Галіна Каржанеўская. ПРАБЛЕМА. Гонар ці гардыня?

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Нарадзілася на Случчыне ў сям’і аграномаў. З бацькамі пераехала ў Лагойскі раён, дзе некаторы час настаўнічала пасля заканчэння БДУ (філфак). З 1981 г. жыве ў Мінску. Працавала на рэспубліканскім тэлебачанні і ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Паэт, крытык, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Дзень Перамогі адзначаецца ў нас двойчы вясной і летам: 9 мая і 3 ліпеня. Да іх прыроўнены дзень пачатку Вялікай айчыннай вайны — 22 чэрвеня. Канцэпцыя ўсё тая ж, гераічная, адзіны прыклад па тэлебачанні — абарона Брэсцкай крэпасці. Так на дзяржаўным узроўні праяўляецца гонар за выйграную вялікімі ахвярамі вайну.

Гонар за Перамогу даўно ператварыўся ў дзяржаўную пыху. Гардыня ўласцівая не толькі індывідам. Гэта непамерны гонар, высакамер’е, завышаная самаацэнка, неадэкватнае бачанне сваіх заслуг і дасягненняў.

Пад гардыняй можа хавацца комплекс гістарычнай віны за тысячы загубленых жыццяў, разбазарванне людскога рэсурсу, абядненне генафонду. Згадваюцца словы Васіля Быкава: тэхніку на фронце ўлічвалі, за яе было каму адказваць. За людзей адказваў толькі Бог. Лагойскі зямляк прызнаваўся родным: “Мы па трупах хадзілі, як па дрывах”.

Мінулае чэпка трымае сённяшні дзень у сваіх абдымках. Адбываецца скажэнне гістарычнай праўды. Чым далей, тым радзей успамінаюць саюзнікаў. Раней ім прысвячалі адзін кароткі сказ, зараз і таго можа не быць. Быццам не было ваеннай дапамогі ў выглядзе аўта- і бронемашын, самалётаў, бензіну, сродкаў сувязі, боепрыпасаў, прадуктаў… Усё гэта і многае іншае паступала ў Савецкі Саюз у колькасці тысяч і мільёнаў — штук, літраў, тон.

Аднолькавыя рытуалы, аднолькавыя фільмы і канцэрты, аднолькавыя словы з трыбун… Усё гэта вельмі нагадвае адзін несканчоны дзень сурка. Няма руху наперад, няма пераасэнсавання даўнейшых падзей, няма жадання хоць неяк змяніць акцэнты.

Ці добра — тры разы на год нагадваць ветэранам і “дзецям вайны” пра перанесеныя пакуты?

Жыхар Плешчаніцаў расказваў па тэлефоне: “Прачнуся, бывае, сярод ночы, і не магу заснуць: усё вайна круціцца ў галаве… А неяк ранкам прадраў вочы і не разумею: што за пах такі рэзкі? Адкуль ён? Дзе я яго чуў? Успомніў. Гэта пах крыві на перадавой, дзе ляжалі раненыя і забітыя”.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.