Фестываль беларускай музыкі “Басовішча” адбудзецца ў апошні раз

Чарговы, ужо трыццаты фестываль музыкі маладой Беларусі ў Польшчы “Басовішча будзе апошнім, які зарганізуе Беларускае аб’яднанне студэнтаў (БАС).

Падставай для гэтага стала складаная фінансавая сітуацыя, якая не дае магчымасці правесці мерапрыемства на высокім узроўні.

“Гэта было нялёгкае рашэнне, — кажа Лідзія Пякарская, член галоўнай управы БАС. — Але трэба мець адвагу і прызнацца самім сабе, што так будзе найлепш”.

Члены аб’яднання сардэчна дзякуюць усім за падтрымку на працягу трыццаці гадоў. А таксама усім папярэднім басаўцам, выступоўцам, журы конкурсу маладых гуртоў, якое дапамагала знаходзіць зорак беларускай сцэны.

“Сёлетні фестываль будзе апошнім, які арганізуе БАС. Чакаем аднак, што прынясе будучыня”, — дадае Лідзія Пякарская.

“Басовішча-2019” адбудзецца 19-20 ліпеня ў Гарадку, урочышча Борык. Сярод сёлетніх хэдлайнераў Volski, “Крама”, “Дзецюкі, NaviBand”, Re1ikt, Znich.

На падтрымку фестывалю абвешчаны збор сродкаў. Плануецца сабраць 15 тысяч злотых (каля 8 тысяч рублёў), і 11 тысяч ужо ёсць.

24 траўня ў мінскім клубе “Берлін” (Тучынскі завулак 2А) адбудзецца апошняе “Адборышча” — адборачны тур маладых музыкантаў, лепшыя з якіх паедуць у конкурсную частку. Удзел возьмуць восемь калектываў: luty sakavik, анты-кавербэнд "Гарадскі Вал", BarRokka, Harmonix College, Skroź, Paulinn, Atesta, Fishtank, а таксама леташні пераможца — Snop Snoū. Уваход вольны.

***

Беларускае аб’яднанне студэнтаў — арганізацыя, якая дзейнічае з 1981 года і аб’ядноўвае студэнтаў беларускай меншасці ў Польшчы. Ад самага пачатку члены аб’яднання імкнуліся захоўваць і пашыраць беларускую мову і культуру. Апрача “Басовішча”, БАС арганізуе вандроўкі па Падляшшы і Дзень Волі ў Беластоку.