Іван Пляхімовіч. РЭФЕРЭНДУМ. Канстытуцыя ў маім жыцці і жыцці маёй краіны

Іван ПЛЯХІМОВІЧ

Іван ПЛЯХІМОВІЧ

Кандыдат юрыдычных навук, дацэнт. У 2004–2008 гг. знаходзіўся на дзяржаўнай службе ў Нацыянальным цэнтры законапраектнай дзейнасці пры прэзідэнце, дзе займаў пасаду намесніка дырэктара. 17 год выкладаў на юрыдычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Аўтар двухтамовага Каментарыя да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У Каментарыі маюцца прыклады парушэння Канстытуцыі ў нашай дзяржаве. У 2019 г. звольнены з БДУ, нягледзячы на калектыўны зварот некалькіх соцень выпускнікоў і студэнтаў юрфака, накіраваны ў яго падтрымку рэктару ўніверсітэта.

Улады заявілі пра намер унесці змяненні ў Канстытуцыю. Якую ролю фактычна адыгрывае Канстытуцыя і да чаго звядзецца сэнс яе змянення?

Канстытуцыя 1994 г. распрацоўвалася пад кіраўніцтвам парламента — Вярхоўнага Савета, ён яе і прыняў. Пасады прэзідэнта тады яшчэ не існавала. Беларусь апошняй з рэспублік былога СССР увяла гэты орган. Для падрыхтоўкі праекта Асноўнага закона Вярхоўны Савет стварыў канстытуцыйную камісію. У межах камісіі сфарміраваліся дзве рабочыя групы, якія самастойна займаліся праектам Канстытуцыі. Адну з іх узначаліў намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Васіль Шаладонаў, а другую дэпутат парламента Віктар Ганчар, які бясследна знік у 1999 г.

Напісаны камісіяй праект Канстытуцыі надрукавалі ў рэспубліканскіх газетах для ўсеагульнага абмеркавання. З’яўляючыся на той час вучнем 11-га класа сярэдняй школы № 3 г.Ашмяны і плануючы неўзабаве паступаць на юрыдычны факультэт, я заўзята стаў чытаць першы ў сваім жыцці прававы дакумент.

Памятаю, што вельмі натхнілі пачатковыя словы гэтага дакумента: «Мы, народ Рэспублікі Беларусь». Аднак далёка не ўвесь канстытуцыйны тэкст выдаўся для непадрыхтаванага чытача займальным і зразумелым. Мне давялося сутыкнуцца з цяжкасцямі ўспрымання адмысловых тэрмінаў ды юрыдычных канструкцый. Дачытаць праект Канстытуцыі сваёй краіны стала для вучня школы справай гонару, і дадзеная задача была выканана.

Гэтыя ўспаміны саграваюць душу цяпер ужо не школьніка, які за гады працы над Каментарыем да Канстытуцыі аб’ёмам больш 2 тыс. старонак усе 146 артыкулаў Асноўнага закона вывучыў напамяць.

15 сакавіка 1994 г. Канстытуцыя была прынята пераважнай большасцю галасоў парламентарыяў. Напэўна, за яе галасаваў і дэпутат Вярхоўнага Савета, дырэктар саўгаса «Гарадзец» Шклоўскага раёна Аляксандр Лукашэнка, які быў таксама адным з членаў канстытуцыйнай камісіі.

Канстытуцыя замацавала прэзідэнцкую (дуалістычную) рэспубліку, заснаваную на падзеле ўлад і прыналежнасці выканаўчай улады прэзідэнту. Даміноўную ролю павінны былі адыгрываць два органы (дуалізм): Вярхоўны Савет і прэзідэнт.

На ўніверсітэцкіх занятках па канстытуцыйным праве я паказваў студэнтам нумар «Народнай газеты», дзе пад выявай герба «Пагоня» меўся ўжо не праект, а прыняты тэкст Канстытуцыі. Зачытваў змешчаную там рэдакцыяй прадмову да Канстытуцыі: «На 3-й і 4-й старонках гэтага нумара друкуецца дакумент, якога чакалі даўно, з якім цесна знітаваны нашы надзеі на дастойнае, цывілізаванае жыццё, — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. …І калі газета, як сцвярждае выслоўе, жыве адзін дзень, то надрукаванаму сёння Асноўнаму Закону нашай дзяржавы, спадзяёмся, наканаваны доўгі і плённы лёс».

