), зладзім народнае галасаванне ў інтэрнэце і правядзем супольны Кангрэс.
Выбраны лідэр можа стаць лідэрам удзелу, пратэстаў ці байкоту — гэта вырашыцца бліжэй да кампаніі.
Мы ідзем не на спектакль, які рыхтуе сістэма. Мы ідзем ламаць сцэнар рэжыму.
І чым больш шматлюднымі будуць нашыя праймерыз — тым больш людзей выйдзе на пратэсты.
Калі адзінага не рэгіструюць, калі будуць рэпрэсіі — прадугледжаны актыўны байкот аж да нацыянальнай забастоўкі.
Такім чынам, план «А» — Адзіны, план «Б» — Байкот.
Надзея не на Еўропу, не на Расею, і не на «гранты». Захад зараз — партнёр Лукашэнкі. Ніякага знешняга фінансавання гэтай кампаніі няма. Беларуская палітыка павінна рабіцца за беларускія грошы.
Працэдура няпростая, але мы пайшлі на яе, каб падраўняць шанцы прэтэндэнтаў — каб усе, хто мог, падпісаліся.
Пастараюся больш выразна патлумачыць, чаму мы ідзем такім шляхам.
Першае.
Выбраць народным галасаваннем у сакавіку-траўні адзінага лідэра апазіцыі — на 26-м годзе дыктатуры, у крытычны момант, пад пагрозай расейскага штурму — неабходная ўмова далейшых дзеянняў.
Лукашэнка, Расея, Захад маюць рычагі і інстытуты, каб уплываць на лёс Беларусі. Беларускі народ ня мае. Апазіцыя раздробленая, у жалю вартым стане.
Народнае галасаванне здольнае даць адзінства і сілу. Адчуванне еднасці. Натхненне.
У гэтым сіла дэмакратыі: той, хто удзельнічае ў рашэнні, бярэ на сябе адказнасць і пачынае рабіць. Таму аб'езд 80 гарадоў з галасаваннем і інтэрнэт на працягу двух з паловай месяцаў — гэта нарошчванне сілы. Сёння Слонім прагаласаваў так. Заўтра Маладзечна гэтак. А ты чуў, што апазіцыя сказала ў Гомелі?
Вось чаму гэта не кулуарная дамова (якая правалілася ў 2010-м і 2015-м). Трэба, каб вырашаў народ — бо менавіта ён можа скінуць ярмо і абараніць незалежнасць.
Другое.
Уявіце, што ў траўні, пасьля маніпуляцыяў Пуціна, пачынаецца форс-мажор. Расея, нафта, газ, сацыяльныя пратэсты, у Лукашэнкі здае здароўе альбо Масква ўжывае свае спецслужбы ды салсберэцкія шпілі. Першы, хто скарыстаецца — канечне, Крэмль. Пакуль апазіцыя — дзясятак гаварашчых галоваў, кожная са сваёй адзінай праўдай, дае проста узаемавыключны інфармацыйны шум.
Патрэбны адзіны, альбо прынамсі больш гучны голас. Кампанія дае такую магчымасьць.
Трэцяе.
Кампанія адзінага ў 2020-м — гэта не паўтор папярэдніх. ТРЭБА ЛАМАЦЬ СІСТЭМУ ФАЛЬСІФІКАЦЫЯЎ — і не 30 жніўня, не на Плошчы. Гэта ўжо будзе позна. Ламаць яе трэба загадзя, пачынаць на народным галасаванні увесну. Першае патрабаванне — адстаўка Ярмошынай. Масавы ціск. Атрымліваць пасведчанне кандыдата з рук чалавека, які сфальшаваў усё, што магчыма? Мой адказ — не.
Наступнае патрабаванне народа — няўдзел Лукашэнкі.
Ня мае права. 26 гадоў — і хопіць. Сам казаў: калі людзі запатрабуюць — не пайду. Людзі, давайце патрабаваць! І не толькі ў фэйсбуку! Паўсюль! Лозунг «Няўдзел!» — гэта пра няўдзел Лукашэнкі!
Патэнцыял кампаніі — мільёны беларусаў.
Скажаце, дык хто ж вам дасць... А свабоду не даюць. Яе бяруць. За яе змагаюцца. І не грызней міжсобку, ныццём ці паклёпамі. Разам і дружна.
Таму не задавайце пытанняў — што будзе на «прэзідэнцкіх выбарах». Выбараў няма. Каб яны былі, і каб 30-га лічылі галасы, нам з вамі трэба будзе падняць людзей, пачынаючы з народнага галасавання ўвесну. Ня ўдасца — ня будзе ніякага плану «А».
Рэпрэсіі? Нерэгістрацыя адзінага?
Тады толькі план «Б».
І вось што, сябры мае, найперш прыхільнікі байкоту ды нацыянальнай забастоўкі. Для таго, каб такія сцэнары мелі хоць нейкія шанцы, трэба з'яднацца і набраць сілу ў народным галасаванні па Беларусі.
Не пытайся, што зробяць «гэтыя». Спытай сябе, што зробіш ты.
У мяне розныя ўзаемаадносіны з лідэрамі дэмпартыяў. Там розныя людзі. Але яны змаглі дамовіцца, у адрозьненні ад кандыдатаў 2010-га і 2015-га. Нам, беларусам, пара вучыцца са слабасці атрымліваць моц, пераступаючы праз сябе. Гэта хрысціянская навука.
І гэта навука перамогі.
Далучайся — і будзем разам.
Верым, можам, пераможам!