Галіна Каржанеўская. ВЫБАРЫ. Наш апошні бастыён

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Нарадзілася на Случчыне ў сям’і аграномаў. З бацькамі пераехала ў Лагойскі раён, дзе некаторы час настаўнічала пасля заканчэння БДУ (філфак). З 1981 г. жыве ў Мінску. Працавала на рэспубліканскім тэлебачанні і ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Паэт, крытык, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Нішто не прынесла столькі шкоды сучаснай Беларусі, колькі ідэя байкоту выбараў.

Мудрэц Зянон, выцеснены з радзімы, не ведаў, што рабіць з такімі, як у нас, выбарамі. І не прыдумаў нічога лепшага, апроч ёмкага слова “байкот.” На практыцы яно азначала, што 20 год у гэтым кірунку не было ніякіх зрухаў. На ўзбочыне грамадска-палітычнага жыцця аказаліся тысячы неабыякавых, актыўных, нацыянальна арыентаваных людзей. Яны і пастарэлыя дасюль перакананы, што дастаткова сказаць “фэ”, што няўдзел і ёсць рашэнне праблемы.

Між тым з гадамі рабілася толькі горай. Хвароба зайшла ўглыб і стала хранічнай. Кропка незвароту пройдзена. А беларусы аказаліся расколатымі яшчэ і па гэтай пазіцыі.

Лепшага падарунка ўладзе яны зрабіць не маглі. Знайшлі чым напалохаць! Баба з возу — каню лягчэй. Можна ўкінуць, можна проста прыпісаць. Галоўнае, каб не было заклікаў да байкоту, з чым аператыўна справіліся папраўкамі ў заканадаўства.

Куды мы трапілі і дзе нашы рэчы, народ зразумеў назаўтра пасля Плошчы 2010-га. З таго часу ўсё, што тычыцца ўлады і выбараў, перасталі абмяркоўваць у транспарце і на прыдамавых лавачках. Людзі неяк адразу абвялі і прыкусілі языкі, бо зрабілі адну важную для сябе выснову: з гэтай сістэмай лепш “не бадацца”, яна стала небяспечнай і можа затаптаць.

Далей на сталічныя ўчасткі добраахвотна ўжо мала хто наведваўся. Як паглядзіш у дамавую кнігу — там два-тры подпісы на вялікі дом. Адна сям’я прызналася, што знарок прыходзіла галасаваць каля васьмі, каб упэўніцца ў недахопе яўкі.

Нядаўна на антрэсолях выкапала я няношаную “палітычную” футболку з выбараў далёкага 2001-га. Прынт цікавы: белы шкілет рыбіны і два подпісы, на грудзях і спіне: “Она не имела голоса” и “Отдай свой голос”. Тады яшчэ актывісты партый думалі, што выбары нешта значаць, што на іх, калі прыкласці намаганні, можна перамагчы.

Першае знаёмства з лічбамі пратаколу (на датэрміновым) уводзіць у шок: “Чаму ў мяне 8, а ў іх 15?” Глядзіш на той лісток, як баран на новыя вароты, і ўсё тваё нутро супраціўляецца пабачанаму. Але мы мусім верыць уласным вачам. З гэтага моманту ў душы паднімаецца пратэст. Так нас адукоўвае і палітызуе ведамства Ярмошынай.

Беларускія выбары — гэта апафеоз абсурду. Зло ў чыстам выглядзе. Выклік здароваму сэнсу. Для назіральніка дужа захапляльнае відовішча, калі разумееш механізм. Бо як ты шыла ў мяшку не хавай, хоць дзе ды праколешся.

Я была сведкам, як на шэсць прэтэндэнтаў пасадзілі столькі ж лічыльнікаў, а пасля аб’явілі, акрамя гэтых шасці, што 120 галасоў “супраць усіх”. Хто іх лічыў? Старшыня забыўся прызначыць сёмага!

Горш за ўсё, што ў выбарную фантасмагорыю ўцягнута занадта многа народу. Найперш непасрэдныя выканаўцы: работнікі выканкамаў, кадравікі, настаўнікі, жэсаўцы, будаўнікі, медыкі… На чыёй пляцоўцы дзея адбываецца, той і не хочучы забрудзіцца. І ўсёй гэтай камарылляй кіруюць людзі ў пагонах. Але не з МУС, бо дзяжурныя міліцыянеры падпарадкаваны старшыням.

