У Гомельскім цэнтры беларускай культуры адкрыліся курсы ўкраінскай мовы

Курсы ўкраінскай мовы адкрыліся 28 кастрычніка ў Гомельскім цэнтры беларускай мовы і культуры на вуліцы Кірава.

Фота svaboda.org

На першыя заняткі прыйшлі тры дзясяткі гараджанаў пераважна маладога ўзросту.

Кіраўнік украінскай дыаспары ў Гомелі Багдан Дземкіў распавеў, што такія курсы запачаткаваныя ўжо ў Мiнску, і гораду над Сожам, які аддзяляюць ад Украіны нейкія сорак кіламетраў, адставаць не з рукі.

Бальшасць прысутных, хто прыйшоў на першыя заняткі курсаў, маюць украінскія карані.

«Я нарадзілася ў Гомелі, — кажа Надзея Васевіч, — але бацькі мае з Украіны. Мама — з Ноўгараду-Северскага, а тата — з Мены. Прыйшла на курсы, бо хачу на слых успрымаць украінскую мову і, канешне, размаўляць на гэтай мове, калі бываю ва Ўкраіне. З дачкою Тацянай прыйшлі».

Спадарыня Тацяна, як і маці, эканаміст па прафэсіі:

«Бывае, даводзіцца па працы стасавацца з украінскімі арганізацыямі. Яны там гавораць па-ўкраінску, а я ня ўсё разумею. Размаўляю пераважна на расейскай мове, ведаю ангельскую. Хачу вывучыць і ўкраінскую. Па бацькавай лініі я беларуска, па матчынай — украінка».

Выкладаць украінскую мову пагадзілася Надзея Дрозд. Яна нарадзілася ва Ўкраіне, але жыве ў Гомелі. Замужам за беларусам. Прыйшла на заняткі ў нацыянальнай вышыванцы. У свой час скончыла інстытут у Кіеве.

Спадарыня Дрозд патлумачыла, што не збіраецца весці заняткі як для філолагаў. На курсах найперш будуць навучаць камунікацыі, стасункам, размоўнай мове, пиша Радые «Свабода».