21 лютага па ўсёй краіне адбудуцца імпрэзы “Беларускамоўны” з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы

21 лютага з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы “Арт Сядзіба”, кампанія “Будзьма беларусамі!”, Cаюз беларускіх пісьменнікаў, ПЭН-цэнтр і SAY.BY праводзяць кампанію “Беларускамоўны” і запрашаюць далучацца да святкавання: цягам дня імпрэзы адбудуцца не толькі ў Мінску, але і ў Брэсце, Бабруйску, Віцебску, Гродне і Магілёве.

Распачнецца свята ў сталічнай кавярні “Грай” (вул. Інтэрнацыянальная, 33), дзе выступяць беларускія паэты і музыкі, сярод якіх — гурт AKUTE, UZARI, рэпер ANGST, Усевалад Сцебурака, Наста Кудасава, Марыя Мартысевіч, Стась Карпаў. Культурніцкая праграма будзе жывой і насычанай, а кожны ахвочы зможа ўзяць удзел у шоў “Самшазам” (аналаг гульні “Адгадай мелодыю”). Таксама на другім паверсе прасторы “Грай” будуць дзейнічаць пляцоўкі настольных гульняў, дзіцячых забаў і невялічкі кірмаш.

Уваход вольны, але варта зарэгістравацца.

 

Літаратурна-музычнай замалёўкай “Хутка вясна” адзначаць свята ў Брэсце. Літаратурную частку прадставіць пісьменніца Наталля Харытанюк, а музычную — Алесь Камоцкі і Алеся Сівохіна.

Прастора “Дзедзіч” (вул. Маякоўскага, 46). Пачатак а 18-й. Уваход вольны.

 

Магілёў наведае пісьменнік і журналіст Алесь Кіркевіч, які правядзе ў Цэнтры “Кола” (зав. Чкалава, 16) творчую сустрэчу. А клуб “Волат” прэзентуе магілёўцам сваю “Рыцарскую праграму”: выстава даспеху, сапраўдныя баёўкі на мячах ды шаблях, цікавыя факты пра ўзбраенне нашых продкаў, конкурсы.

Пачатак у 18.30. Уваход вольны.

 

У Гродне ў Цэнтры гарадскога жыцця (вул. Кірава, 3) адбудзецца канцэрт Змітра Вайцюшкевіча. Пачатак а 19-й. Уваход вольны.

 

22 лютага ў Віцебску ў арт-пабе “Торвальд” (вул. Талстога, 1) адбудзецца творчы вечар Андруся Такінданга. Пачатак а 19-й. Уваход вольны.

 

Завершыцца святкаванне Дня роднай мовы ў Бабруйску 23 лютага. У крэатыўнай прасторы "1387" (вул. Чангарская, 54) адбудзецца “Спеўны сход” са Змітром Вайцюшкевічам, а моўныя курсы “Мова Нанова – Бабруйск” адсвяткуюць сваё пяцігоддзе. Акрамя гэтага адбудуцца выступы мясцовых гуртоў.

Пачатак а 18-й. Уваход вольны