Павел Севярынец. ПРАТЭСТ. Змова па змаўчанні

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Сябры. Шмат пытанняў наконт праймерыз.

Адказваю.

Праймерыз задумваліся як свабодныя і справядлівыя народныя выбары, дзе людзі выбіраюць альтэрнатыву рэжыму.

Выбары без маніпуляцыяў і фальсіфікацыяў.

Калі ў Драгічыне, Пінску, Століне дзясяткі арганізаваных райвыканкамамі лукашэнкаўскіх чыноўнікаў і службоўцаў па ўказцы пачалі рэгістравацца на праймерыз і ўкідваць бюлетэні за аднаго з кандыдатаў (няважна, якога) — адбылася менавіта фальсіфікацыя і арганізаванае махлярства.

Адбылося тое самае, чым яны займаюцца на «выбарах» Ярмошынай. Укідваюць столькі, каб забяспечыць перамогу аднаго з прэтэндэнтаў.

Няўжо гэта не зразумела?

У папярэдніх гарадах на Віцебшчыне 1-2 чыноўнікі прыходзілі «на разведку». Пасля Берасця, дзе поўная заля крычала «Лукашэнка, сыходзь!» так, што сцены трэсліся, яны ўключылі машыну фальсіфікацыяў на поўную.

Мы маем прозвішчы і доказы, блогеры і незалежныя медыі публікуюць цэлыя гісторыі.

Гэта не свабоднае галасаванне. Дзяржаўным службоўцам загадваюць галасаваць так, а не інакш. Нават не таемнае галасаванне. У Століне начальства не таілася, пры людзях паказвалі падначаленым, за якога кандыдата галачку ставіць.

Гэта не волевыяўленне. Гэта — масавая фальсіфікацыя.

«Яны ж таксама народ». «Яны маюць права». «А якая розніца, за каго яны галасуюць»...

Людзі, вы што?!

Па форме правільна, па сутнасці — здзек, як казаў адзін класік.

На штабе кампаніі мяне агаломшыла адна рэч. Прадстаўнікі большасці апазіцыйных партыяў хорам даказвалі мне: «Няхай галасуюць! Мы ж дамовіліся, што падтрымаем любога з пяці. Выберуць жа яны з нас!»

Прыплылі.

Калі мы згаджаемся, каб Лукашэнка, а не народ, выбіраў з нашых шэрагаў зручнага для сябе спарынг-партнёра — гэта не народнае галасаванне. Гэта атрымліваецца конкурс прыгажосці апазіцыянераў, дзе журы ўзначальвае Лукашэнка.

Хачу верыць, што прамой змовы не было. Хачу верыць, што райвыканкамы не каардынавалі сваю яўку ні з кім з прэтэндэнтаў. Проста прыкідвалі патэнцыял апазіцыі ў тым ці іншым раёне і мабілізавалі 10, 20 ці 30 «сваіх».

Але тое, як дапамогу Лукашэнкі прынялі — мяне ўразіла.

Такая сабе змова па змаўчанні. Разам з уладай адбракаваць суперніка, канкурэнта, «нязручнага», «занадта радыкальнага». Народ «занадта радыкальнага» падтрымлівае, і ён набірае больш, чым астатнія, разам узятыя? Тым горш для народа.

Што можна было зрабіць у адказ?

Можна было абвесціць усеагульную мабілізацыю прыхільнікаў: Людзі! Нас жа больш, чым райвыканкамаўскіх ці БРСМа! Прыходзім і галасуем! Праймерыз ператвараюцца ў масавыя мірныя сходы і нават акцыі пратэсту.

Але на той момант, калі гэта стала ясна, пандэмія каранавіруса закрыла такі шлях. Сустрэчы адмяняюцца. Масавыя пратэсты пад пытаннем. Пандэміі мы не маглі прадугледзець.

Можна было б на штабе кампаніі распрацаваць фільтры для недапушчэння фальсіфікацыяў.

Якое там. «Хай галасуюць далей!»

У такіх варунках удзельнічаць у кампаніі далей ня мела сэнсу. Чакаць, пакуль райвыканкамы, БРСМ ды ідэолагі ўсыплюць патрэбную колькасць галасоў у скрыні ці праз інтэрнэт, а калегі папляскаюць у ладкі?

Пра БХД. Пакуль дзейнічае папярэдняе, студзеньскае рашэнне Нацыянальнай рады БХД пра ўдзел партыі — сябры партыі могуць самастойна вырашаць, удзельнічаць ім ці ня ўдзельнічаць. Зразумела, што мая каманда (а гэта пераважная большасць хрысціянскіх дэмакратаў) удзельнічаць далей у праймерыз не будзе. Адначасова я не лічу патрэбным абавязваць усіх партыйцаў выходзіць з усіх працэдураў (не хапала сварыцца яшчэ і на гэты конт).

Што далей?

Змаганне працягваецца. Каронавірус блытае планы не толькі нам, але і Лукашэнку, і Расеі.

Пра тое, што далей — у наступным допісе.

Верым, можам, пераможам!

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.