Новы фільм Джэймса Франка «Нулявуд» выходзіць па-беларуску амаль адначасова з сусветнай прэм’ерай

У сусветны пракат 13 верасня выйшаў новы фільм Джэймса Франка Zeroville, а ўжо 19 верасня ў Мінску ў кінатэатрах VOKA CINEMA і Silver Screen прэм’еру прадставяць на беларускай мове. У агучцы «Нулявуда» ўзялі ўдзел вядомыя артысты і музыканты.

Галоўныя героі гавораць з экрана галасамі вядомых акцёраў беларускіх тэатраў — Алега Гарбуза, Крысціны Дробыш, Андрэя Мілюхіна, Таццяны Ружаўскай. У агучцы таксама ўдзельнічалі музыканты — Аляксандр Памідораў, Бенька, Ілля Чарапко, Іван Вабішчэвіч.

Жаргон, жарты, лаянка (а фільм 18+) — усё гэта было захавана і ў перакладзе на беларускую мову. Асобнае задавальненне — у гуку: упершыню беларускі пераклад з мовы арыгіналу можна будзе пачуць у прынцыпова новым аб’ёмным фармаце 5.1.

Фільм быў гатовы яшчэ ў 2014 годзе, але з-за праблем кампаніі-пракатчыка яго прэм’ера зацягнулася. За гэты час Джэймс Франка паспеў выпусціць сваю наступную карціну «Гора-творца» і атрымаць за яе намінацыю на «Оскар», а таксама «Залаты глобус» за акцёрскую работу ў гэтым фільме.