Лявон Вольскі прадставіў аўтабіяграфічнае відэа на песню «Цёплае мінулае»

У сеціве адбылася прэм’ера відэа Лявона Вольскага на песню «Цёплае мінулае» з новага альбома «Псіхасаматыка». Кранальны ролік ад рэжысёра Мацвея Сабурава створаны на падставе архіўных фотаздымкаў музыкі ад часоў дзяцінства да нашых дзён.

 

 

«Цёплае мінулае» — гэта песня, якая складаецца з фрагментаў, з кадраў. Вось перада мною двор на вуліцы Адоеўскага: бабулі і цёткі сядзяць на лаўках пры пад'ездах, нешта ці некага жвава абмяркоўваюць, дзеці гуляюць у пекара ці цюхі, мужчыны гуляюць у шахматы ці даміно за негабляваным дваровым сталом… Вось я еду на 23-м тралейбусе ў мастацкую школу. Вось я граю першыя канцэрты на электрааргане «Юность-75»… А вось кадры з мноства розных выступаў, кожны з якіх быў асаблівы і кожны па-свойму запомніўся… Вось мы з Ганнай абмяркоўваем канцэпцыю канцэрту ў пераходзе… Паміж напісаннем гэтай песні і запісам голасу на студыі мінула некалькі месяцаў. І ўжо той час, калі я ствараў гэтую песню, зрабіўся «цёплым мінулым», бо цягам гэтых месяцаў жыццё кардынальна змянілася. Змяніўся я, змяніўся свет вакол мяне. І тое, што здавалася трывалым і непахісным, зрабілася цёплым настальгічным успамінам», — прадставіў гэтае відэа Лявон Вольскі на сваёй старонцы ў Facebook.

Новы альбом Лявона Вольскага «Псіхасаматыка» можна паслухаць і спампаваць на сайце www.lavonvolski.com. Канцэртная прэзентацыя дыска адбудзецца 3 снежня ў Вільні і будзе складацца з дзвюх аддзяленняў. Першае будзе прысвечана лірычным песням, другое — дынамічным рок-кампазіцыям. Прагучыць новы альбом «Псіхасаматыка», а таксама лепшыя песні з «Грамадазнаўства» (2014), іншых альбомаў і праектаў Лявона Вольскага.

Канцэрт адбудзецца ў абноўленым клубе Loftas. Квіткі: 65 рублёў (танцпол), 77 рублёў (балкон, стаячы), 110 рублёў (месца за столікам + дыск з аўтографам). Продаж: на сайце і ў касах Kvitki.by, а таксама ў салонах  «Связной» і «Евросеть» па ўсёй Беларусі. Бясплатныя візы можна атрымаць пры падачы не паздней за 24 лістапада.