Так не атрымалася. Амерыканцы жывуць па сваёй Канстытуцыі больш за 200 год, мы не здолелі пражыць і дзвюх. Грамадства і ўлада былі аб’ектыўна не гатовымі да рэалізацыі мадэлі дэмакратычнай прававой дзяржавы, замацаванай Канстытуцыяй. Адсутнічалі такія перадумовы, як рынкавая эканоміка, клас прадпрымальнікаў, масавыя партыі, высокі ўзровень палітыка-прававой культуры насельніцтва. Дэмакратыя каштавала б няшмат, каб яе можна было пабудаваць усяго за некалькі гадоў.

Канстытуцыя была распрацавана пад уплывам заходніх канстытуцыйных узораў. Меўся і суб’ектыўны фактар парушэння і ўрэшце скасавання першапачатковай рэдакцыі Канстытуцыі — імкненне да адзінаасобнай улады Лукашэнкі, абранага першым прэзідэнтам улетку 1994 г., яго рашучасць у супрацьстаянні з Вярхоўным Саветам.

Трэба прызнаць, што некаторыя адступленні ад канстытуцыйных нормаў ўчыняў і Вярхоўны Савет. Аднак 26 год прэзідэнцтва Лукашэнкі паказалі, на што ён гатовы ісці дзеля пашырэння і ўтрымання сваёй улады.

У нашай Айчыне з савецкіх часоў амаль кожны правіцель імкнуўся прыняць сваю канстытуцыю. Даўгавечнымі такія канстытуцыі не бываюць, бо абслугоўваюць інтарэсы іх ініцыятараў, але апошніх гэта мала цікавіць.

Узяўся за (анты)канстытуцыйную справу і Лукашэнка. На ініцыяваным ім рэферэндуме 1996 г. унесены фармальна змяненні ў Канстытуцыю, фактычна ж папраўкі, абвешчаныя прынятымі, нагадваюць новую Канстытуцыю. Рэферэндум, а на яго быў пастаўлены цэлы шэраг пытанняў, праходзіў з сур’ёзнымі парушэннямі прававых нормаў. Канстытуцыйны суд прыняў заключэнне, паводле якога неправамерным з’яўляецца вынясенне на рэферэндум змяненняў у Канстытуцыю для прыняцця абавязковага рашэння. Тады прэзідэнт прысвоіў сабе паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета і пачаў рабіць захады, каб вынесці змяненні Канстытуцыі на рэферэндум для прыняцця абавязковага рашэння.

Тым не менш, дастаткова сказаць, што на дзень асноўнага галасавання не існавала ніводнага апублікаванага прававога акта, якім вызначалася б, што канстытуцыйныя змяненні вынесены для прыняцця абавязковага рашэння. Нягледзячы на гэта, пасля рэферэндуму ўлада абвясціла аб прыняцці народным галасаваннем змяненняў у Канстытуцыю, якія маюць абавязковую сілу.

За дзесяцт дзён да рэферэндуму прэзідэнт незаконна ўсклаў на Лідзію Ярмошыну абавязкі старшыні Цэнтрвыбаркама. Вось так распачалося яе кіраўніцтва галоўнай выбарчай камісіяй.

Адзначу, што большасць насельніцтва, напэўна, падтрымлівала прэзідэнта на момант рэферэндуму 1996 г.

У навуцы вылучаюць тры разнавіднасці рэспубліканскай формы кіравання: парламентарную, прэзідэнцкую ды змяшаную. Змяненні ў Канстытуцыю 1996 г. усталявалі іншую — суперпрэзідэнцкую. Папрацаваўшы, можна знайсці яшчэ краіны, дзе яна сустракаецца. У такой рэспубліцы, па сутнасці, адмаўляецца прынцып падзелу ўлад, прэзідэнт не толькі ажыццяўляе выканаўчую ўладу, але і мае значныя паўнамоцтвы ў заканадаўчай ды судовай галінах.

Змяненні ў Канстытуцыю наблізілі яе тэкст да ўмоў жыцця беларускага грамадства, аднак замацоўвалі аўтарытарызм, добра знаёмы нам з савецкага перыяду. Так што і першапачатковая, і новая рэдакцыі Асноўнага закона мелі свае недахопы.

Паводле змяненняў у Канстытуцыю, адлік тэрміну прызідэнцкіх паўнамоцтваў пачаўся з нуля — ад 1996 г. Дзіўна, але тады Лукашэнка яшчэ не меў намеру застацца ва ўладзе пасля 2006 г. (пасля двух тэрмінаў прэзідэнцтва). У вынесенай ім на рэферэндум рэдакцыі Канстытуцыі засталася першапачатковая забарона адной і той жа асобе займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны.

