Галіна Каржанеўская. ПРАБЛЕМА. Беларуская медыцына. Антырэйтынг

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Нарадзілася на Случчыне ў сям’і аграномаў. З бацькамі пераехала ў Лагойскі раён, дзе некаторы час настаўнічала пасля заканчэння БДУ (філфак). З 1981 г. жыве ў Мінску. Працавала на рэспубліканскім тэлебачанні і ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Паэт, крытык, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

“Толькі раз на жыцці выйшаў я ўпярод”. Гэты крылаты выраз цяпер цалкам тычыцца медыцыны. Толькі і гаворкі, хто дзе хварэе і як пазбегнуць заражэння.

Што пры эпідэміі, што без яе — без дактароў ніяк. Месяцамі пільнуем талон да ўчастковага, выседжваем чаргу на прыём, п’ём пігулкі, цягаемся на ўколы, часам трапляем у больнічкі. Ніхто не застрахаваны. Усе мы час ад часу кволімся, штосьці выходзіць са строю і выбівае цябе з рабочага стану. На лекі ідзе ладная частка пенсіі, а ў некага — і зарплаты. Мы жывём з тымі генамі, якія атрымалі ў спадчыну, і толькі нямногія нішчаць сваё здароўе планамерна і з задавальненнем.

Тэма здароўя і медыцыны ў многім табуіравана, бо закранае сферу інтымнага. За маленькімі сакрэтамі тояцца падчас вялікія праблемы. Прафесія лекара заўжды была прэстыжнай, што кампенсуе іх невялікія (у нас) заробкі, плюс другасная выгада — самі ведаеце якая.

Падзялюся асабістымі ўражаннямі і меркаваннямі пра сучасную ахову здароўя.

У ёй працуюць як практыкі, так і практыкуючыя кіраўнікі розных узроўняў: загадчыкі адзяленняў і кафедр, галоўныя ўрачы і іх намеснікі, начмеды і гэтак далей. Іх задача не толькі забяспечваць парадак ва ўстанове, але і служыць буферам паміж вечна незадаволенымі пацыентамі і вярхушкай: гарадскімі, раённымі і абласнымі ўпраўленнямі і Міністэрствам аховы здароўя. То бок: згладжваць канфлікты, выдаваць патрэбныя паказчыкі і дыягназы, падчышчаць статыстыку. (Вы ж не думаеце, што медстатыстыка нечым лепшая за ўсе астатнія?) Урэшце кантраляваць працэс і кіраваць калектывам.

І вось да якой высновы я прыйшла: медыкі-адміністратары перастаюць быць уласна лекарамі, яны становяцца функцыянерамі, і ў абсяг іх адказнасці не ўваходзіць “маленькі” нездаровы чалавек, іначай кажучы — пацыент.

У гэтай закрытай галіне як нідзе шмат замоўчванняў, хіба што армія ды міліцыя могуць скласці канкурэнцыю. “Начальнікі-маўчальнікі, вышэйшых велічальнікі“ — гэта напісана і пра іх.

Па прыклады далёка хадзіць не трэба: як дайшла лічба заражаных на CОVID-19 да сотні, дык скончыліся ўсялякія проблескі “празрыстасці”. Усе замаўчалі, як языкі паадкусвалі. Бо як ты будзеш ведаць, які там у каго вірус, калі няма чым вызначаць?

Выжыве — добра, значыць загартаваўся. Не выжыве — што-небудзь напішам, пустой паперыны не выдадзім. Бо галоўнае — прэстыж дзяржавы. Ну любіць наша дзяржава пакрасавацца, пахваліцца сваімі дасягненнямі. І эканомія не на апошнім месцы.

Што й казаць, медыцына сягнула ўперад. Даўно мінуліся часы, калі сельскі доктар у любы час ночы бег на выклік са сваім чамаданчыкам або насіўся па бездарожжы на матацыкле. І зубы рваў, і роды прымаў. Ведаю выпадак, як мінскі хірург-анколаг на сабе валок жанчыну ў аперацыйную, бо спыніліся ліфты. У кожнага, бадай, ёсць гісторыі, як яго ратавалі і як вымучвалі людзі ў белых халатах. Адна з іх — з нашага ўжо часу.

У жанчыны забалела нага, і яна западозрыла тромб. Выклікалі хуткую, яе аглядзелі і адвезлі ў 4-ю гарадскую бальніцу. Ранкам прыйшоў палатны і сказаў як бы жартам: “Прыдумаюць жа такі дыягназ! Ды ў вас астэахандроз, я сам на яго хварэю…”

Праз дзве гадзіны наяўнасць тромба падцвердзілася. Толькі не падумайце, што эскулапу стала сорамна. Як з гуся вада! А каб такі, не дай Бог, дзяжурыў на хуткай дапамозе? Ды ён бы зусім адмовіў у шпіталізацыі!

Я распавядаю пра звычайныя, шэраговыя лячэбныя ўстановы, у розных там  лечкамісіях іншыя адносіны да пацыента і іншыя магчымасці. Да іх прыроўнены амбулаторны цэнтр пры ваенным шпіталі (прымацавана была як член сям’і). Ад самога персаналу, ад узроўню медыцынскага абслугоўвання засталіся самыя станоўчыя ўражанні.

