Павел Севярынец. ПРАТЭСТ. Зламаць сцэнар фальсіфікацыяў

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Нарэшце ў медыях і сацсетках пачалося гарачае абмеркаванне палітычнай кампаніі 2020 года. Па сутнасці.

Хтосьці піша, што патрэбны удзел да канца. Хтосьці — што толькі Плошча. Хтосьці — што ігнор, і труп твайго ворага праплыве па рацэ. Хтосьці — што байкот з самага пачатку, і тады рэжым рухне.

Ды ня рухне ён сам па сабе.

Што зараз трэба рэжыму?

Давайце будзем шчырымі: рэжыму трэба падзяліць грамадства на прыхільнікаў удзелу і прыхільнікаў байкоту, і хай валтузяць адно аднаго, каб аж пыл курэў. Каб беларусы займаліся зацятым знішчэннем міжсобку, пакуль рэжым ціхенька абавязвае чыноўнікаў, настаўнікаў, дырэктараў чарговы раз зрабіць злачынства, прадугледжанае Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, артыкул 192, санкцыя ад двух да пяці гадоў турмы.

Але ўсе мы хочам вольных, справядлівых і сапраўдных выбараў — і тыя, хто за ўдзел, і тыя, хто за байкот. Праўда? Ці нехта ня хоча? ХОЧУЦЬ УСЕ.

Дык вось.

Давайце разбярэмся.

Ключавы момант кампаніі 2020 года — гэта не пачатак датэрміновых фальсіфікацыяў і нават не асноўны дзень галасавання. Ключавы момант — гэта абвяшчэнне кампаніі і прызначэнне “камісіяў”, якія займаюцца арганізаваным махлярствам.

Менавіта ў гэты момант патрэбны масавы пратэст.

Калі мы моўчкі, ціха і незаўважна ўваходзім у “выбарчы працэс”, пастка захлопваецца. Усё. Можаце трапятацца далей колькі заўгодна, скардзіцца ў прэсе, што “нашых, як заўсёды, не ўключылі”, звяртацца да міжнароднай грамадскасці і нават байкатаваць. Машына злачынстваў запушчаная, і зламаць яе, калі яна набрала хаду, на парадак складаней.

Таму: выхад на Плошчу трэба рабіць не тады, калі зладзейства ўжо адбылося. Трэба выходзіць на пратэст і патрабаваць адстаўкі Ярмошынай ды іншых фальсіфікатараў ПРАЗ НЕКАЛЬКІ ДЗЁН пасля абвяшчэння “выбараў”. Гэта абавязаныя рабіць і прыхільнікі ўдзелу, і прыхільнікі байкоту — РАЗАМ. Калі мы хочам вярнуць выбары — РАЗАМ!

Трэба масава падаваць заявы на ўключэньне ў камісіі апазіцыі і незалежных прадстаўнікоў, і рабіць новую хвалю пратэстаў, калі ім адмовяць.

Далоў Ярмо! Ніякага ўдзелу Лукашэнкі! Патрабуем свабодных выбараў — альбо поўны і безагаворачны байкот!

Скажуць, Паша, дык народ у гэты час не гатовы пратэставаць — маўляў, ачомаюцца, расчухаюцца і палітызуюцца толькі падчас агітацыі пад дату “выбараў”.

Вось для чаго народнае галасаванне ўвесну за Адзінага па ўсёй Беларусі, кампанія ў інтэрнэце і яднанне, даражэнькія мае! Для таго, каб народ ачомаўся і быў гатовы абараняць свой выбар!

Што, кажаш, пратэсты ўвесну? Дык могуць жа даць штрафы і суткі…

Могуць. А што вы хацелі? 26 гадоў жыць пры рэжыме і выйсьці з яго ў светлую будучыню проста з зоны камфорту? Проста удзелам? Проста байкотам?..

У беларускага народа больш не засталося іншых законных і мірных спосабаў зламаць сцэнар фальсіфікацыяў, акрамя масавых і настойлівых вулічных пратэстаў напачатку кампаніі, ды зразумейце ж вы нарэшце!

Лепш атрымаць штраф ці пятнаццаць сутак за пратэсты, чым потым наступныя пяць гадоў енчыць у інтэрнэце, што ўсе казлы, усё ня так, ўсё кепска і зноў не атрымалася.

Нашыя продкі пяцьсот гадоў выбіралі на вольных выбарах усіх — ад старастаў і войтаў, паслоў на соймы, бурмістраў — да вялікіх князяў і каралёў.

І з Масковіяй ваявалі, і паміралі за тое, каб выбіраць сваё начальства, а не цару-бацюшку ці ягоным халуям па-халопску боты лізаць.

І пачынаць трэба цяпер. Зараз. Трэба сустракацца з тымі, хто арганізоўвае фальсіфікацыі ў вас у раёне, мястэчку, вёсцы. Яны жывуць сярод нас. Яны такія ж беларусы і грамадзяне. Для іх таксама дзейнічае 192 артыкул Крымінальнага кодэксу. Трэба глядзець проста ў вочы гэтым чыноўнікам, настаўнікам, дырэктарам. Трэба казаць па-людску. Не рабі злачынства. Не крадзі ў народа права выбару. Не забівай будучыню. Не падыгрывай д’яблу. Бог усё бачыць. Ты ж чалавек. 26 гадоў ужо, хопіць! Ты ж можаш адмовіцца.

Што, народ ня выйдзе?

Мне ў снежні таксама хорам казалі, што ня выйдзе.

