«Рыбку Поньё на ўцёсе» пакажуць у кіно па-беларуску

Праект «Беларускія ўікэнды» пры падтрымцы velcom пакажа ў беларускай агучцы мультфільм Хаяо Міядзакі «Рыбка Поньё». Прэм'ера фільма адбудзецца 21 чэрвеня ў 19:00 у сталічным кінатэатры «Масква».

Свае галасы героям мультфільма падаравалі беларускія акцёры Святлана Цімохіна, Святлана Анікей, Наталля Кот, Павал Харланчук, Алесь Малчанаў і тэлевядучы Яўген Перлін.

Паказы «Рыбкі Поньё на ўцёсе» пройдуць з 21 па 24 чэрвеня ў кінатэатры «Масква», з 26 па 27 чэрвеня — у кінатэатры «Піянер».

«Рыбка Поньё» — дзясяты па ліку поўнаметражны фільм Хаяо Міядзакі, уладальніка ганаровай прэміі «Оскар» за выдатныя заслугі ў кінематографе і аўтара такіх знакамітых работ, як «Знесеныя прывідамі» і «Хадзячы замак».

Сама стужка ў 2008 годзе была намінаваная на «Залатога льва» — галоўны прыз Венецыянскага кінафестывалю, — і ўдастоена дзвюх спецыяльных узнагарод гэтага прэстыжнага кінафоруму, а годам пазней стала лепшым анімацыйным фільмам па меркаванні Японскай акадэміі.

Пераклад і агучку фільма «Рыбка Поньё» на беларускую мову выканала кампанія «Кінаконг».

«Паказам фільма «Рыбка Поньё» праект «Беларускія ўікенды» адзначае своеасаблівы юбілей: гэта ўжо дзесяты фільм, які гледачы змаглі убачыць і пачуць па-беларуску ў рамках нашага супрацоўніцтва з кампаніяй velcom. Спадзяюся, наперазде нас чакаюць новыя дасягненні і рэкорды, а ўсіх аматараў кіно — шмат прыемных сюрпрызаў і цікавых фільмаў», — адзначыў кіраўнік праекта «Беларускія ўікенды» Андрэй Кім.

Перад пачаткам сеансу адбудзецца спроба ўсталяваць рэкорд па масавай зборцы фігурак арыгамі на час. Гледачы атрымаюць экспрэс-майстар-клас, а потым будзе дакладна тры мінуты на тое, каб скласці як мага больш папяровых рыбак. У выпадку ўстаноўкі рэкорду ён будзе афіцыйна зарэгістраваны ў Кнізе рэкордаў краін Балтыі і СНД «Дзіва».




Оставьте комментарий (0)