Галіна Каржанеўская. ВЫБАРЫ. “Іх вялі пад канвоем, але не ў турму”

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Нарадзілася на Случчыне ў сям’і аграномаў. З бацькамі пераехала ў Лагойскі раён, дзе некаторы час настаўнічала пасля заканчэння БДУ (філфак). З 1981 г. жыве ў Мінску. Працавала на рэспубліканскім тэлебачанні і ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Паэт, крытык, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Усё да болю знаёмае на беларускіх выбарах. Знерваваныя дырэктрысы, якіх выставілі на пярэдні край неаб’яўленай вайны. Ветлівыя міліцыянеры, што выстаўляюць з участка кароткім словам “Прайдзёмце”. “Свае” лжэназіральнікі. Але з’явіліся і новыя, раней не бачаныя праявы.

Настойлівыя назіральнікі нагадваюць пра акрэдытацыю і наадрэз адмаўляюцца ісці дадому. Яны лічылі ў калідоры, вестыбюлі, на ганку, на лаўцы ў двары і за агароджай. (Каму як пашанцуе.) У школах павышаная баявая гатоўнасць. Ты з’явіўся галасаваць — і цябе сустракаюць двое на вахце (акрамя дзяжурнага), праводзяць да кабінета, а потым здаюць на тую самую вахту.

Шмат што было новым, нечаканым. Незалежных назіральнікаў упершыню не пусцілі на падлік — стварылі сабе цяплічную атмасферу. Упершыню прыпіскі яўкі ў буднія дні дасягалі лічбы 200 і болей. Упершыню многія камісіі не вывесілі выніковыя пратаколы.

Адны старшыні нічога не абяцалі, а другія абнадзеілі, што прадаставяць заключныя лічбы. Назіральнікі зазіралі ў вокны і бачылі, як разгортваюцца гармонікі бюлетэняў за Ціханоўскую. Лічылі выбаршчыкаў з белымі стужкамі на руках. На ўчастку № 37 Першамайскага раёна такіх у асноўны дзень было 480, але ж мы разумеем, што далёка не ўсе сябе абазначылі.

Чэргі жадаючых прагаласаваць дасягалі 600 метраў, людзей групамі прапускалі праз турнікеты. Камісіі, падобна, не былі зацікаўлены прыняць усіх: то бюлетэні сканчаліся, то скрыня перапоўнена. На некаторых участках прадоўжылі працу да 21-й гадзіны і пазней.

Пасля закрыцця ўчасткаў адбывалася самае цікавае. Палічыўшы і спакаваўшы нашы галасы, камісіі выключалі святло і сядзелі, як мышы, у чаканні эвакуацыі. (Гадзінамі мясцовыя жыхары чакалі іх выхаду.) Было, што збягалі праз чорны ход — калі ён быў. Горш, калі выхад адзін, цэнтральны. Тады мусілі чакаць спецахову ў выглядзе АМАПу.

Заказаных загадзя аўтобусаў не хапала. Прыбывалі “ратавальнікі”, бралі чальцоў камісіі ў калідор і вялі да аўтобуса. Натоўп свістаў і выкрыкваў на дзвюх мовах “позор!” і “ганьба!” Адна з назіральніц выказалася так: “Іх вялі пад канвоем, але чамусьці не ў турму”.

Жыхары бліжэйшых дамоў упершыню сышліся да сваіх участкаў: пад сто чалавек у старых раёнах і за 200 — ў новых. Прыходзілі з дзецьмі, з сабакамі, гулі, як разварушаны вулей. На ўсялякі выпадак пільнавалі каля службовых ўваходаў.

Каля СШ № 8 Маскоўскага раёна амапаўцы хапалі мужчын, ля 7-й гімназіі на Захарава проста ўсіх выцеснілі з тэрыторыі. У той самай 8-й школе старшыня збягаў першым са скрыняй у вялікім пакеце. Народ спыніў машыну і патрабаваў скрыню паказаць. Пакуль тузаліся, прыбылі экіпіраваныя малойцы.

Было неспакойна ў Чыжоўцы, чуліся крыкі з гімназіі № 106: там хапалі і грузілі ў аўтазак моладзь. Хтось, уцякаючы, навёў сілавікоў на суседнюю, 116-ю школу, заадно разагналі і старэйшых. Адна жанчына чула каманду па рацыі: “Пакуйце мужыкоў”. Яна не стрымалася: “Спачатку мужчын, потым за нас і за дзяцей возьмецеся?”

Члены камісіі маглі б сысці як белыя людзі, калі б яны асмеліліся вывесіць не фальшыўкі, а рэальныя падлікі. У тым уся фішка: вынікі галасавання давялося хаваць ад грамадскасці. Копіі або вывешвалі пад аховай, або — часцей — сыходзілі па-англійску.

Пра адзін з такіх неабнародаваных пратаколаў стала вядома (ад самой камісіі), што за Ціханоўскую галасоў было ў чатыры разы болей, чым за вечна дзеючага.

Няхай каардынатары назірання падлічаць колькасць участкаў, дзе лічбы хавалі ад людзей. Па логіцы на гэтых участках з вялікім адрывам перамагала Святлана Ціханоўская.

У СШ № 61 Першамайскага раёна назіраў прастаўнік ад чэшскай амбасады. Яму дазволілі прагледзець выбарку са ста бюлетэняў. Аказалася, што з іх 70 — за Ціханоўскую, а 30 за ўсіх астатніх.

На двух суседніх участак адной навучальнай установы маглі быць супрацьлеглыя паказчыкі. Напрыклад, на 71-м (СШ № 2 Фрунзенскага раёна) значыцца, што 719 за Лукашэнку і толькі 86 за Ціханоўскую. На 70-м наадварот: 1760 чалавек за Ціханоўскую і толькі 200 — за Лукашэнку. Якому мы паверым болей?

Назіральнікі “Права выбару” сведчаць, што лік прагаласаваўшых у асноўны дзень скарачаўся камісіямі ўдвая. Напрыклад, на участку № 14 Савецкага раёна было налічана “па галовах” 976 чалавек, а ў пратаколе значыцца 470.

У СШ № 186 Заводскага раёна (участак № 29) намялявалі лічбу ў 612 чалавек. Між тым акрэдытаваныя назіральнікі, якім дазволілі прысутнічаць, налічылі 650 толькі да трох гадзін дня. А галасаванне ж працягвалася да 20:00.

Прычын для скарачэння, на мой погляд, дзве.

1) Перастараліся з прыпіскамі ў дні датэрміновага галасавання. Прыплюсуй рэальны лік асноўнага дня — і працэнт яўкі сягне за сто. Так на асобных участках і атрымалася.

2) Скарачэнне лічбы асноўнага дня аўтаматычна змяншала ў пратаколах колькасць тых, хто прыйшоў падтрымаць асноўнага канкурэнта — Ціханоўскую. Не важна, што Святлана не палітык. Яна с а п р а ў д н а я, людзям спадабалася і яна сама, і тое, што прамаўлялася з экрана і на мітынгах.

Падвядзём вынікі. Выбарчы працэс не быў празрыстым, затое празрыста сведчылі пра ілжывасць падліковых звестак ганебныя паводзіны камісій. Пераможная — яшчэ да афіцыйнага падліку — прэс-канферэнцыя супала з першымі вулічнымі пратэстамі. Так што рана радаваліся…

Выбары, абстаўленыя такім чынам, рэпрэсіўныя і засакрэчаныя, не тое што сведчаць — крыкам крычаць аб падмане. Умераная дыктатура перайшла на іншую прыступку. Толькі не ўгару — у апраметную.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.