Фестываль аDNаK! уключаны ў рэйтынг крэатыўнасці і майстэрства АКМА на 2017 год

Вынікі фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі aDNaK! з наступнага года будуць уключаны ў рэйтынг крэатыўнасці беларускіх рэкламных агенцтваў АКМА.

У 2017 годзе фестываль аDNаK! чакаюць змены. З наступнага года ўсе намінацыі фестывалю будуць падзяляцца на 2 блокі:

1. Прафесійны блок – камерцыйная рэклама тавараў і паслуг, іміджавая рэклама кампаній. Удзел у намінацыях гэтага блоку будзе платны.

2. Грамадска-культурніцкі блок - сацыяльная рэклама, грамадсказначныя і беларусацэнтрычныя праекты.

Удзел у гэтым блоку будзе, як і раней, бясплатным.

Балы будуць атрымліваць рэкламныя агенцтвы і юрыдычныя асобы, якія аказваюць паслугі па стварэнню рэкламы.

Не будуць атрымліваць балы творчыя групы, фрылансеры і арганізацыі, якія не з’яўляюцца рэкламнымі агенцтвамі. Акрамя гэтага не будуць атрымліваць балы пераможцы конкурсаў ад партнёраў Фестывалю, а таксама намінацый “Конкурс нерэалізаваных праектаў” і “Каша сувораўская”.

Таксама зменшыцца колькасць складаў журы фестывалю. У наступным годзе іх будзе ўсяго пяць:

– крэатыўнае журы,

– журы дызайну,

– маркетынгавае журы,

– digital,

– журы сацыяльнай рэкламы/грамадсказначных і беларусацэнтрычных праектаў.

Сяргей Саўчук, член праўлення АКМА, адзначае: “Фестываль аDNаK! за гады свайго iснавання стаў адметнай падзеяй у грамадска-культурным жыццi краiны. Асацыяцыя камунiкацыйных i маркетынгавых агенцый Беларусi (АКМА) уключыла фестываль аDNаK! у свой рэйтынг, падтрымлiваючы гэтым развiццё беларускай мовы і беларускамоўныя камунiкацыi брэндаў. АКМА сумесна з арганізатарамі фестывалю аDNаK! возьме ўдзел у фармаваннi складаў журы фестывалю, а таксама ў дапрацоўцы конкурснай праграмы”.

 

Што застанецца нязменным:

- адметная адукацыйная праграма,

- узнагароджанне пераможцаў дыпломамі Фестывалю і падарункамі ад партнёраў,

- яскравая цырымонія ўзнагароджання.

Асноўная і нязменная мэта фестывалю - матываваць рэкламныя агенцтвы і прафесійных гульцоў рабіць праекты на грунце нацыянальных адметнасцяў.

Місія - развіццё рэкламна-камунікацыйнага рынку Беларусі і дэманстрацыя новых трэндаў і сучасных формаў масавай камунікацыі.

Уключэнне фестывалю ў рэйтынг крэатыўнасці АКМА дазволіць больш эфектыўна дасягаць пастаўленых мэтаў.

Тым больш, што пакуль яшчэ вельмі мала конкурсаў, якія насамрэч накіраваныя на развіццё лакальнага рынку. Фестываль aDNaK! за сем гадоў даказаў у гэтым накірунку сваю каштоўнасць і атрымаў прызнанне сярод прафесіяналаў. Уключэнне фестывалю ў рэйтынг крэатыўнасці ўзмацніць і гэтую пазіцыю.

 

Чаму ўдзел у Фестывалю aDNaK! платны і навошта ўдзельнікам атрымліваць балы?

Атрымліваючы балы па выніках фестывалю, агенцтва паляпшае сваё месца ў рэйтынгу, што спрыяе атрыманню новых буйных кліентаў, павелічэнню даходаў і развіццю бізнесу агенцтваў увогуле.

На фестывалі aDNaK! заўсёды вельмі шмат праектаў у намінацыях сацыяльная рэклама і беларусаарыентаваныя праекты. Павышаная ўвага фестывалю да сацыяльнай рэкламы і беларусаарыентаваных праектаў спрыяе павышэнню іх якасці, пашырэнню міжсектарнага супрацоўніцтва, а гэта, у сваю чаргу, істотна ўплывае на развіццё грамадства агулам. Усе ўдзельнікі фестывалю атрымліваюць вядомасць і грамадскае прызнанне.

Арганізатары ўпэўненыя, што калі ў адпаведных намінацыях перамагаюць прафесійныя гульцы рынку і атрымліваюць балы, то якасць праектаў астатніх удзельнікаў таксама будзе павялічвацца.

Усе падрабязнасці пра фестываль, намінацыі, умовы падачы работ і ўдзелу ў адукацыйнай праграме можна будзе атрымаць на сайце adnak.by з пачаткам новага фестывальнага сезону.