Павел Севярынец. ПРАТЭСТ. Лукашэнка, сыходзь — разам з заразай!

Павел СЕВЯРЫНЕЦ
Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.
Тысячы беларусаў задыхаюцца і паміраюць у перапоўненых шпіталях. Браму для заражэння адчыніў Лукашэнка. І ён жа абвясціў «выбары сябе» на сёмы тэрмін — без рэальных супернікаў, без правілаў, нават без назіральнікаў.
Пераключыў увагу — са смерцяў людзей на «выбары сябе», любімага.
Маскі сарваныя. ЦВК Ярмошынай адмовіла ў рэгістрацыі практычна ўсім кандыдатам пратэсту, хто спадзяваўся выкарыстаць спектакль Лукашэнкі для палітычнай барацьбы з ім.
Тым, хто ўяўляў небяспеку для рэжыма — адмоўлена. Сяргей Ціханоўскі, каманда Мікалая Статкевіча, Павел Спірын. Кідаюць на «суткі» і даюць штрафы нават тым, хто абскарджвае беззаконне ў судзе!
Але дзясяткі тысячаў беларусаў ужо зараз пазбаўляюцца страху. Бадзёры Сяргей Ціханоўскі выходзіць з турмы і ў жывым эфіры абвяшчае новы аўтапрабег па Беларусі. 35 тысячаў чалавек глядзіць стрым Ціханоўскага, за пару гадзінаў збіраюць тысячы долараў. Стоп таракан! Сотні тысячаў людзей штодня глядзяць тэлеграм-канал «Баста» і чытаюць забароненую «Хартыю-97». Нават ашуканыя і прыніжаныя медыкі ў Бабруйску выходзяць на мітынг, каб сарваць эфір БТ.
Асобна хачу звярнуцца да тых, хто захапіўся вылучэннямі на «выбары» Бабарыкі, Цапкалы, Канапацкай, Дзмітрыева, Чэрачня і іжэ с німі.
«Идём на выборы!» «Голосуем!» «ЦИК абсолютно компетентна» «Массовые фальсификации невозможны» «Массовые репрессии — это миф» «Я не призываю к протестам»…
Гэтыя персанажы проста падыгрываюць старому банкроту і ягонай хеўры. Адно слова — цырк.
26 гадоў таму народ таксама гатовы быў падтрымаць хоць чорта лысага, абы не зненавіднага Кебіча. Падтрымалі чорта лысага. Тыя, хто здольны вучыцца на сваіх памылках — калі ласка, ацаніце крах надзеі падчас ярмошынскіх «выбараў», а таксама пагрозу стварэння прарасейскай сілы з дапамогай «Газпраму» і сацсеткавага маркетынгу.
«Я за вас прагаласую, а вы за мяне змагайцеся». «Дзе паставіць за вас подпіс?» «Чаму вы ня ўдзельнічаеце ў выбарах, я ж гатовы аддаць вам свой голас!»
Ня трэба займацца самападманам, сябры. Ваш голас у РБ ужо больш дваццаці гадоў нічога не вырашае, на «выбарах» поўныя фальсіфікацыі — як са статыстыкай COVID-19. Можа вырашыць іншае — грамадзянскае непадпарадкаванне, негвалтоўны супраціў, працяглы масавы пратэст, як у Берасці, змаганне, цвёрдасць, салідарнасць.
Вазьміце сябе ў рукі. Калі ня вы — то ніхто.
Дзьве палітычныя сілы, якія зараз разрываюць Беларусь — камунізм Лукашэнкі і імперыялізм Расеі — ўзаемазвязаныя і аднолькава варожыя Беларусі. Яны разбураюць краіну і нішчаць народ: рэжым фізічна, Крэмль ментальна.
Таму, яшчэ і яшчэ раз: асновай новай Беларусі можа быць толькі нацыянальная ідэя. Ядро яе — хрысціянскія маральныя каштоўнасці, беларуская мова і еўрапейская перспектыва. Новае беларускае Адраджэнне.
Беларусь прабуджаецца. Супрацьпаставіць грубаму гвалту, ціску, затрыманням і арыштам мы павінныя няўдзел у справах зла. У гэтым сіла бяссілых, як пісаў Вацлаў Гавел. У гэтым салідарнасць, як казаў Ян Павел ІІ і паўтараў польскі народ.
Бацькі не аддаюць дзяцей у школы. Службоўцы не ідуць на парады ды спартакіяды. Дактары ратуюць жыцці і не хаваюць праўду. Настаўнікі не фальсіфікуюць. Цэрквы і Касцёл не дабраслаўляюць падман. Сацыяльныя сеткі дыхаюць салідарнасцю на поўныя грудзі, як лёгкія здаровага чалавека.
Нарэшце, людзі ня ўдзельнічаюць у спектаклі Ярмошынай.
Гэта ня проста байкот. Задача — каб большасць беларусаў асэнсавала сябе большасцю, якая не выконвае загады дыктатара. Менавіта гэты псіхалагічны эфект у жніўні здольны даць вырашальны штуршок масавым мірным пратэстам і нацыянальнай забастоўцы. Сіла нараджаецца ад усведамлення еднасці і перамогі. І тады сэрца пачынае біцца ў рытме барабаннага бою.
Пустыя «выбарчыя ўчасткі» азначаюць поўныя вуліцы і плошчы.
Цяпер — беражэм адзін аднаго, не падпарадкоўваемся злу, гуртуемся і рыхтуемся выйсці. Хай Лукашэнка сыходзіць разам з пандэміяй.
Верым, можам, пераможам!