У Мінску пакажуць «Падымаецца вецер» Хаяо Міядзакі ў беларускай агучцы

У Мінску прадставяць адну з самых незвычайных работ японскага рэжысёра Хаяо Міядзакі ў беларускай агучцы. Карціна «Падымаецца вецер» з’явіцца ў пракаце 28-29 ліпеня ў кінатэатрах «Масква» і velcom cinema сеткі кінатэатраў Silver Screen.

 

 

На беларускую мову фільм перакладзены праектам «Беларускія ўікэнды» кампаніі «Кінаконг» пры падтрымцы velcom.

Анімацыя заснавана на падзеях з жыцця японскага авіяканструктара Дзіра Харыкосі, які стаў вынаходнікам вядомых японскіх знішчальнікаў, і яго каханні да хворай на туберкулёз дзяўчыны Наомі.

У аснове сюжэта таксама ляжыць апавяданне пісьменніка Тацуа Хоры «Падымаецца вецер» і верш французскага паэта Поля Валеры «Могілкі ля мора».

Упершыню «Падымаецца вецер» быў прадстаўлены публіке ў 2013 годзе на 70-м Венецыянскім кінафестывалі. У той жа самы кінасезон стужка атрымала прэмію Суполкі кінакрытыкаў Нью-Ёрка і прэмію Нацыянальнага савета кінакрытыкаў ЗША за лепшы мультфільм года, трапіла ў асноўныя конкурсныя намінацыі прэмій «Оскар» (2014) і «Залаты глобус» (2014).