Зміцер Вайцюшкевіч выклаў у інтэрнэт свой новы альбом «Люблю»

Зміцер Вайцюшкевіч прадставіў у інтэрнэце новы альбом «Люблю» на вершы Уладзіміра Маякоўскага. Канцэртная прэзентацыя дыска ў Мінску адбудзецца 2 лістапада ў прасторы «Ок16».

Гэта ўжо другая сустрэча Вайцюшкевіча з вершамі Маякоўскага. Першая скончылася альбомам «MW» (2005), які сам спявак лічыць недасканалым. Новы дыск «Люблю» — гэта адначасова праца над памылкамі і крок наперад.

«Ён больш разнастайны па стылях: ад джазу і акадэмічнай музыкі да альтэрнатыўнага року ды хіп-хопу, — распавядае Вайцюшкевіч. — Да таго ж мінулым разам было зашмат словаў, а зараз я хацеў больш музыкі. Ну, і некалькі песень з першага альбома наноў перарабіў. Як мне падаецца, больш удала».

На альбоме «Люблю» вершы Маякоўскага двойчы гучаць па-беларуску: «Паслухайце» у перакладзе Рыгора Барадуліна і «Размова з фінінспектарам аб паэзіі» у перакладзе Віталя Рыжкова. Апошні таксама чытае рэп у адпаведнай песні.

 

 

«Можна наогул сказаць, што альбом «Люблю» — гэта супольны праект. У яго запісе бралі ўдзел музыкі гуртоў WZ-Orkiestra, Apple Tea, «Крама», а таксама беларуска-амерыканскі віаланчэліст Марк Прыходзька, гітарысты Сціў Крамер і Майк Рубін, хор «Канкордыя». Большасць з іх будзе граць і на канцэртнай прэзентацыі. Таму канцэрт сапраўды ўнікальны», — звяртае ўвагу Вайцюшкевіч.

Канцэртная прэзентацыя дыска адбудзецца ў зале «Ок16» (вул. Кастрычніцкая, 16). У першай частцы прагучыць новы альбом, у другой — лепшыя песні з іншых дыскаў Вайцюшкевіча.