У кінатэатры «Перамога» будуць паказваць замежныя фільмы з беларускай агучкай

Аб’яднанне «Кінаконг» і кінатэатр «Перамога» распачынаюць серыю кінапаказаў у беларускай агучцы «Беларускія ўікэнды». Паказы плануюцца штомесяц і будуць праходзіць на выходных.

Фільмы перакладзены на беларускую мову аб’яднаннем «Кінаконг». Галасы агучкі — вядомыя беларускія акцёры і тэлевядучыя Павал Харланчук, Ганна Хітрык, Сяргей Жбанкоў, Уладзімер Глотаў, Святлана Цімохіна ды іншыя.

Першы беларускі ўікэнд адбудзецца 22-23 кастрычніка. У гэтыя дні (суботу і нядзелю) а 19:00 кінатэатр «Перамога» пакажа фільм «Цудоўна Ласка». Захапляльная гісторыя змагання супраць рабства у Вялікабрытаніі была знята рэжысёрам «Хронік Нарніі» Майклам Эптэдам, а ў адной з галоўных роляў зняўся знакаміты брытанскі акцёр Бенэдыкт Камбэрбэтч. Уваход вольны.

 

 

31 кастрычніка з нагоды Дня Рэфармацыі пройдзе паказ гістарычнай драмы «Лютар». Кіно распавядзе неверагодную гісторыю чалавека, які 499 год таму змяніў увесь свет. У фільме задзейнічаная цэлая плеяда вядомых акцёраў, уключна са знакамітым сэрам Пітэрам Усцінавым («Лютар» — апошняя праца гэтага знакамітага брытанскага акцёра з рускімі каранямі). З-за выключнай гістарычнай дакладнасці кінастужка рэкамендавана для навучальных мэтаў. Пачатак а 19:00. Уваход вольны.

 

 

Наступны ўікэнд адбудзецца ў лістападзе. На выходныя 19-20 лістапада плануецца прэзентацыя дзіцячага фільма «Падынгтан», што распавядае пра прыгоды абаяльнага мядзведзіка ў Ангельшчыне. Брытанія знакаміта двума мядзведзямі: Віні-Пыхам і Падынгтанам. І калі першы шырока вядомы ў Беларусі, то Падынгтану яшчэ трэба заваяваць любоў маленькіх гледачоў. І ў перуанскага мядзведзя з манерамі ангельскага джэнтльмена гэта пэўна атрымаецца! Ролю галоўнага злачынцы выканала Ніколь Кідман.