Беларускі вечар у Вялікім тэатры: слуцкі пояс, “Сівая легенда” і старажытныя танцы

Убачыць гонар Беларусі — арыгінальны слуцкі пояс XVIII стагоддзя, пачуць музыкаў, якія граюць на дудах, патанчыць под старадаўнія напевы, атрымаць асалоду ад выдатных галасоў нашых салістаў, рушыць услед за Ўладзімірам Караткевічам і Дзмітрыем Смольскім у XVII стагоддзе. Усё гэта можна паспець зрабіць у адзін дзень — 6 лістапада ў Вялікім тэатры Беларусі.

На свята, якое беларускі Вялікі рыхтуе для сваіх гледачоў, можна прыходзіць ўжо а шостай гадзіне вечара. Менавіта ў гэты час адкрываюцца парадныя дзверы тэатра — і публіку сустракае фолк-гурт HardWood. Гэтая неверагодная музыка перанясе слухачоў як мінімум на чатыры стагоддзі таму — у часы непрыступных замкаў з высокімі вежамі, княжых баляў і паляванняў, шляхціцаў і нобіляў.

У 18:40 у фае тэатра каля Камернай залы ўрачыста адкрыецца выстава аднаго дня, дакладней — аднаго вечара. Музей старажытнай беларускай культуры пры Акадэміі навук прадставіць гонар Беларусі — арыгінальны слуцкі пояс XVIII стагоддзя, які ўпершыню пакіне музейныя прасторы.

Чаму адзін слуцкі пояс часам каштаваў даражэй, чым цэлая вёска? Чаму з часткі мужчынскага касцюма пояс ператварыўся ў сапраўдны твор мастацтва, прызнаны ва ўсім свеце? Пра ўсё гэта распавядзе дырэктар Музея старажытнай беларускай культуры Барыс Лазука. Пытанні яму можна будзе задаць як перад спектаклем, так і ў антракце і пасля заканчэння оперы.

На галоўнай сцэне Вялікага тэатра пакажуць шэдэўр нацыянальнага мастацтва — оперу «Сівая легенда» кампазітара Дзмітрыя Смольскага і аўтара лібрэта Ўладзіміра Караткевіча. Аматарам высокага мастацтва шмат пра што скажа імя рэжысёра-пастаноўшчыка оперы — увасобіў спектакль на сцэне Міхаіл Панджавідзе.

Выконваць галоўныя партыі 6 лістапада будуць сапраўдныя зоркі нашага Вялікага тэатра: народныя артысты Беларусі Ніна Шарубіна (Ірына), Сяргей Франкоўскі (Раман) і заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Аксана Волкава (Любка), Уладзімір Громаў (Кізгайла), Алег Мельнікаў (Найміт).

 За дырыжорскім пультам — маэстра Вячаслаў Чарнуха-Воліч. 

Кошт квіткоў на спектакль ад 4,5 да 80 рублёў, а пры прад'яўленні студэнцкага білета — зніжка на 50 адстоткаў.