Мінскія ўлады збіраюцца знесці дом, дзе жыве Мікола Статкевіч

Дом, дзе жыве былы палітвязень Мікола Статкевіч, сталічныя ўлады плануюць знесці. Пра гэта тэлеканалу «Белсат» паведаміў сам палітык. Афіцыйна дом з садам належыць жонцы Статкевіча, Марыне Адамовіч.

 

 

«На наступны дзень пасля акцыі «За сапраўдныя выбары» 12 верасня, калі верыць паперам, якія мы атрымалі, раптоўна ўлады прынялі рашэнне, што раптоўна ўзніклі грамадскія патрэбы знесці гэтую вулку і пабудаваць тут шматпавярховы дом. Побач у 50 метрах пачынаецца вялізарнае поле, дзе можна набудаваць гэтых дамоў… Я лічу, што гэта палітычна матываванае рашэнне, бо ўлада проста не ведае, як спыніць маю актыўную дзейнасць», — зазначыў Мікалай Статкевіч.

Палітык жыве ў доме жонкі з моманту вызвалення з турмы. Былога кандыдата на прэзідэнцтва асудзілі на шэсць гадоў турмы за арганізацыю паслявыбарчых пратэстаў 2010 года. Паводле Статкевіча, ягоным суседзям гарадскія чыноўнікі патлумачылі неабходнасць зносу прыватных дамоў загадам «з самага верху». Раней гэтая вуліца была пад абаронаю дзяржавы як гістарычная каштоўнасць.