Гэта быў «пралік» Лукашэнкі, і ў 2004 г. ён узяўся яго выпраўляць. Зноў быў ініцыяваны рэферэндум, але толькі па адным пытанні — выключыць з Канстытуцыю названую забарону. Праводзіць агульнадзяржаўны рэферэндум і чарговы раз змяняць Канстытуцыю дзеля інтарэсаў канкрэтнай асобы — прыкмета несумленнасці ўлады.

Наогул, канстытуцыя прызначана быць падмуркам заканадаўства, узорным юрыдычным дакументам. Калі ж яна сама прынята з парушэннем прававога парадку, то сваё прызначэнне яна выканаць не ў стане.

Змяненне беларускай Канстытуцыі неўзабаве пасля яе прыняцця, спешная распрацоўка праекта паправак з удзелам вузкага кола асоб, парушэнні заканадаўства падчас правядзення рэферэндуму 1996 г., істотны перагляд першапачатковага тэксту Канстытуцыі ў форме змяненняў і дапаўненняў, які не дазваляе нават спецыялістам прыйсці да адзінага меркавання пра тое, гэта ранейшая ці новая Канстытуцыя і як належыць цяпер абазначаць яе, памяншаюць аўтарытэт Асноўнага закона.

Лукашэнку Канстытуцыя ў рэдакцыях 1996 і 2004 гг. была патрэбна, каб узурпіраваць уладу, яна для яго сродак і не больш таго. У прэзідэнта Беларусі нізкі ўзровень прававой свядомасці, што асабліва відавочна правазнаўцам, ён заўжды ставіў мэтазгоднасць ва ўласным разуменні вышэй законнасці.

Лукашэнка неаднойчы казаў, што не жадаў бы пакінуць дзеючую Канстытуцыю сваім пераемнікам. Прызнанне, якое з’яўляецца цынізмам. Гэтым выказваннем прэзідэнта пасаромлены тыя псеўданавукоўцы, якія ў сваіх публікацыях ды справаздачах аб выкананні праграм навуковых даследаванняў рабілі «глыбокія» высновы пра аптымальнасць дзеючай Канстытуцыі і замацаванай ёю формы кіравання.

Разумеючы хібы Канстытуцыі па парадку яе прыняцця і змесце, Лукашэнка не паважае Асноўны закон, які ён сам і спарадзіў.

У 2013 г. прэзідэнтам выдадзены дэкрэт «Аб удасканальванні судовай сістэмы Рэспублікі Беларусь», паводле якога ліквідаваны Вышэйшы гаспадарчы суд. Перашкодай для дадзенага саламонава рашэння не сталася тое, што Вышэйшы гаспадарчы суд шмат разоў згадваецца ў Канстытуцыі. Дзеля параўнання заўважу: у Расеі таксама скасавалі такі ж судовы орган, але зрабілі гэта правамерным чынам — спачатку выключылі палажэнні аб ім з Канстытуцыі.

Ніхто гэтак шмат не парушаў беларускую Канстытуцыю, як яе гарант, — менавіта так вызначае Асноўны закон ролю прэзідэнта. За два з паловай дзесяцігоддзі кіравання Лукашэнкі ім не праведзена ніводнай нарады па пытаннях рэалізацыі Канстытуцыі. Затое праблемы эканомікі, бяспекі і спорту абмяркоўваюцца на вышэйшым дзяржаўным узроўні па шмат разоў на год.

Дзяржаўнае свята — Дзень Канстытуцыі — праходзіць шэра і непрыкметна. Усё часцей даводзіцца сустракацца з тым, што нават студэнты юрыдычных факультэтаў не ў стане адказаць на пытанне аб даце прыняцця Канстытуцыі.

Наяўнасць у беларускай Канстытуцыі раздзела аб выбарах і рэферэндуме — яе асаблівасць у параўнанні з асноўнымі законамі замежных дзяржаў. Паводле гэтага раздзела, правядзенне выбараў забяспечваюць выбарчыя камісіі. Дадзеныя органы закліканы быць незалежнымі дзяржаўна-грамадскімі ўтварэннямі, якія фарміруюцца на шырокай дэмакратычнай аснове.

Ці верыў я ў тое, што на Беларусі яны такімі і з’яўляюцца? Не. Аднак дзеля пэўнасці вырашыў спраўдзіць кошт канстытуцыйных нормаў падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. Узяў бланк заявы на вылучэнне ў склад участковай выбарчай камісіі — гэта якраз від камісій, якія непасрэдна падлічваюць галасы выбаршчыкаў, — і выйшаў з кватэры на вуліцу. Падходзіў да людзей і казаў ім, што я дацэнт юрыдычнага факультэта БДУ, прапаноўваючы паставіць подпіс за вылучэнне мяне ў выбарчую камісію.

