Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Мутацыя “віруса гігантаманіі” на Беларусі

Рыгор КАСТУСЁЎ

Рыгор КАСТУСЁЎ

Старшыня Партыі БНФ і грамадскага аб'яднання БНФ "Адраджэнне", экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, канцэпцыі дзяржаўнай палітыкі лесакарыстання ды іншых праграмных дакументаў БНФ.

Калі ўпершыню на Беларусі з’явіўся “вірус гігантаманіі”, дакладна ўжо могуць сказаць толькі гісторыкі, і то, мабыць, пасля доўгіх навуковых пошукаў і даследванняў. А вось прызнакі яго моцнай мутацыі праявіліся ўжо ў часы незалежнасці нашай краіны.

Як і ў медыцыне, дзе любы вірус, звычайна, найперш паражае найбольш слабыя арганізмы, так і ў эканоміцы — раней за ўсё церпяць найменш абароненыя ад свавольства чынавенства галіны.

У Савецкім Саюзе самай неабароненай галіной эканомікі заўсёды была сельская гаспадарка. Такой неабароненай яна застаецца і ў незалежнай Беларусі.

Першыя моцныя прызнакі мутацыі “віруса гігантаманіі” былі выяўлены ў сельскай гаспадарцы нашай краіны праз прыняццё закона № 202-3 ад 9 чэрвеня 2003 года “Аб рэарганізацыі стратных сельскагаспадарчых арганізацый”.

Дадзены закон, згодна ідэяў чынавенства, усталёўваў парадак рэарганізацыі стратных сельгаспрадпрыемстваў праз далучэнне іх да рэнтабельных прадпрыемстваў з мэтай павышэння эфектыўнасці вытворчасці.

Як праходзіла такая рэарганізацыя; з прыцягненнем прадстаўнікоў сілавых структураў, праз ламанне лёсаў людзей — гэта тэма для асобнай гаворкі.

У выніку, у большасці сваёй, былі створаны яшчэ больш неэфектыўныя ў кіраванні, стратныя, гіганцкія сельгаспрадпрыемствы, адбылося зніжэнне вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў маштабах краіны, павялічыўся яе сабекошт, рэзка ўзрос адток з сяла працоўнай сілы.

Чыноўнікам удалося дасягнуць толькі адной мэты, аб’яднаўшы па некалькі стратных гаспадарак у адну — скараціць колькасны склад стратных сельгаспрадпрыемстваў.

Калі напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў нашай краіне дзейнічала больш 2,5 тысячы сельгаспрадпрыемстваў, з іх — каля 1,5 тысячы калгасаў, то пасля рэалізацыі дадзенага закона засталося толькі некалькі соцен (без уліку фермерскіх гаспадарак), і іх колькасць працягвае скарачацца.

Найбольш моцна напачатку мутацыі “вірус гігантаманіі” паразіў Магілёўшчыну. Да прыкладу, Краснапольскі раён, дзе ў 2008 годзе былі аб’яднаны ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна ў адно ААТ “Краснапольскі”. Пры гэтым была цалкам захавана структура ўпраўлення сельскай гаспадаркі Краснапольскага раёна.

Надалей, гэтая зараза, узмацняючыся праз сваю мутацыю, выйшла на яшчэ больш шырокія рубяжы ў тэрытарыяльным плане і плане заражэння прадстаўнікоў чынавенства краіны самага высокага рангу.

25 лютага 2020 года, пасля шматлікіх нарадаў па абмеркаванні і шырокай інфармацыйнай кампаніі, кіраўніком краіны быў падпісаны указ № 70 “Аб развіцці аграпрамысловага комплекса Віцебскай вобласці”.

Асноўная сутнасць гэтага ўказа зводзіцца да таго, што на Віцебшчыне будзе створаны супергіганцкі аграхолдынг, у склад якога ўвойдуць 2/3 часткі сельгасугоддзяў на тэрыторыі вобласці.

Не засталіся абароненымі ад гэтай хваробы і прадстаўнікі іншых галін эканомікі і сацыяльнай сферы краіны.

У студзені 2018 года з ініцыятывы міністра ЖКГ Аляксандра Церахава ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы Віцебшчыны быў распачаты эксперымент. Сутнасць яго ў тым, што на тэрыторыі вобласці з’явілася гіганцкае прадпрыемства УП “Віцебскаблвадаканал”, якое стала поўным манапалістам у аказанні паслугаў па забяспячэнні вадой і аказанні паслугаў каналізацыі. У Оршы, Полацку, Наваполацку, Міорах, Докшыцах, Лепелі, Віцебску створаны філіялы абласнога вадаканала.

Як сцвярджаў міністр ЖКГ Церахаў, такая ініцыятыва павінна была забяспечыць надалей адмову ад датацый з бюджэту для пакрыцця расходаў, а таксама зніжэнне тарыфаў для бізнэсу за кошт канцэнтрацыі кіравання і рэсурсаў у адных руках.

Аднак ужо праз тры месяцы з “Віцебскаблвадаканала” ў Віцебскі аблвыканкам паступіў зварот аб неабходнасці павышэння тарыфаў для юрыдычных асобаў на ваду на адну чвэрць ад ранейшага кошта і амаль на палову — за каналізацыю.

Не стрымаў міністр і свайго слова аб гарантыях павышэння якасці камунальных паслугаў для спажыўцоў. Бо ўжо ў першыя месяцы пасля пачатку эксперымента якасць паслугаў пагоршылася, пачаліся перабоі з забяспячэннем насельніцтва вадой, асабліва ў сельскіх рэгіёнах вобласці.

Як сцяг, “вірус гігантаманіі” ў новай форме мутацыі міністрам ЖКГ А.Церахавым з Віцебшчыны быў перададзены чыноўнікам аблвыканкама і камунальнікам Магілёўшчыны.

І ўжо ў адпаведнасці з рашэннем Магілёўскага аблвыканкама № 27-60 ад 20 снежня 2019 года “Магілёўаблвадаканал” рэарганізуецца праз далучэнне да яго ўсіх гарадскіх, раённых вадаканалаў і аб’ектаў вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі вобласці. На тэрыторыі вобласці з’явіўся яшчэ адзін гіганцкі манапаліст па забяспячэнні вадой і аказанні паслугаў па каналізацыі. І калі на Віцебшчыне было створана 9 філіялаў, то магілёўскія чыноўнікі пайшлі яшчэ далей, заснаваўшы толькі тры філіялы — у Магілёве, Бабруйску, Касцюковічах, стварыўшы такім чынам шматлікія праблемы ў абслугоўванні аб’ектаў вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі, асабліва ў аддаленых раёнах вобласці.

Што могуць надумаць яшчэ беларускія чыноўнікі — нікому пакуль не вядома. Каб спыніць далейшы распаўсюд “віруса гігантаманіі” на астатнія рэгіёны краіны, тэрмінова неабходна распрацоўка антывіруснай сывараткі.

Нажаль, беларускае грамадства пакуль не выпрацавала і не мае антывірусных ін’екцый супраць свавольства і самавольства беларускага чынавенства, як на сёння ва ўсім свеце адсутнічае вакцына супраць каронавірусу.

Але ўсё гэта справа часу.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.