У кінатэатрах Мінска пакажуць новы сямейны фільм «Мой сябар жырафа» на беларускай мове

Напярэдадні новага навучальнага года ў 15 кінатэатрах Мінска пакажуць фільм на беларускай мове для ўсёй сям’і. Сеансы новай стужкі «Мой сябар жырафа» рэжысёра Барбары Брэдэра (Нідэрланды) пройдуць з 30 жніўня па 12 верасня.

«Мой сябар жырафа» — гэта чароўная гісторыя аб моцным сяброўстве звычайнага хлопчыка і гаворачага жырафа па імені Раф. Фільм зняты паводле твора нідэрландскай казачніцы Ані Шмідт.

З 30 жніўня да 5 верасня ўключна фільм будуць паказваць у кінатэатрах «Аўрора», «Беларусь», «Дом кіно», «Кіеў», «Мір», «Кастрычнік», «Піянер», «Ракета», «Салют», «Цэнтральны» і Falcon club, а таксама ў кінатэатрах сеткі Silver Screen, уключаючы velcom cinema.

З 6 па 12 верасня фільм «Мой сябар жырафа» можна будзе ўбачыць у кінатэатрах «Аўрора», «Беларусь», «Кіеў», «Мір» і «Ракета». У кінатэатрах «Дом кіно» і «Піянер» апошнія сеансы стужкі пройдуць 8-9 верасня.

Спецыяльны прэм’ерны паказ з удзелам амбасадара Каралеўства Нідэрландаў Паўла ван Ааствейна адбудзецца ў кінатэатры «Масква» 30 жніўня ў 19:00.

 

 

Пераклад і беларускі дубляж фільма ў рамках праекта «Беларускія ўікэнды» выканала каманда «Кінаконг» пры падтрымцы кампаніі velcom.

«З кожным новым фільмам мы імкнемся зрабіць так, каб глядзець кіно на беларускай мове прыходзілі не толькі тыя, хто ўвесь чась на ёй размаўляе, але і тыя, хто б хацеў чуць родную мову часцей. Гэтым разам мы вырашылі зрабіць пераклад фільма, які будзе зразумелы і дарослым, і дзецям. «Мой сябар жырафа» — гэта вельмі добрая, павучальная гісторыя для ўсёй сям’і, ідэальны фільм для паходу ў кіно 1 верасня», — лічыць кіраўнік праекта «Беларускія ўікэнды» Андрэй Кім.