Дарэчы, людзі ў нас баязлівыя, асабліва жанчыны, многія разгубляліся, блыталі мяне з вылучэнцам у кандыдаты ў прэзідэнты. Як таго і патрабуе заканадаўства, сабраў 10 подпісаў і падаў заяву ў адміністрацыю Фрунзенскага раёна Мінска. Потым у газеце з’явілася рашэнне раённай адміністрацыі аб фарміраванні ўчастковых выбарчых камісій. Сябе ў складзе выбаркама я не знайшоў.

«Правераным» школьным настаўніцам фізікі, біялогіі, літаратуры аддалі перавагу перад дацэнтам канстытуцыйнага права. Што і патрабавалася даказаць.

Студэнты слухалі гэту маю гісторыю і пачыналі лепш разумець выбарчыя рэаліі сваёй Радзімы і кошт яе Канстытуцыі.

Органы судовай улады Беларусі не выкарыстоўваюць Канстытуцыю. У 2019 г. я звярнуўся ў суды са скаргай на парушэнні заканадаўства падчас конкурсу на займаемую мной пасаду дацэнта, па выніках якога быў звольнены з БДУ. Суды адмовілі мне ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы, спаслаўшыся на пастанову ўрада, якая не прадугледжвае магчымасці судовага абскарджвання конкурснага рашэння вну.

Пытанне было відавочным: пастанова ўрада супярэчыць актам большай юрыдычнай моцы — Канстытуцыі ды Грамадзянскаму працэсуальнаму кодэксу, дзе замацавана права кожнага на судовую абарону сваіх правоў. Аднак як у «лепшыя» савецкія часы, суды спаслаліся на падзаконны акт, а не на Канстытуцыю ці кодэкс.

Памятаючы пра ранейшыя змяненні ў Канстытуцыю, можна рабіць высновы аб сутнасці змяненняў, анансаваных уладай цяпер. Яны зноў звядуцца да таго, каб забяспечыць інтарэсы Лукашэнкі.

Напрыклад, у Канстытуцыю могуць уключыць нормы аб гарантыях для былога прэзідэнта: недатыкальнасць і адпаведна немагчымасць крымінальнага пераследу, ахова, дзяржаўнае забеспячэнне, пажыццёвая пасада (у верхняй палаце парламента ці іншым органе).

Каб прыхаваць сапраўдны сэнс канстытуцыйных змяненняў, да іх могуць далучыць і іншыя папраўкі папулісцкага кшталту, скажам, сацыяльныя гарантыі для грамадзян. Вопыт для пераймання ёсць — і ўласны, і расейскі.

Сярод паправак, вынесеных на рэферэндум 1996 г., было замацаванне права кожнага на годны ўзровень жыцця, уключаючы дастатковае харчаванне, адзенне, жыллё і пастяннае паляпшэнне неабходных для гэтага ўмоў.

На народнае галасаванне, якое адбылося ў Расеі сёлета пры канцы чэрвеня — пачатку ліпеня, вынеслі больш за 200 паправак у Канстытуцыю. Аднак сэнс усёй гэтай ажыццёўленай прэзідэнтам Пуціным кампаніі замыкаўся на тым, каб пераадолець канстытуцыйную забарону адной і той жа асобе займаць пасаду кіраўніка дзяржавы больш за два тэрміны і замацаваць гарантыі для асобы, якая знаходзілася на пасадзе прэзідэнта.

Ініцыяваннем і ўнясеннем паправак ў беларускую Канстытуцыю ўлада імкнецца вырашаць яшчэ адну задачу — стварыць ілюзію абнаўлення застарэлага дзяржаўнага рэжыму для прадухілення далейшай страты дзеючым прэзідэнтам галасоў выбаршчыкаў. Таму рэферэндум па змяненні Канстытуцыі могуць прызначыць на тую ж дату, што і чарговыя прэзідэнцкія выбары, у якіх зноў будзе браць удзел Лукашэнка.

У рэчышчы акрэсленай задачы сярод канстытуцыйных паправак ёсць верагоднасць убачыць абмежаванне кампетэнцыі прэзідэнта і замацаванне дадатковых паўнамоцтваў за палатамі парламента і ўрадам. Аднак фактычна гэта нічога не зменіць — уся паўната ўлады застанецца ў Лукашэнкі.

На Беларусі кіруе не Канстытуцыя, а правіцель. Таму і сапраўдных зменаў у краіне можна чакаць толькі пасля змены кіраўніка дзяржавы.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.