2 лістапада Зміцер Вайцюшкевіч адсвяткуе 25 гадоў на сцэне

2 лістапада ў вялікай зале КЗ «Мінск» адбудзецца сольны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча «25 гадоў на сцэне». У святочнай імпрэзе возьме ўдзел гурт WZ-Orkiestra, а таксама адмыслова запрошаныя госці, імёны якіх будуць абвешчаны паздней.

Зміцер Вайцюшкевіч — спявак і музыка, кампазітар і прад’юсар, уладальнік шматлікіх наград і ганаровых званняў. Сваю кар’еру ён пачынаў у фолк-гурце «Палац» (1992-1998), потым разам з Веранікай Кругловай стаў адным з галоўных сімвалаў Kriwi (1997-2001).

На пачатку 2000-х Вайцюшкевіч распачаў паспяховую сольную кар’еру, у межах якой ён прайшоў шлях ад фолк-апрацовак да сучаснай нацыянальнай песні — не фолкавай па сваёй сутнасці, але беспамылкова беларускай па сваім музычным і лірычным паходжанні.

Зараз на рахунку Змітра больш за 15 альбомаў і канцэртных праграм на вершы вядомых беларускіх паэтаў: Рыгора Барадуліна, Алеся Камоцкага, Уладзіміра Някляева, Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Караткевіча, Адама Русака і іншых.

“Плануем вялікі канцэрт са святочным настроем і добрымі песнямі. Гэта будзе падарожжа праз розныя часы, гурты і праграмы. Прагучаць песні, якія ведаюць усе. Нават тыя, якія я ўжо даўно не выконваў”, — каментуе Зміцер Вайцюшкевіч.