Гурт Akute прэзентаваў новы альбом “V”

Беларускі гурт Akute прэзентаваў свой пяты студыйны альбом, які называецца “V”. Музыканты працягнулі эксперыментаваць — фірмовы дыска-дэкаданс зайграў у электронным гучанні.

 

 

У альбом, які магілёўскія рокеры рыхтавалі каля года, увайшлі 8 трэкаў. У іх стварэнні прынялі ўдзел не толькі Akute, але і іншыя выканаўцы: магіляўчанін Дзяніс Астапаў («Грязь») зачытаў хіп-хоп у песні «Кома», а акцёрка Мары Ле Гал агучыла французскі тэкст у кампазіцыі «Самая халодная».

Па словах музыкантаў, альбом напісаны абсалютна па-іншаму, чым усе астатнія. Ад папярэдніх пласцінка адрозніваецца наяўнасцю новых інструментаў, якія раней не выкарыстоўваліся — гэта сінтэзатары, розныя мадэрновыя гукі і класічныя электронныя інструменты.

«У альбоме многа электронікі, якой раней у Akute не было, і гэта наш першы досвед працы з ёй. Альбом цалкам запісаны и зведзены намі на нашай студыі. Мы ўпершыню паспрабавалі сябе ў саунд-дызайне і змаглі аформіць песні менавіта так, як яны гучалі ў нас у галаве», — адзначае вакаліст Akute Станіслаў Мытнік.

У падтрымку альбома пройдзе тур Akute па Беларусі, які стартуе ўжо 12 красавіка ў Віцебску. Далей пачуць новы сінтэзатарны альбом у жывым выкананні змогуць Гомель, Магілёў, Мінск, Брэст і іншыя гарады.

 

Віцебск, 12 красавіка — «Бітлз-клуб»

Гомель, 13 красавіка — бар «Кватэрнік»

Магілёў, 14 красавіка — CUBA night club

Мінск, 20 красавіка — клуб RE:PUBLIC

Брэст, 18 мая — Coyote