А1 дапаможа дзіцячай інфекцыйнай бальніцы ў барацьбе з COVID-19

А1 падтрымае Гарадскую дзіцячую клінічную інфекцыйную бальніцу, якая зараз аказвае дапамогу не толькі дзецям, але і дарослым пацыентам са станоўчым дыягназам COVID-19.

На набыццё апаратуры, абсталявання і сродкаў, неабходных для своечасовай дыягностыкі і лячэння каранавіруснай інфекцыі, кампанія скіруе 30 000 рублёў.

«Як паказала сусветная і беларуская практыка, для паспяховай барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй важная роля належыць не толькі тактыцы лячэння і самаадданасці медыцынскага персаналу, але і тэхнічнай абсталяванасці ўстаноў аховы здароўя. Як сацыяльна адказная кампанія мы лічым сваім абавязкам унесці пасільны ўклад у іх аснашчэнне сучаснай апаратурай для лячэння і дыягностыкі каранавіруснай інфекцыі — тым больш, што на гэты раз гаворка ідзе пра дзяцей і іх здароўе», — адзначыў першы намеснік генеральнага дырэктара кампаніі A1 Мікалай Юшкевіч.

Сродкі будуць пералічаныя УАЗ «Гарадская дзіцячая клінічная інфекцыйная бальніца» і пойдуць на закупку неабходнага абсталявання: рэанімацыйнай апаратуры, апаратуры для ПЦР-дыягностыкі, тэст-сістэм для дыягностыкі каранавіруса і іншага медыцынскага абсталявання.

«COVID-19 працягвае заставацца сур'ёзным выклікам, для адказу на які патрабуюцца значныя намаганні і рэсурсы. І, на жаль, сярод дзяцей гэтая праблема таксама актуальная. Дабрачынная дапамога ад А1 — гэта дадатковая магчымасць набыць неабходнае рэанімацыйнае абсталяванне, абсталяванне для лабараторнай дыягностыкі і аказання дапамогі нашым маленькім пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй, ахоўныя сродкі для медыцынскага персаналу», — адзначыла Марына Сакалова, галоўны ўрач установы аховы здароўя «Гарадская дзіцячая клінічная інфекцыйная бальніца».

Раней А1 ужо аказваў дабрачынную дапамогу УАЗ «Гарадская клінічная інфекцыйная бальніца» г.Мінска, зрабіў бясплатнымі званкі для жыхароў Беларусі на гарачыя лініі па пытаннях прафілактыкі інфекцыі COVID-19.

Кампанія таксама перадала беларускім медыкам, занятым барацьбой з распаўсюдам каранавіруснай інфекцыі COVID-19, смартфоны і бясплатную рабочую сувязь з мэтай вырашэння тэрміновых працоўных пытанняў і абмену інфармацыяй для выкарыстання ў самых гарачых зонах — там, дзе адбываецца лячэнне пацыентаў з віруснай інфекцыяй.