«Крамбамбуля» дасць першы з 2008 года сольны канцэрт у Мінску

31 мая ў рэстарацыі «Друзья» адбудзецца першы з 2008 года сольны канцэрт гурта «Крамбамбуля» ў Мінску. У праграме «Піраты Камсамольскага возера» прагучаць лепшыя песні з усіх альбомаў калектыва.

«Некалькі год мы хадзілі па лясах. Потым перабраліся на азёрныя выспы — там нас дакладна ніхто не мог знайсці. Але вось адзін чалавек знайшоў і запрасіў зайграць канцэрт. Вырашылі пагадзіцца. А там будзе бачна», — гаворыцца у заяве гурта з гэтай нагоды на афіцыйнай старонцы ў Facebook.

Гурт «Крамбамбуля» быў заснаваны ў 2002 годзе, як забаўляльны сайд-праект Лявона Вольскага. Калектыў вядомы па хітах «Абсэнт», «Госці», «Турысты», «Каб мы калі каму чаго». На рахунку «Крамбамбулі» шэсць студыйных альбомаў, апошні з якіх — «Чырвоны штраль» — выйшаў у 2015 годзе.

Сучасны склад: Лявон Вольскі (вакал, гітара), Павел Трыпуць (вакал, гітара), Павел Аракелян (вакал, саксафон), Андрэй Якубчык (вакал, труба), Алесь-Францішак Мышкевіч (вакал, бас-гітара), Павел Мамонаў (бубны).

Старт продажу квіткоў — у панядзелак 15 мая у 12:00. Кошт квіткоў — 22-38 рублёў.