Так гэта наша з вамі галоўная задача — за некалькі месяцаў патлумачыць людзям, што трэба выйсці — і ламаць сцэнар фальсіфікацыяў. Ня трэба гаварыць, што ня выйдуць. Трэба сціснуць зубы і ісці ужо зараз, чалавек за чалавекам, пераконваць, каб выйшлі. Трэба прыходзіць на народнае галасаванне і там дамаўляцца, як выходзіць РАЗАМ.

І выйдуць тыя, каму гэта сапраўды трэба.

І нас будзе шмат.

Сабраў асноўныя пытанні, якія за два дні найчасцей задавалі на сустрэчах ды ў сацыяльных сетках.

Адказваю.

Пішуць: ды ніхто ня будзе ўдзельнічаць у вашым народным галасаванні.

Мілыя мае, я кожны год праяжджаю больш як сто гарадоў і мястэчак з сустрэчамі і прэзентацыямі кнігаў. Дзясяткі людзей у райцэнтрах, поўныя хаты ў мястэчках. За апошні год людзей больш у сярэднім у паўтара разы. Людзі хочуць надзеі. Людзі ня хочуць яшчэ пяць гадоў ныць у сацсетках пра абрыдлае. Людзі хочуць пераменаў.

Пішуць, ты радыкальны.

Дарагія! Ды беларусы цяпер у разы больш радыкальныя, чым вы. Яны плююцца ад бяззубасці і імітацыі, а не ад рашучасці. Памятаю выступ на адным з недармаедскіх мітынгаў, калі прадстаўнік апазіцыі прапанаваў “дыялог” з райвыканкамам. Яго засвісталі.

Пішуць: “Даеш удзел да канца!” Пішуць: “Даеш байкот!”

І рвуць адно аднаго ў сеціве. Беларусы так умеюць. Насмерць.

Сябры! Не стамлюся паўтараць зноў і зноў. Рэжым сутыкае нас ілбамі, і ўпотай рыхтуе фальсіфікацыі. Наша яднанне магчыма толькі тады, калі мы РАЗАМ, і удзельшчыкі, і байкотчыкі, выйдзем на масавы пратэст супраць фальсіфікацыяў НАПАЧАТКУ КАМПАНІІ.

Безагаворачны ўдзел — гэта вельмі проста: моўчкі выконваеш працэдуру Ярмошынай, сапеш у дзьве дзіркі і атрымліваеш намаляваны 1%.

Безагаворачны байкот — гэта яшчэ прасьцей: нічога ня трэба рабіць, і нічога ня будзе.

А вось змаганне за вольныя выбары — гэта ох як няпроста. Абранне адзінага лідэра падчас шматлюднага народнага галасавання. Масавыя кампаніі “Далоў Ярмо! Далоў Луку!”. Паўсюднае вылучэнне ў камісіі. Стрымы на тысячы гледачоў па ўсёй Беларусі. Могуць затрымаць і даць штраф? Пасадзіць на суткі? А ведаеце, свабоду так проста не даюць. Яе здабываюць. Чыталі Купалу? “Кроўю, потам — ня быць скотам!”

Будуць масавыя рэпрэсіі? Тады ֫— масавы байкот.

Пішуць: “Масавы пратэст супраць фальсіфікацыяў пасля абвяшчэння “выбараў” — гэта фантазіі. Нічога ня будзе.”

Па веры вашай будзе вам. Напісаў Паша пост, што трэба выйсьці на вуліцы і ламаць сцэнар фальсіфікацыяў — сто сабраліся выйсьці. Напісаў Саша, што ўсё гэта лухта, фантазіі і ніхто ня выйдзе — дваццаць са ста падумалі і засталіся дома глядзець стрым. Так гэта працуе. Таму, калі можаш — дапамагай і станавіся побач. Ня можаш — не перашкаджай.

Паўтаруся, у снежні таксама ніхто ня верыў, што людзі выйдуць за незалежнасць. Выйшлі.

Пішуць: “Ну здымуць Ярмошыну, і што? Ну, будзе ўдзельнічаць Лука, і што?”

Сябры, а вы спрабавалі некалькі месяцаў будзіць народ пад гэтымі лозунгамі — па ўсёй Беларусі? Хадзіць ад дзьверы да дзьверы? Пераконваць, запальваць? Спрабавалі ў маштабах Беларусі размаўляць вочы ў вочы з тысячамі фальсіфікатараў, якія жывуць сярод вас? Прапаноўвалі ім адмовіцца, ды хаця б “захварэць”? Падчас народнага галасавання мы гэта пачнем.

Калі народу гэта сапраўды ня трэба — усё будзе марным. Але калі НАРОД падымецца — ніхто яго не пераможа.

Пішуць, трэба спакойна весці ціхую стваральную працу і чакаць, пакуль рэжым сам дасць дуба.

Ага. Дасць дуба гэты, прыдзе іншы. Альбо Масква. А народ праплыве міма. Стваральную працу трэба весці, я сам кнігі пішу, выдаю і тысячамі па краіне развожу. Але прыходзіць час, калі трэба на вуліцу выйсці, каб зразумець, наколькі змяніліся людзі за гады тваёй стваральнай працы. Можа быць, ужо пара.

Пішуць: “Ну-ну, на плошчы крычаць — гэта не перамовы пра нафту весці. А вось ці зможаш сесці за стол з Пуціным і не спасаваць?”

За дваццаць пяць гадоў у мяне бывалі і васьмігадзінныя допыты ў КГБ, і начныя маўчанні перад следчымі, і вывазы ў лес з пагрозамі закапаць. Так што ў вочы бандытам я глядзець умею. І сказаць кагэбэшніку Пуціну “Не” альбо паставіць яму умовы, паверце, змагу.

Калі мы будзем разам, адзіным народам, у адным духу — нас будзе не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

 

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Запрашаем чытачоў прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.