26 сакавіка «Крама» зноў выступіць з юбілейнай праграмай

Гурт «Крама» дасць вялікі вясновы канцэрт у бровары «Друзья» 26 сакавіка. Са слоў лідэра гурта Ігара Варашкевіча, гэта першы канцэрт у такім фармаце, але гурт плануе і ў далейшым збіраць сяброў і прыхільнікаў творчасці ранняй вясной.

У лістападзе мінулага году ў Prime Hall гурт “Крама” адзначыў 25-годдзе. Юбілейную праграму здымалі на відэа. Але падчас канцэрту здарылася катастрофа — завіс лічбавы гукавы пульт, і гук быў запісаны з бракам.

«Сутнасць не ў тым, хто быў вінаваты ў той сітуацыі, а тым, што ўжо нічога не паробіш. Было шмат ідэй, да прыкладу, запісаць гук для відэа ў студыі. Мы ад яе адмовіліся, таму што гэта будзе не сумленна. Таксама была ідэя перайграць гэты ж канцэрт у пустым Prime Hall, але, вядома, энэргетыка будзе зусім не тая, і мы таксама ад гэтага адмовіліся», — распавёў Ігар Варашкевіч.

Перабраўшы мноства ідэй, гурт вырашыў паўтарыць юбілейную праграму на вясновым канцэрце, у надзеі, што на гэты раз з гукам будзе ўсё добра. Атрыманы гук будзе змантаваны з відэа, знятым у лістападзе 2016-га.

«Канцэрты бываюць розныя, але гэта быў адзін з тых рэдкіх канцэртаў, калі ты проста купаешся ў гуку, выходзіш — і з першай песні ў цябе кантакт з залай, а свята доўжыцца дзве гадзіны. Таму губляць яго нельга, і мы вырашылі пайсці на такі кампраміс. Усё будзе па-сумленнаму. Проста гук будзе з іншай пляцоўкі», — падзяліўся Варашкевіч.

Адзінае адрозненне — на вясновым канцэрце не будзе запрошаных гасцей для выступлення з “Крамай” на адной сцэне, як гэта было ў Prime Hall.

«Гэта фізічна не магчыма. Мы, уласна кажучы, і ўвесь канцэрт не зможам паўтарыць, таму што ёсць песні, сыграныя ад пачатку і да канца, як на плытцы, пад метраном, а ёсць песні, якія маюць свой канцэртны варыянт: «Гэй, налівай», напрыклад, «Што дапаможа нам», дзе з залай ёсць пэўныя пераклічкі, там, дзе мы спяваем разам. На кожным канцэрце гэта адбываецца па-рознаму, і паўтарыць гэта немагчыма, тут законы матэматыкі не дзейнічаюць»,— падзяліўся лідар «Крамы».

Калектыў спадзяецца, што дзякуючы вясноваму канцэрту ўдасца выратаваць хаця б 70% ад юбілейнага.