Галіна Каржанеўская. ВЫБАРЫ. Няпрошаныя госці

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Нарадзілася на Случчыне ў сям’і аграномаў. З бацькамі пераехала ў Лагойскі раён, дзе некаторы час настаўнічала пасля заканчэння БДУ (філфак). З 1981 г. жыве ў Мінску. Працавала на рэспубліканскім тэлебачанні і ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Паэт, крытык, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Што адбываецца? З аднаго боку назіранне легальнае, жадаючыя паўдзельнічаць у выбарчым працэсе атрымліваюць афіцыйныя накіраванні ад палітычных і грамадскіх структур. Пратаколы прымаюцца, назіральнікаў запісваюць у гросбух, яны акрэдытаваны і могуць прыступіць да сваіх абавязкаў.

Ды вельмі ж не падабаецца іх функцыя дзяржаве. Ёй належыць забяспечыць дакументальна яўку і высокі працэнт, а тут няпрошаныя госці швэндаюцца, сунуць нос ва ўсе шчыліны і кляпаюць скаргі.

Што “лішнія” не будуць дапушчаны, вырашана было даўно і аргументавана эпідэмсітуацыяй. Ну дык адмовіліся б ад “Базару” і “Александрыі”, перанеслі б прэзідэнцкія выбары на пазнейшы тэрмін, калі з ковідам не справіліся. (Ды і хто справіўся?) Не, крайнімі сталі неабыякавыя грамадзяне.

У першы дзень датэрміновага назіральнікам сказалі, што вы спазніліся запісацца, ідзіце дамоў, мы вас паклічам у ваш дзень згодна графіка. Тыя, канешне, не паверылі і прыткнуліся ў вестыбюлях і калідорах.

Першы ж дзень выбараў адзначыўся немалымі прыпіскамі яўкі. Асабліва адораныя старшыні камісій увогуле не далі паглядзець пратаколы, вывешаныя ў класах. (Так было напрыклад, у СШ № 116, участак № 83.) А некаторыя іх не вывесілі ўвогуле.

На другі дзень няпрошаных гасцей паслалі яшчэ далей — на двор. Але тыя і на двары працягвалі пазменна лічыць, а вечарам прабіваліся да пратаколаў і звяралі лік прагаласаваўшых. Суадносіны лічбаў у адной мінскай школе выглядалі ўнушальна: 46 — 244.

У чацвер рэпрэсіі сягнулі яшчэ далей: частку выгналі за агароджу “рэжымнай установы”, частку пазбавілі сядушак. У СШ № 114 Першамайскага раёна (участак № 37) з-пад пажылых людзей адабралі крэселкі, раней прынесеныя з бібліятэкі, і забаранілі сядзець тым, хто прынёс свае. Сказалі: “Хочаце — стойце”. І перасталі пускаць у туалет, спасылаючыся на закрытасць установы. Я не ведаю, ці робяць такое ў месцах зняволення.

У СШ № 197 г. Мінска патрабавала пакінуць памяшканне дырэктар школы Собаль Т.С. Дзве назіральніцы папрасілі паказаць загад, згодна з якім яна дзейнічае. І даведаліся, што яны “лица, не связанные с образовательным процессом” і што яна не мае да іх ніякіх адносінаў. (А хіба камісіі звязаны з гэтым самым працэсам, спытаемся мы.) Кароткая дыскусія завяршылася прыходам ветлівага чалавека ў форме, які папрасіў пакінуць аб’ект і тым самым вызваліў выбарную камісію ад лішніх вачэй.

Расказваюць, што прылеглыя тэрыторыі патруліруе міліцыянер і двое мужчын у штацкім. Яны правяраюць дакументы на прадмет высвятлення асобы і акрэдытацыі на дадзеным участку.

Ужо на мінулых парламенцкіх каардынатар “Права выбару” пажартаваў, што прафесія назіральніка становіцца самай небяспечнай у краіне. Яшчэ трошкі, і іх часова выселяць за межы сталіцы. Выбарная кампанія, як слушна адзначыў адзін палітолаг, сапраўды ператвараецца ў спецаперацыю.

 

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.