У мінскі пракат выходзіць «Зямля. Адзін неверагодны дзень» у беларускай агучцы

У мінскі пракат выходзіць дакументальны фільм Бі-бі-сі «Зямля. Адзін неверагодны дзень» у беларускамоўнай версіі.

Здымачная група колькасцю ў сто чалавек, 38 лепшых аператараў сучаснасці пабылі ў 22 краінах і знялі кадры неверагоднай прыгажосці, здзіўляючы сваёй маштабнасцю і дэталёвасцю. Убачыць на вялікім экране, наколькі дзіўная і прыгожая наша планета, можна з 2 па 5 чэрвеня ў кінатэатры “Цэнтральны”.

Сонца ўзыходзіць над Зямлёй — і мноства жывых істот пачынаюць свой дзень, поўны кранальных, займальных і небяспечных падзей. Ігуаны ратуюцца ўцёкамі ад змей, панды ласуюцца парасткамі бамбуку, жырафы змагаюцца за сэрца «прыўкраснай дамы»... Жыццё ў афрыканскай саване, на бязлюдных выспах у Ціхім акіяне, у лясах Азіі і на марскім дне дзеецца па законах вострасюжэтнага баевіка, сентыментальнай меладрамы альбо ашаламляльнага трылера.

Рэжысёрам карціны стаў брытанскі пастаноўшчык, сцэнарыст і прадзюсар Пітэр Уэббер. У 2003 годзе на экраны выйшаў дэбютны мастацкі фільм рэжысёра «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» з Скарлет Ёхансан і Колінам Фёртам у галоўных ролях. Карціна атрымала тры намінацыі на «Оскар», дзве на «Залаты глобус» и дзесяць намінацый на Прэмію Брытанскай кінаакадэміі.

Фільм «Зямля. Адзін неверагодны дзень» з’яўляецца працягам дзвюх самых дарагіх дакументальных стужак «Зямля» (2007) и «Акіяны» (2009). У фільме няма акцёраў і толькі закадравы голас злучае прыроду і чалавека. Арыгінальную версію фільма агучыў Роберт Рэдфард, а кітайскую — Джэкі Чан. У рускай версіі апавядальнікам выступіў вядомы навуковец-заолаг і вандроўнік Мікалай Драздоў.

Па-беларуску фільм будзе паказаны ўпершыню і ў абмежаваным пракаце.