Віталь Рымашэўскі: рашэнне аб сустрэчы папы рымскага і патрыярха маскоўскага будзе прымацца ў Крамлі

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі пракаментаваў правядзенне ў Мінску пленарнага паседжання Рады канферэнцый каталіцкіх біскупаў Еўропы і палітыку ўладаў Беларусі ў адносінах да цэркваў.

“Сустрэчу з каталіцкімі біскупамі Аляксандр Лукашэнка выкарыстаў выключна для свайго піяру. Усе рэчы, якія там задэкларавалі ўлады (неабходнасць павелічэння ролі хрысціянскіх канфесій у грамадскім жыцці Беларусі, неабходнасць пашырэння хрысціянскіх прынцыпаў у грамадстве, роўнасць усіх канфесій), цалкам супярэчаць рэальнай палітыцы, якая праводзіцца ў Беларусі. У нашай краіне не ідзе размова ні пра роўнасць канфесій, ні пра свабоду веравызнання”, — адзначае палітык на сайце БХД.

У якасці прыкладу сустаршыня БХД прывёў закрыццё па сутнасці адзінай прыватнай праваслаўнай школы, якая існавала ў Доме міласэрнасці. “Літаральна на днях яна была знішчана па непасрэдным загадзе міністра адукацыі, нягледзячы на тое, што школу курыраваў Фёдар Поўны — святар, набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі. Калі нават да набліжаных святароў адбываюцца такія жорсткія дзеянні, то што можна казаць пра астатнія рэлігіі і супольнасці, асабліва неправаслаўныя?” — задаўся пытаннем Віталь Рымашэўскі.

На яго думку, беларускія ўлады цалкам праводзяць палітыку ў духу СССР, дзе канфесіі ўспрымаліся варожа.

Што тычыцца прапановы пра сустрэчу папы Рымскага і патрыярха Маскоўскага ў Беларусі, то Віталь Рымашэўскі назваў гэта патрабаваннем з боку Аляксандра Лукашэнкі да Каталіцкага касцёлу ў Беларусі, за невыкананне якога могуць пайсці зноў рэпрэсіі ў выглядзе пераследу вернікаў ці высылкі замежных святароў.

«Такая сустрэча, безумоўна, залежыць не ад Аляксандра Лукашэнкі, ні нават ад Ватыкану ці патрыярха Кірыла. Рашэнне аб такой сустрэчы будзе прымацца ў Крамлі. Таму і пра Беларусь, як пра перамоўную пляцоўку, можна казаць вельмі ўмоўна», — адзначыў ён.