Павел Севярынец. ПРАТЭСТ. Народ, прыходзь — Лукашэнка, сыходзь!

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Сябры! У нядзелю, 7 чэрвеня, а 12:00 па ўсёй Беларусі адбудуцца ЛЕГАЛЬНЫЯ ПІКЕТЫ — у Менску, абласных цэнтрах, гарадах з насельніцтвам больш 100 тысячаў жыхароў і некаторых райцэнтрах. Каманды зборшчыкаў подпісаў становяцца ў цэнтры горада.

У вас ёсць абсалютна законная магчымасць прыйсці туды, каб сваёй прысутнасцю выказацца пра «сёмы тэрмін» Лукашэнкі, а таксама выявіць салідарнасць з Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам і іншымі незаконна затрыманымі.

Дыктатар баіцца і нервуецца. Тысячы людзей, якія 31 мая выйшлі ў цэнтры беларускіх гарадоў і сталі пад бел-чырвона-белымі сцягамі, натхнілі беларусаў па ўсёй краіне і выклікалі перапалох ды браджэнне ў шэрагах чыноўнікаў.

Вынікам гэтага страху стала затрыманне некаторых лідараў і актывістаў, а таксама чарговыя знявагі на адрас народа.

Нават за апошнія некалькі дзён Лукашэнка груба парушыў Канстытуцыю і Выбарчы кодэкс. Ён не мае ніякага права зноў вылучацца на прэзідэнцкіх выбарах!

Цяпер наша галоўная задача — каб людзей на легальных пікетах 7 чэрвеня было яшчэ больш, чым 31 траўня. Запрашэнне падпісацца за перамены — праз сацсеткі, тэлефанаванні, мясцовыя чаты і паблікі, мясцовыя медыя, блогераў — дазволенае дзеючым заканадаўствам. Зразумела, мы просім вас быць у масках і з сацыяльнай дыстанцыяй з увагі на пандэмію.

Мы — грамадзяне Беларусі і хочам бачыць вольную краіну для жыцця. Таму падчас збору подпісаў будзе дарэчная беларуская нацыянальная сімволіка. Сцягі Расіі, Савецкага саюза альбо іншых краінаў будуць успрымацца як правакацыя.

Таксама заклікаем не паддавацца на правакацыі асобных прастытутак альбо сімулянтаў, нават у форме. Наша задача — набіраць масавасць і сілу за кошт нарастальнай спакойнай, мірнай, але рашучай хвалі за перамены.

Асаблівую ўвагу варта надаваць падтрымцы затрыманых, салідарнасці, дасягнення адзінства.

Адначасова трэба разумець: проста подпіс і нават голас не даюць перамогі. Вырашае воля ўсяго народа, які выходзіць сказаць «НЕ!» Лукашэнку і «ТАК!» вольнай Беларусі.

Верым, можам, пераможам!

Сустракаемся ў нядзелю а 12:00.

Жыве Беларусь!

 

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.