Фотафакт: майстар з Гродна рэстаўраваў распяцце Хрыста, перад якім маліўся Каліноўскі

Рэстаўратар з гродзенскага Музэя гісторыі рэлігіі Уладзімір Кіслы ўратаваў сотні абразоў і іншых твораў сакральнага мастацтва. Нядаўна яму давялося адраджаць дастаўленае з Бераставіцкага раёну распяцце Ісуса Хрыста, перад якім прасіў Бога аб вызваленні радзімы вялікі сын зямлі беларускай Кастусь Каліноўскі.

Рэліквія гэта, расказвае Уладзімір Кіслы, шмат вынесла на сваім вяку — «уявіце, там каталікі і праваслаўныя па чарзе пілавалі яму ногі, рабілі то на адзін, то на два цвікі... Я рэстаўраваў і адчуваў, як гэтае распяцце пакутавала разам з лёсам нашай краіны. Гэта часам нагадвае вельмі трагічны сюжэт».

У 1980 годзе, калі Уладзімір пачаў працаваць у музеі, ён быў вельмі рамантычна настроены: «Мне здавалася, што праз культуру можна шмат што зрабіць. Думалася, што адбудуем палацы, загаворым на роднай мове і станем нармальнай еўрапейскай дзяржавай. На жаль, усё аказалася нашмат складаней».

Фота: svaboda.org