Вядомы выпадак, калі ў Мінску ў асноўны дзень быў вывешаны праўдзівы спіс падліку, дык у канцы прынеслася дзеўчынёха, лісток сарвала і знесла. Вы думаеце, міліцыянер перагарадзіў ёй дарогу? Не, ён не дазволіў яе даганяць!

Сітуацыю памяняла толькі незалежнае назіранне ад “Права выбару” і іншых структур. Яны давялі нам жыццёвую неабходнасць кантролю за выбарамі ўсіх узроўняў. Бо назіранне — не стамлюся паўтараць — і ёсць кантроль з боку дэмакратычнай грамадскасці.

Недахопам з боку названай кампаніі я лічу залішняе “упаванне” на выхаваўчы момант. Хтосьці лічыць, што чальцоў камісій можна заклікаць да “справядлівага падліку” або прысарамаціць. Марнае спадзяванне! Як не ўспомніць героя Ільфа і Пятрова, які краў — і саромеўся, краў — і саромеўся…

“Права выбару” зрабіла дзве важныя рэчы: па-першае, сабрала пад сваім крылом розныя палітычныя партыі і рухі; па-другое — засведчыла факт масавых фальсіфікацый дакументальна.

Аказваецца, усемагутную ЦВК можна перамагчы простым падлікам і зверкай з вывешаным пратаколам. Лічы і звярай! Не спазняйся ні на хвіліну, не дай сябе справакаваць “падсадным вуткам”, не сварыся з “іхнімі” цёткамі-псеўданазіральнікамі. Інакш яны цябе абліюць вадою і скажуць, што сам вінаваты. Тыя апошнім часам заняліся пісанінай: альбо на нашых скаргі кляпаюць, альбо пісьмова пацвярджаюць, як усё добра, ціха-мірна на іх участку. За старанную працу іх бясплатна кормяць у школьных сталоўках.

Камісіі адразу адчулі пагрозу ад прысутнасці чужых вачэй на ўчастку. Ужо ж наздзекаваліся за няпоўныя дзесяць гадоў дык наздзекаваліся! Выдалялі за адно слова на тэлефон, за настойлівую заўвагу, за тое, што ты наблізіўся да скрыні паглядзець пячатку або перайшоў рысу падчас падліку.

Адзін малады назіральнік вылецеў за першыя паўгадзіны. Я, кажа, проста сядзеў і глядзеў. А мужык-старшыня насцярожана за ім назіраў. Пасля працадзіў скрозь зубы: “Встал и вышел!” Юнак нават скаргу не здагадаўся падаць, бо першы раз сутыкнуўся з такім салдафонствам.

Але што я заўважыла: апошнія гады камісіі нас пачалі баяцца. Дакладней, не нас, пенсіянераў і маладзёнаў. Яны болей чым смерці баяцца публічнасці — інфармацыі або здымкаў у СМІ і сацыяльных сетках, свайго прозвішча ў публічнай прасторы. Можа, апасаюцца, што іх таксама не пусцяць у Парыж і ў Вільню?

І вось цяпер, калі народ падняўся, узрушыўся ў чаканні зменаў, калі масава даведаўся пра сэнс і значэнне назірання (чаму толькі цяпер?), нам усім афіцыйна аб’явілі: вас не будзе. Мы зробім усё, што нам даведзена, а вы будзеце лічыць на двары.

Шмат зроблена для “зачысткі” палітычнага поля. Без суда і следства сядзяць канкурэнты, актывісты адбываюць прэвентыўныя тэрміны. Наш апошні бастыён — назіранне. Іначай нашы галасы зноў скрадуць. Іх спешна запакуюць і туга заклеяць скотчам, каб спаліць пасля ў прыгарадным лесе. Развеецца попел, і не застанецца нават следу ад злачынства. Называецца злачынства проста: дыскрэдытацыя дзяржавы. Не ведаю, ці ёсць такі пункт у Крымінальным кодэксе.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.