Алесь Мікус. ПРАЕКЦЫІ. Наша Рэспубліка Салó

Алесь МІКУС

Алесь МІКУС

Нарадзіўся ў 1982 г. у Мінску. Адукацыя: аддзяленне псіхалогіі БДУ, аспірантура АПА. Музыка, перакладчык, публіцыст.

Масавая істэрыя (звычайная, дарэчы, рэч, таму не такая і дэманічная) міжволі накідвае думкі пра пералом ад дыктатуры да дэмакратыі, ад цемры да святла, з турмы ды ў сям'ю вольных народаў (як казалі ў нас на паваеннай эміграцыі). Масавыя істэрыі звычайна зачароўваюць.

Але гэта і напраўду больш чым выбары. Здавалася б, каторыя свядома выбіраюць, выбралі тутэйшую мову, тыя мусяць і глядзець шырэй на тое, што з ёю звязана. Але хутчэй валам пнуцца ў светлую будучыню, атрасаючы ланцугі з ног.

А тутэйшая мова яшчэ дзе-нідзе натуральна, прыродна гучыць. З вуснаў васьмідзесяцігадовых. Яны ўжо спешна адміраюць адзін за адным, адна за адной. Яны — апошнія, хто "з тых часоў". Калі зямля — радзіла, а гэтак гутарылі прыродна і адвеку. Яны ўнукам расказвалі пачутыя ад сваіх бабуль казкі.

Аўтар гэтых радкоў і сёння, праз трыццаць гадоў, памятае, з якой бабулінай інтанацыяй гучала "Пан у дзе-еда з бабай начаваў і жаро-онцы ўкраў. Аддава-ай, пане, жаронцы!" Інтанацыя крыху ўздымалася, вышэй ад натуральнага. І што мне такому тыя "Беларускія чарадзейныя казкі", хоць бы і са Славуковымі ілюстрацыямі...

Мы (хто як аўтар гэтых радкоў) — апошняе пакаленне сведак. Нашы дзеці — ужо з лічбавага Цапкалавага свету, са свету Шэйлакаў і Бабарык. Дзе ўсё алічбоўваецца, усё манетызуецца. Гэта зусім іншы цывілізацыйны тып.

Вось, гадоў дзесяць таму Ёнас Трынкунас, лідар літоўскай паганскай "Рамувы", казаў, што ў іх у Літве тая цывілізацыя "ўжо памерла". Банкі і выбары былі прыйшоўшы да іх, у І-ю Літоўскую Рэспубліку, раней. Яны нас апярэдзілі на пару пакаленняў.

У латышоў дайны, народныя песні з унікальным архаічным зместам, даўно ніхто не пяе — яны, рупна запісаныя, захоўваюцца ў картатэках у Латвійскай нацбібліятэцы.

Так, гэта ня проста выбары. Гэта сыходзяць тыя, хто пабачыў у Л-ку свайго. Таго, хто ў тутэйшую скарбонку думкі надоўга пакінуў выраз "ісці трэба ад зямлі". Мы цяперашнія ідзем (часцей ляцім) ад галавы. Алічбоўваем і пралічваем манетызуючы. Робім дыскрэтным, падрабняем.

Яшчэ Рэнэ Генон пісаў пра "царства колькасці", што ўпанавала. Чаму ніхто з суайчыннікаў мысляроў пра такое ня думае, ня кажа? Няўжо нікога няма ўжо ў "гэтай кропцы"?

Яшчэ ў 1918-м, калі БНР стваралася, нашамоўныя інтэлігенты і нашамоўныя каторыя "ад зямлі" былі менш-больш у адной кропцы. Праз сто гадоў першыя аддаліліся ў свой зусім асобны свет, а з другіх сёння засталіся апошнія — васьмідзесяцігадовыя.

Першыя адарваліся (добра, іх адарвалі даўно, у тым ліку рэпрэсіямі), другія выміраюць. І Л-ка быў эмблемай другіх. Бо першыя, якія мелі іх разумець і бараніць (а мо і, хай сабе, пераводзіць у brave new world), даўно ўваліліся ў гульні розуму.

Адзін тып незваротна сыходзіць. Цапкалава рэальнасць — у якой на хай сабе шэрую, але такую жывую рэальнасць накладаюцца штучныя фарбы, гукі і пакемоны, якіх трэба лавіць, — перамагае. І Бабарыкава рэальнасць — у якой даеш 1,00 руб., а назад бярэш 1,05 руб. — таксама.

Мала хто пазірае праз такую прызму, але так канчаецца нашая векавая кансерватыўнасць. Зонай архаікі называлі праз усё ХХ стагоддзе наш край міфолагі. Гэта да апошняга захоўвалася. Гэта і надалей будзе захоўвацца ў кніжках і творах "яйцагаловых" навукоўцаў — бы дайны ў латвійскай бібліятэцы.

Але каторыя пазбаўленыя грунту (і амаль — мовы), тыя такімі катэгорыямі ня мысляць. Унікальнасць par excellеnce ім ня рупіць, нават найразумнейшым. Рупіць унікальнасць на рынку работ і прадуктаў.

Хто ахвярна змагаецца за тое, што сыходзіць незваротна, ня могуць не выклікаць павагі. Юкіа Мішыма ці Рэспубліка Салó (даруйце за спрэчны гістарычны кантэкст, але так рэльефней). Бо па сутнасці гэта ня проста якоесь чаплянне за тое, што адмірае. Гэта, хай падсвядомае, процістаянне энтрапіі, няўмольнаму поступу смерці, якая забірае тых, хто састараў, і тых, хто проста аджыў.

Дык цяперашні свет у сваёй апантанасці толькі і робіць што ўсяк адмаўляе смерць, адмаўляецца яе прызнаваць, заплюшчвае на яе вочы. Ага, хай бы людзі, каторыя сваё адпрацаваўшы, знікалі па шчаўчку пальцаў.

Тыя, хто апошнімі з васьмідзесяцігадовых сыходзіць, бачаць (бачылі) смерць людзей неад'емна ад увяду раслін увосень ці ад гібелі слабейшай жывёлкі пад напорам мацнейшага звера. Але мы наступныя будзем па гэтай тэме хіба чытаць "Код бессмертия".

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.