Легендарны калядны фільм «Гэта цудоўнае жыццё» пакажуць у Мінску на беларускай мове

«Калядны марафон» ад праекта «Беларускія ўікэнды» працягваецца: з 22 да 25 снежня ў кінатэатрах Мінска можна будзе пабачыць адзін з галоўных калядных фільмаў усіх часоў — «Гэта цудоўнае жыццё» — на беларускай мове. Пераклад і агучку фільма выканала кампанія «Кінаконг» пры падтрымцы velcom.

«Гэта цудоўнае жыццё» — найстарэйшы фільм праграмы «Беларускіх уікэндаў» за два гады існавання праекта: рэжысёр Фрэнк Капра выпусціў стужку ў 1947 годзе.

Гэта карціна — «Іронія лёсу» амерыканскага кінематографа: штогод, пачынаючы з 1970-х, фільм паказваюць напярэдадні Раства па ўсім вядучым каналам ЗША. Сам рэжысёр, Фрэнк Капра, лічыў яго найлепшым у сваёй кар’еры. У 1947 годзе фільм быў намінаваны на прызы ў пяці катэгорыях прэміі «Оскар»: «Найлепшая мужчынская роля», «Найлепшы фільм», «Найлепшы рэжысёр», «Найлепшы гук» і «Найлепшы мантаж».

Галоўную ролю ў фільме выканаў Джэймс Сцюарт, яго жонку сыграла Донна Рыд, у вобразе бясстрашнага анёла Кларанса выступіў Генры Трэвэрс.

У цэнтры ўвагі фільма — гісторыя ўладальніка крэдытнай кампаніі Джорджа Бэйлі, спагадлівага сябра і сем’яніна. У маркоце ад зваліўшыхся на яго нягод Джордж падумвае звесці рахункі з жыццём. Нечакана на дапамогу герою, які заблытаўся, прыходзіць добры, але нявопытны анёл Кларанс, што больш за ўсё на свеце марыць заслужыць свае першыя крылы. Ён атрымае іх, толькі калі справіцца з заданнем і здолее адгаварыць Джорджа ад смяротнага граху. Але часу застаецца вельмі мала…

Паказы кранальнай рэтрамеладрамы пройдуць у рамках «Каляднага марафону» ад праекта «Беларускія ўікэнды». Агучаны па-беларуску фільм «Гэта цудоўнае жыццё» можна будзе ўбачыць з 22 да 25 снежня ў кінатэатрах «Масква» и velcom cinema.

 А ў пачатку студзеня на вялікіх экранах сталіцы адбудуцца паказы класічнай навагодняй камедыі «Адзін дома».