Беларускі рок атакуе Лядовы палац

 

Ігар ШАЎЧУК

25 красавіка ў мінскім Лядовым палацы адбудзецца самы буйны беларускі рок-фэст апошніх гадоў "Генералы айчыннага року".

Публіка ўбачыць на адной пляцоўцы, бадай, усе лепшыя гурты Беларусі — ад вядомых да тых, якія яшчэ нядаўна рабілі свае першыя крокі. Усё гэта трансфармуецца ў 4 гадзіны жывога гуку агульнай магутнасцю 30 кілават.

Першая частка фэсту — конкурс маладых гуртоў. Публіка павінна абраць тых, хто заўтра можа стаць новымі "генераламі". З двух дзесяткаў прэтэндэнтаў на ўдзел у конкурсе па выніках галасавання на сайце "Тузін гітоў" і ў "Музычнай газеце" вызначыліся сем фаварытаў — B.N. (Бяроза), Garadzkija (Мінск), Partyzone (Мінск), Znich (Мінск), "Куклы" (Мінск), "Сцяна" (Брэст), "Тэзаўрус" (Мінск).

25 красавіка кожны з гэтых гуртоў выканае па дзве песні са свайго рэпертуара ды зробіць максімум, каб спадабацца гледачам, бо менавіта яны вызначаць лепшых, галасуючы спецыяльнымі купонамі, атрыманымі перад канцэртам. Пасля заканчэння конкурса валанцёры збяруць у гледачоў купоны. Падчас другой часткі фэсту — канцэрта — вынікі галасавання будуць падлічаныя. Пры канцы імпрэзы яе вядучыя Віктар Шалкевіч і Святлана Зелянкоўская назавуць тры лепшыя гурты, якія атрымалі найбольшую колькасць галасоў. Пераможцы атрымаюць прызы ад фундатараў канцэрта: 1-е месца — магчымасць запісаць альбом,  2-е —зняць кліп, 3-е — прафесійны мікрафон ад крамы "MuzZone". Самы лепшы гурт дадаткова выканае яшчэ адну песню.

Пасля заканчэння конкурсу маладых выканаўцаў на сцэну выйдуць госці фэсту, прадстаўнікі розных плыняў сучаснай беларускай музыкі — гурты P.L.A.N., Zet, Zygimont Vaza, "Стары Ольса".

Потым выступяць самыя вядомыя выканаўцы айчыннага року — Kriwi, N.R.M., "Крама", Кася Камоцкая, "Нейра Дзюбель", "Уліс".

Падчас імпрэзы ў Лядовым палацы маладыя гурты будуць граць па 10 хвілінаў, госці — па 15, а "генералы" — прыкладна па 20.

Да фэсту плануецца выдаць унікальны кампакт-дыск, які таксама будзе мець назву "Генералы айчыннага року". Адметны ён будзе тым, што адначасова змесціць у сабе рарытэтныя архіўныя запісы легендаў беларускага року ("Бонда", "Мроя", "Мясцовы час" ды інш.) і цалкам новыя песні вядомых гуртоў (N.R.M., "Крама", "Нейра Дзюбель", Zet ды інш.) ды маладых выканаўцаў ("Куклы", Partyzone, B.N., "Тэзаўрус" ды інш.).

9 красавіка падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай фэсту "Генералы айчыннага року", высветліліся некаторыя недарэчнасці, звязаныя з арганізацыяй канцэрту. Андрэй Плясанаў, лідэр гурта P.L.A.N., заявіў, што назва "Генералы айчыннага року" не зусім карэктная. Больш дакладна было б назваць фэст "Генералы беларускага року".

Беларусь з'яўляецца айчынай не толькі для беларусаў, але і для габрэяў, палякаў, рускіх, якія тут нарадзіліся, — патлумачыў сваю заўвагу лідэр гурта P.L.A.N., — Калі гэта фэст айчыннага року, то ў ім павінны прымаць удзел выканаўцы, якія жывуць тут і неабавязкова спяваюць па-беларуску. Калі гэта беларускі рок-фестываль, то і яго удзельнікі павінны быць беларускамоўнымі.

Цікавая акалічнасць: Піт Паўлаў падчас фэсту будзе браць удзел у конкурсе маладых гуртоў разам са сваім праектам "Garadzkija" як "рок-радавы", а праз некалькі гадзін стане "генералам року", выступаючы ў складзе Kriwi. Няхай. Галоўнае, каб не стаміўся, і публіцы спадабалася.

У "Генералах айчыннага року" возьмуць удзел толькі беларускамоўныя гурты. У тым ліку і "Нейра Дзюбель", які раней спяваў выключна па-руску. Кіраўнік Беларускай музычнай альтэрнатывы Віталь Супрановіч адзначыў, што фэст "Генералы айчыннага року" у Лядовым палацы, разлічаным на тры с паловай тысячы гледачоў, — гэта вельмі сур'ёзны іспыт як для выканаўцаў, так і для арганізатараў.

— Мы ўжо прадалі на гэты канцэрт больш за тысячу квіткоў, — паведаміў Віталь Супрановіч, — Спадзяёмся, што нам ўдасца сабраць публіку і зрабіць сапраўднае свята айчыннага року.