Бог не роўна дзеліць… Як бываюць пасрэдныя настаўнікі, так не ўсе дактары правільна выбралі прафесію. Ва ўмовах недахопу кадраў (бо многія  з’ехалі за бугор або перайшлі ў прыватныя цэнтры) яны адчуваюць сябе досыць упэўнена: іх няма кім замяніць. Вось і маем тое, што маем.

Не кожны пацыент асмеліцца скардзіцца на ўрача па месцы жыхарства. Як ты пойдзеш да яго пасля са сваімі болькамі?

Сярод вузкіх спецыялістаў трапляюцца асабліва адораныя асобы. Іх не цяжка распазнаць: яны выкручваюцца ад дыягназаў. Для гэтага неабходна праводзіць пашыранае абследаванне, лішняя праца, да таго ж ліміты на накіраванні... Куча звычайных лабараторных аналізаў — любімая, а падчас і адзіная іх справа.

Для сябе я склала антырэйтынг галін беларускай медыцыны — з уласнага, натуральна, досведу.

На першым месцы ззаду знаходзяцца ўролагі. Можа, яны хіба пацыентаў-мужчын умеюць лячыць, а ў жаночым устройстве кемяць мала. Калі ў цябе не банальны цысціт, то з імі можна нагаравацца. Ігнаруюць скаргі, пазбягаюць аглядаў, не прапануюць цыстагрфіі, не шукаюць прычыну захворвання. А то яшчэ горай — выпішуць з інфекцыяй.

Я абышла ў горадзе некалькі ўролагаў, як платных, так і бясплатных, але без ніякага толку. Адзін, у раённай мінскай паліклініцы, асабліва ўразіў. Складзе рукі на грудзях і пытаецца: “На что жалуетесь?” Быццам я да яго ўпершыню заявілася. Кажу: “Доктар, вазьміце картачку!”. Хіба можна сур’ёзна ставіцца да медыка, які не зазірае ў картачку — то бок не адсочвае дынаміку захворвання? Паўгода цягалася без толку. У выніку сама сабе паставіла дыягназ (дзякуй інтэрнэту!), дабілася патрэбнага УЗІ, і мяне па адных яго выніках паклалі ў бальніцу. З цяжкасцю, але вычухалася.

Глыбока пераканана: для жанчын павінна існаваць спецыялізацыя “гінеколаг-уролаг”, што зняло б многія праблемы, псіхалагічныя дакладна.

На другім месцы ззаду — дэрматолагі. На кожны прышч яны глядзяць з такой цікаўнасцю, быццам прыйшлі на першую студэнцкую практыку. Само аб’яднанне дэрматалогіі са “стыднымі” хваробамі адбівае ўсялякую ахвоту да іх звяртацца. Што тычыцца сталічнага кожвендыспансера, адзінага на два мільёны насельніцтва, то там непарадкі пачынаюцца з тэлефона: звязацца з даведкай немагчыма. Я так і не здолела заказаць там хаця б адзін талон. Даводзіцца выбірацца ранкам ды ісці “па жывой” альбо звяртацца да платнікаў.

У складаных выпадках дэрматолагі пасылаюць да кансультантаў — кандыдатаў навук. Тыя, канешне, докі, маюць пры сабе сучасныя электронныя прыборы-фотаапараты. Ды што кепска — вядуць прыём пры двух дзесятках студэнтаў-практыкантаў. “Сядзіш, як у цілівізары, — як сказала адна кабета. — Хіба ўсё пры іх скажаш?”

На трэцяе ганаровае апошняе месца я змясціла б эндакрынолагаў з вуліцы Кісялёва. Яны заклінены на шчытавідку, як уролагі — на прастатыт. Ні пра якія іншыя гарманальныя захворванні не заікайся. Дзе трэба па пратаколу браць чатыры аналізы — бяруць адзін, ён і лічыцца канчатковым. Пералічваеш нейкія клінічныя прыкметы, што цябе непакояць. “А якая з іх галоўная?” — хітранька пытаецца доктарка. Я разгубілася. Адкуль жа мне ведаць такія тонкасці, я філолаг… На тым гаворка скончылася. Я адчувала сябе недавучкай, а адміністратарка радавалася, што лёгка адбілася.

Дыспансер перагружаны неверагодна, там запісваюць на прыём на паўтара месяцы наперад. Тое самае ў адпаведным цэнтры на Макаёнка. Хірургі не паспяваюць рабіць аперацыі.

Вы дзе-небудзь бачылі ў СМІ статыстыку па эндакрыналогіі? Вось і я не бачыла. Затое ведаю, як нам перашкаджаюць трапіць на прыём да вузкіх спецыялістаў: трэба прабіцца да ўчастковай, каб тая завяла да загадчыцы аддзялення або сама выдала жаданую паперчыну. Усё гэта робіцца для таго, каб прыхаваць відавочны факт недахопу ўсяго: кадраў, КТ і МРТ, рэагентаў, новых даследаванняў і падыходаў.

А тут яшчэ гэты незразумелы вірус, каторы нават не грып і ад якога мруць як мухі старэйшыя. Але не ў нас, не! Мы яму пакажам кузькіну маць.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.