«Чытаем па-беларуску з velcom». Да інтэрактыўных урокаў далучыліся больш за 17 000 школьнікаў

Серыя інтэрактыўных заняткаў праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» завяршылася ў Магілёўскай вобласці. Больш за 3000 малодшых школьнікаў у 25 школах і гімназіях рэгіёна атрымалі дадатковыя веды па беларускай мове.

Магілёўскі этап завяршыўся вялікім спецыяльным урокам для 100 вучняў 2-3 класаў у гарадской Ратушы — Музеі гісторыі Магілёва. Да сапраўднага моманту больш за 17 000 малодшых школьнікаў з 140 устаноў адукацыі Мінска, Гродзенскай, Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей прынялі ўдзел у незвычайнай ініцыятыве.

Галоўная мэта праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» — развіць цікавасць у малодшых школьнікаў па ўсёй краіне да беларускай мовы, літаратуры і культуры. Для гэтага распрацавана спецыяльная інтэрактыўная праграма заняткаў, а праводзяць іх незвычайныя настаўнікі: пісьменнікі, акцёры, музыкі, спартоўцы і тэлевядучыя.

Ініцыятарам адукацыйнай ініцыятывы з'яўляецца кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі.

«Валоданне мовамі робіць нас больш свабоднымі і шчаслівымі. Што датычыцца непасрэдна беларускай мовы, то ведаць яе варта для камунікацыі між сабой і «вандровак» у свет літаратуры, а колькі прыгожых песняў напісана па-беларуску. Каб карыстацца культурным багаццем нашай краіны і ствараць новыя шэдэўры варта ведаць родную мову. Тым больш гэта актуальна для нашага малодшага пакалення. Таму вельмі добра, што такія праекты па распаўсюджванню беларускай мовы, як «Чытаем па-беларуску з velcom» існуюць», — адзначыў музыка Андрусь Такінданг.